Гэта ўжо не першая кніжка, якая выдаецца тут. І гэта вельмі добра, што акрамя абслугоўвання чытачоў кнігамі ў гэтай установе займаюцца яшчэ складаннем даведнікаў розных накірункаў, выданнем кніжак мясцовых паэтаў і краязнаўцаў. Тут убачылі свет зборнікі вершаў Святланы Пракопік, Міколы Барэля, Сяргея Габрусевіча, краязнаўча-даследчыя работы Андрэя Втарушына, Мікалая Пацэнкі і іншых аўтараў. З імі можна пазнаёміцца ў раённай і сельскіх бібліятэках.
У апошні час прыкметна ўзрасла цікавасць у людзей да гісторыі роднага краю. А гісторыя таго ці іншага рэгіёна – гэта і біяграфіі людзей, якія нарадзіліся ў ім і праславілі яго за сотні і тысячы кіламетраў ад родных мясцін. І часцей за ўсё мы не ведаем ці мала што ведаем аб нашых земляках – творцах навукі, культуры, літаратуры, якія жылі ці жывуць далёка ад нас.
Аб такіх людзях, апантаных навукай, і апавядае выдадзены даведнік. Артыкулы аб 35 навукоўцах, іх біяграфічныя даведкі падаюцца ў алфавітным парадку. Хто ж яны, гэтыя людзі? Некаторыя з іх нам ужо знаёмы па кнізе “Памяць”, з некаторымі мы сустракаемся ўпершыню. Вось прыклад. Міхаіл Ігнацьевіч Адляніцкі-Пачобут нарадзіўся яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя (1910 год). Яго асабістае жыццё і навуковая дзейнасць звязаны з Польшчай. У 1939 годзе ён закончыў Варшаўскі палітэхнічны інстытут па спецыяльнасці геадэзія. Пасля вызвалення Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў займаўся геадэзічнай здымкай і адначасова выкладаў у вышэйшых навучальных установах, у тым ліку і ў Кракаўскай акадэміі, дзе пэўны час працаваў дэканам, прарэктарам. З 1951 года ён – прафесар, з 1989 года – акадэмік Польскай акадэміі навук, аўтар 260 навуковых прац. У даведніку пералічваюцца яго найбольш значныя кнігі і даследаванні. Не стала нашага земляка ў 2004 годзе.
А вось лёс нашай зямлячкі, доктара гістарычных навук, прафесара Клаўдзіі Уладзіміраўны Чушынскай звязаны з Расіяй. У далёкім 1955 годзе пасля заканчэння Малабераставіцкай школы па камсамольскай пуцёўцы яна паехала на будоўлю металургічнага завода ў Расію, у горад Уладзікаўказ.. А потым тут жа закончыла педагагічны ўніверсітэт, аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук у Маскве. Потым працавала выкладчыкам, загадчыкам кафедры у Расійскай акадэміі дзяржаўнай службы, у адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Барыса Ельцына. Яна з’яўляецца аўтарам многіх кніг. У даведніку пералічваюцца найбольш значныя з іх.
І такая методыка артыкулаў прымяняецца ў адносінах да кожнага навукоўца.
Хочацца адзначыць, што складальнік даведніка, загадчык аддзела раённай бібліятэкі Валянціна Іосіфаўна Чыкун зрабіла вялікую работу, падрыхтаваўшы такую кніжку, якая будзе цікавай і карыснай, як для школьнікаў, так і для дарослых.
Мікалай Пацэнка, супрацоўнік музея Вавёркі