Бібліятэкі Бераставіччыны далучыліся да свята матуль

Лента новостей

Сярод шматлікіх святаў у нашай краіне Дзень маці займае асаблівае месца. Мама – самы галоўны чалавек у жыцці кожнага з нас. І 14 кастрычніка існуе яшчэ адна выдатная нагода прызнацца нашым матулям у любові, выказаць ім словы ўдзячнасці за цярпенне, клопат, ласку. А яшчэ тэма мацярынскай любові і самаадданага жыцця – гэта невычэрпная крыніца натхнення для пісьменнікаў і паэтаў. Колькі мастацкіх твораў напісана пра матуль! Аб самых вядомых з іх нагадалі ў бібліятэчных філіялах, наладзіўшы ў рамках Тыдня маці тэматычныя кніжныя выставы і сустрэчы.

Так, у дзіцячай бібліятэцы для юных чытачоў правялі прэзентацыю выставы пад назвай «Сонца вам і кветак, дарагія мамы!». У Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы пачала дзейнічаць выстава «Сэрца маці – невычэрпная крыніца цудаў», у Пагранічнай сельскай бібліятэцы – выстава «Мудрасць і дабрыня – гэта мама мая», а ў Алекшыцкай – кніжная экспазіцыя «Мама мая святая». Дзіцячая літаратура для самых маленькіх прадстаўлена на выставе «Мама – сонейка маё» ў Масалянской сельскай бібліятэцы. З вершамі пра матулю можна пазнаёміцца ​​на выставе пад назвай «Вялікае святое слова – мама!» у Канюхоўскай інтэграванай сельскай бібліятэцы.
Выставы ўтрымліваюць мастацкую літаратуру, у тым ліку ваеннай тэматыкі, кнігі аб знакамітых жанчынах, жанчынах-легендах, жанчынах-святых.
Якім паўстае вобраз маці ў паэтычных творах і на палотнах мастакоў – пра гэта таксама раскажуць экспазіцыі. У іх назвах гучыць ўдзячная і шчырая любоў да матуль. Зрэшты, асаблівая аўра цеплыні вызначыла і атма-сферу мерапрыемстваў, якія на гэтым тыдні прайшлі ў бібліятэках Бераставіцкага раёна і былі прысвечаны матулі. Напрыклад, у Пагранічнай сельскай бібліятэцы адбыўся вечар-камплімент «Вартыя любові, пашаны, павагі». На мерапрыемства былі запрошаны трэцякласнікі. Бібліятэкары нагадалі вучням пра гісторыю ўзнікнення свята Дня маці, пра яго сувязь з рэлігійным святам Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Юныя чытачы з ахвотай прачыталі ўголас вершы, прысвечаныя мамам, і з натхненнем расказалі пра сваіх матуль. Гучныя чытанні з удзелам школьнікаў у рамках Тыдня маці адбыліся таксама ў Канюхоўскай сельскай бібліятэцы. Дзеці прынеслі з сабой малюнкі з выявамі сваіх любых мам.
***
Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню маці пройдуць і ў іншых бібліятэчных ўстановах.
Святлана Ганчарова,
фота з архіва райбібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *