Мерапрыемствы ў рамках святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі ў нашай краіне ўжо распачаліся. Дата гэтая – вельмі важная ў лёсах народаў Беларусі, Расіі і Украіны. І адзначацца яна будзе на самым высокім узроўні ў кожнай з гэтых дзяржаў. Не пройдзе незаўважаным славуты юбілей праваслаўнага хрысціянства і ў нашым раёне. Абмеркаванню менавіта гэтай тэмы быў прысвечаны раённы семінар бібліятэкараў сельскіх бібліятэк-філіялаў Бераставіцкай РЦБС, школьных і інтэграваных бібліятэк, які адбыўся ў чацвер, 20 чэрвеня.
Да ўдзелу ў семінары былі запрошаны свяшчэннікі – настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў г.п.В.Бераставіца протаіерэй Віталій Яроміч і настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў аг.Алекшыцы протаіерэй Сергій Гмір. Адкрыла семінар дырэктар Бераставіцкай РЦБС Таццяна Марцішэвіч, якая падкрэсліла значнасць для ўсяго грамадства надыходзячага юбілею. Айцец Віталій зрабіў невялічкі экскурс у гісторыю праваслаўнага хрысціянства і непасрэдна Хрышчэння Русі. Выступленні спецыялістаў райбібліятэкі – намесніка дырэктара Бераставіцкай РЦБС Святланы Станкевіч, бібліятэкара аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ірыны Рожка, загадчыка дзіцячай бібліятэкі-філіяла Аксаны Кумпель і метадыста аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталлі Багдановіч – датычыліся ролі праваслаўнай кнігі ў духоўным адраджэнні грамадства і ў маральным выхаванні школьнікаў, эфектыўнасці сумеснай дзейнасці царквы і бібліятэчных ўстаноў. Вялася гаворка аб укараненні бібліятэкарамі ў работу новых форм і метадаў, накіраваных на падтрыманне больш цесных сувязяў з праваслаўнымі прыходамі.
Адбыўся абмен вопытам работы бібліятэк па духоўнаму выхаванню сям’і і грамадства ў цэлым. Перад калегамі выступілі бібліятэкар Алекшыцкай СБ Вольга Барысевіч і бібліятэкар Пагранічнай ПБ Надзея Кобрынец. Дырэктар Бераставіцкай РЦБС Таццяна Марцішэвіч пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з гісторыяй праваслаўных храмаў Бераставіччыны. Увазе бібліятэкараў раёна была прапанавана таксама цікавая і змястоўная кніжная і фота-выстава “Святыя заступнікі Гродзеншчыны”, якая цяпер дзейнічае ў чытальнай зале. Адбылася экскурсія па райбіблітэцы і яе новых экспазіцыях. Быў зацверджаны і абмеркаваны план мерапрыемстваў, прысвечаных 1025-годдзю Хрышчэння Русі, якія будуць праводзіцца ў бібліятэках раёна.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара