Бібліятэчныя навіны Бераставіччыны

Лента новостей

Юбілею  Янкі Купалы  прысвячалася
У філіяле “Дзіцячая бібліятэка” прайшла літаратурна-паэтычная гадзіна да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. Знаёмства юных чытачоў з творчасцю знакамітага беларускага паэта адбылося праз бібліяграфічны агляд літаратуры, прадстаўленай на кніжнай выставе пад назвай “Пясняр роднай зямлі”. Наведвальнікам бібліятэкі было прапанавана таксама прачытаць уголас вершы Янкі Купалы.
У філіяле «Конюхоўская інтэграваная сельская бібліятэка» адбыліся гучныя чытанні «З паэтычнай крыніцы Купалы і Коласа». Падчас мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з жыццём і творчасцю беларускіх класікаў, пасля чаго ўсе разам прачыталі верш Янкі Купалы «Улетку» і казку Якуба Коласа «Леў і воўк».
Каб аб’яднаць аматараў беларускай мовы, а таксама знаўцаў і прыхільнікаў творчасці Янкі Купалы, бібліятэкары філіяла “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” прапанавалі ўсім жадаючым прыняць удзел у віктарыне па жыцці і творчасці паэта. На сустрэчы наведвальнікі пазнаёміліся з кніжнай выставай “Дыяменты беларускага пісьменства”, а таксама прачыталі ўрыўкі з твораў Янкі Купалы.
Паколькі 2017-ы год азнаменаваны 135-гадовым юбілеем класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, у філіяле “Пагранічная сельская бібліятэка” дзейнічае пастаянная кніжная выстава “Мы нашчадкі Купалы і Коласа”. У дзень юбілею Янкі Купалы для самых юных чытачоў быў праведзены агляд літаратуры з гэтай выставы. А потым адбылося праслухоўванне аўдыёкнігі вершаў паэта ў выкананні акцёра Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Валерыя Шушкевіча.

Год навукі:
ведаць лепшых
У філіяле “Дзіцячая бібліятэка” адбылася прэзентацыя краязнаўчай брашуры мясцовага аматара гісторыі Андрэя Втарушына пад назвай “Прафесар скульптуры з Вялікіх Эйсмантаў”. Выданне прысвечана жыцці і дзейнасці ўраджэнца Вялікіх Эйсмантаў, першага прафесара скульптуры на Беларусі Казіміра Ельскага. Юныя чытачы пазнаёміліся і з іншымі выданнямі аб знакамітым прафесары, прадстаўленымі на адпаведнай кніжнай выставе.
У філіяле “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” прайшла інфармацыйная гадзіна “Геніі сусветнай культуры і навукі”. Юныя наведвальнікі даведаліся пра дзесяць найважнейшых вынаходніцтваў чалавецтва і найвялікшых навукоўцаў свету. Цікавасць у прысутных выклікала мультымедыйная прэзентацыя “Славутыя дзеячы навукі і культуры Беларусі”, гаворка ў якой ішла аб першых на Беларусі пачынальніках археалогіі Канстанціне і Яўстафіі Тышкевічах. Героямі прэзентацыі сталі таксама беларускія даследчыкі, класікі і гісторыкі Яўхім Карскі, Янка Купала і Якуб Колас, Усевалад Ігнатоўскі.
Падрыхтавала Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *