Вабіць магія сцэны

Лента новостей

2Тэатральнае мастацтва ў нашым раёне прадстаўлена дзейнасцю народнага тэатра “Магія гульні” РДК, узорнага маладзёжнага тэатральнага калектыву “Сонейка” Малабераставіцкага ЦДК, народнага драматычнага калектыву “Вяскоўцы” Алекшыцкага ЦДК і шэрагам гурткоў сцэнічнага майстэрства, адкрытых пры Дамах культуры і клубах. Зразумела, калектывы ўсе аматарскія, іх нельга параўноўваць з прафесійным тэатрам, аднак радуе нават ужо той факт, што сярод жыхароў раёна, як дарослых, так і юных, ёсць прыхільнікі Мельпамены, якіх вабіць сцэна і жаданне пераўвасаблення.

–У гарадскім пасёлку ёсць нямала творчых людзей, якія ўпэўнена трымаюцца на сцэне, маюць акцёрскія здольнасці, – кажа рэжысёр народнага тэатра “Магія гульні” раённага Дома культуры Марына Хаменя. – І мы заўсёды рады тым, хто вырашыў паспрабаваць сябе ў тэатральным жанры. Сярод самых актыўных удзельнікаў народнага тэатра “Магія гульні” хачу назваць Дзмітрыя Бозыра, Яўгена Волкава, Паўла Каржанеўскага, Віталія Масюка, Уладзіміра Пруднікава, Аляксандру Міцкевіч і Алёну Варонік. Алёна, дарэчы, распрацоўвае для пастановак усе харэаграфічныя элементы. У маі наш калектыў будзе пацвярджаць званне “народнага”, таму мы цяпер старанна рэпетыруем п’есу-містыфікацыю Сяргея Кавалёва “Звар’яцелы Альберт” па матывах твораў Яна Баршчэўскага. З гэтым спектаклем, безумоўна, выступім і на раённай сцэне.
Рыхтуюцца да абласнога агляду-конкурсу дзіцячых тэатральных калектываў і юныя ўдзельнікі гуртка акцёрскага майстэрства “Балаганчык” пад кіраўніцтвам рэжысёра аддзела па рабоце з моладдзю раённага Дома культуры Аляксандры Міцкевіч. П’еса-казка “Чемоданчик чепухи, или быстро хорошо не бывает”, над якой працуюць юныя акцёры, – пазнавальна-выхаваўчага характару. Твор разлічаны на аўдыторыю школьнікаў і прымушае задумацца аб выбары будучай прафесіі. Сярод найбольш актыўных і здольных гурткоўцаў – Паліна Буканава, Кацярына Цыхун, Ліза Готта, Алена Філюшкіна і іншыя.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара

На здымку: Марына Хаменя, Павел Каржанеўскі, Аляксандра Міцкевіч і Яўген Волкаў падчас рэпетыцыі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *