Бізнес — стратэгія СВК “Алекшыцы”

Лента новостей

000145_941226СВК “Алекшыцы” – гаспадарка з моцнай матэрыяльнай базай і выдатным “чалавечым фактарам”. Тутэйшы комплекс па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы сельгаскааператыву шмат гадоў сярод лепшых у рэспубліцы, а па надоі малака на карову за мінулы год тут пераўзыдзена васьмітысячная планка. Усё гэта немагчыма было б без добрай тэхнікі і моцнай кармавой базы, а таксама без поспехаў у раслінаводстве. Пры ўмелай стратэгіі сельгаскааператыву па плячу далейшае дынамічнае развіццё. А да сёлетняй абароны мерапрыемстваў тут распрацавалі новыя прадуманыя абгрунтаваныя планы.
Наперадзе новы адказны вытворчы экзамен – вясеннія палявыя работы. Азотных угнаенняў у гаспадарцы ёсць 65 працэнтаў пад яравыя культуры і на адну падкормку азімых. На закуп фосфарных і калійных выдзелены сродкі пад поўную патрэбу.
Збожжа ў вазе пасля дапрацоўкі ў СВК “Алекшыцы” запланавалі ў гэтым годзе атрымаць 63,5 цэнтнера з гектара, цукровых буракоў – 639, бульбы – 400, рапсу – 30,6. Спадзяюцца алекшыцкія аграрыі мець выхад кармавых адзінак з аднаго гектара сельгасугоддзяў – 66,7. На адну ўмоўную галаву жывёлы траў трэба нарыхтаваць 24,8 цэнтнера кармавых адзінак. Сена запланавалі насушыць 1161 тону, выхад сіласу давесці да 25528 тон, сенажу – да 14368.
Калі валавы надой у мінулым годзе ў гэтай гаспадарцы быў 7652 тоны, дык у гэтым запланавалі павялічыць яго да 7830 тон.
Мяса буйной рагатай жывёлы трэба атрымаць у жывой вазе 1954 тоны пры сярэднясутачнай прывазе 939 грамаў. Гэта дастойны паказчык, і па сілах ён толькі вопытным і моцным гаспадарам. Для гэтага будзе і далей паляпшацца генетычны патэнцыял жывёлы з выкарыстаннем для штучнага асемянення матэрыялу быкоў перспектыўнай высо­капрадуктыўнай галш­цінскай пароды. У сельгаскааператыве на жывёлагадоўчых аб’ектах створаны ўсе неабходныя ўмовы для ўтрымання і кармлення жывёлы з выкарыстаннем стартэрных камбікармоў, што забяспечыць належныя тэхналагічныя прывагі па адпаведных перыядах вырошчвання. Цялушкі будуць асемяняцца ва ўзросце 14 – 15 месяцаў пры вазе 400 – 420 кілаграмаў. Кожны месяц тут плануюць асемяняць 40 – 45 галоў. Гэта забяспечыць своечасовую замену нізкапрадуктыўных кароў і павялічыць прадуктыўнасць дойнага статка.
Калі будуць выкананы планы па рэалізацыі прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, выручка (без падатку на дабаўленую вартасць) складзе 112,9 працэнта да ўзроўню 2013 года. Рэнтабельнасць продажу прадукцыі дасягне 12,5 працэнта.
Па прагнозу, інвестыцыі ў асноўны капітал у СВК “Алекшыцы” ў гэтым годзе складуць 10,3 мільярда рублёў. Будзе завершана будаўніцтва 4-кватэрнага дома і плануецца пачаць яшчэ адзін. У полі зроку і далейшае добраўпарадкаванне.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *