7 мая біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч наведаў Вялікую Бераставіцу, каб удзяліць сакрамэнт канфірмацыі шматлікім вернікам як мясцовай парафіі, так і парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Малой Бераставіцы.
Сакрамэнт канфірмацыі — гэта сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Праз яго чалавек атрымлівае дары Святога Духа, якія ўзмацняюць яго сувязь з Касцёлам, больш цесна ўключаюць у хрысціянскую супольнасць і дапамагаюць сведчыць пра сваю веру і словамі, і ўчынкамі. Той, хто прымае гэты сакрамэнт, павінен стаць сапраўдным вучнем Хрыста, які не саромеецца сваёй веры і не баіцца абараняць яе.
Моладзь і дарослыя на працягу года старанна рыхтаваліся да гэтай важнай падзеі ў сваім жыцці, на ўрачыстую святую Імшу, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч, прыбыло шмат вернікаў і святары з дэканата.
На пачатку Імшы біскупа шчыра прывіталі самыя маленькія вернікі з Вялікай Бераставіцы, моладзь і дарослыя выказалі ўдзячнасць за магчымасць атрымаць адзін з галоўных сакрамэнтаў.
Аляксандр Кашкевіч падзякаваў за сардэчны прыём і запрасіў усіх да супольнай малітвы за тых, хто рыхтуецца прыняць дары святога Духа.
Кандыдаты перад прыняццем сакрамэнту канфірмацыі аднавілі свае прысягі хросту і звярнуліся з просьбай да біскупа аб удзяленні сакрамэнту Святога Духа. Разам са сваімі сведкамі яны падыходзілі да біскупа і праз ускладанне рук і намашчэнне хрызмам атрымлівалі незнішчальны знак вызнаўцаў Хрыста.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў радасць, што праз сакрамант хрысціянскай сталасці парафія ўзбагацілася новымі рыцарамі арміі Хрыстовай, і прыпомніў маладым людзям аб тым, што дзе б яны ні былі, усюды павінны даваць сведчанне сваёй веры. Ён падзякаваў усім, хто падрыхтаваў гэтую ўрачыстасць, і адзначыў, што святыня ў Вялікай Бераставіцы значна змянілася за апошнія гады, папрыгажэла, дзякуючы клопатам ксёндза-пробашча а.Вальдэмара Слоты, але галоўнае, што яна не пустуе, тут шмат моладзі і дарослых вернікаў, цудоўны хор і прыкладная літургічная служба. Біскуп пажадаў усім быць моцнымі ў веры і заўсёды аддаваць сябе пад апеку Найсвяцейшай Маці, якую Каталіцкі Касцёл асаблівым чынам ушаноўвае ў маі.
На заканчэнне святой Імшы тыя, хто атрымаў сакрамэнт духоўнай сталасці, выказалі ўдзячнасць усім, хто дапамагаў ім падрыхтавацца да прыняцця дароў святога Духа, і паабяцалі быць годнымі сведкамі Уваскрослага Хрыста і жывым Евангеллем для іншых людзей.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара