Быць маці — самая галоўная прафесія

Лента новостей Общество

Жанчына можа займаць розныя пасады, мець не адну вышэйшую адукацыю, добра разбірацца ў тэхніцы і палітыцы. але толькі тады, калі трымае ў руках немаўля, якому сама дала жыццё, яна разумее, што ў поўні рэалізавала свой патэнцыял. Бо няма на зямлі  вышэйшай місіі для жанчыны, чым быць маці, даваць пачатак новаму жыццю.
Ірына Белабокая з аграгарадка Пагранічны шчасце мацярынства пазнала ўжо тройчы. Гледзячы на гэтую маладую, стройную і прыгожую дзяўчыну, нават і не скажаш, што ў яе трое дзетак.  Але яны самі аб гэтым вельмі хутка напомнілі, прыбеглі ў пакой і, зручна ўладкаваўшыся вакол мамы, падрыхтаваліся прыняць удзел у размове.
— Вось яны, маё шчасце, — усміхаючыся, Ірына Аляксееўна пачынае знаёміць мяне з дзецьмі.
– Старэйшай, Дашы, шэсць год, яна ўжо першакласніца. Лізе чатыры гады, яна ходзіць у яслі-сад, а самаму малодшаму, Кірылу, год і дзевяць месяцаў.
А самой маладой маме яшчэ толькі дваццаць восем гадоў, і сем з іх яна замужам за Віктарам
Белабокім, галоўным аграномам КСУП “Пагранічны-Агра”.
— Прыехала я сюды на адпрацоўку пасля заканчэння Ваўкавыскага аграрнага каледжа, — расказвае Ірына Аляксееўна, — пачала працаваць вагаўшчыком, і амаль адразу  малады галоўны аграном стаў прыязджаць да мяне, цікавіўся, як працуецца, дапамагаў разбірацца
з дакументамі, заставаўся на чай. Віктар практычна кожны дзень мяне наведваў, але я думала, што гэта ён проста апякуецца мной як маладым спецыялістам. Ды ўжо калегі сталі гаварыць: “Іра, ты звярні ўвагу, відаць, не проста так ён сюды прыязджае, падабаешся ты яму”. Сустракаліся мы нядоўга, якраз здаваўся новы калгасны дом, а старшыня абяцаў
кватэру і Віктару. Ён нас паклікаў і сказаў: “Распісвайцеся, і я вам даю кватэру”. Таму доўга думаць не прыйшлося, пажаніліся і не шкадуем аб гэтым. Наш тата вельмі добры, надзейны, сумленны чалавек, дапамагае мне ва ўсім. Цяпер ён якраз на сесіі, атрымлівае другую
вышэйшую адукацыю.
Ірына Аляксееўна запрашае мяне за стол, пачаставацца хатняй выпечкай. Дзяўчынкі адразу
пачынаюць расстаўляць талеркі і шклянкі, як сапраўдныя маленькія гаспадыні. Відаць, што дапамагаць маме яны прывучаныя.
— Даша ўжо можа і пыл выцерці, і падлогу прапыласосіць, і Кірыла спаць пакласці, — адзначае Ірына Аляксееўна. – Нават просіць мяне, каб я вучыла яе гатаваць. Вядома, з малымі дзецьмі цяжка, кожнае патрабуе ўвагі. Але галоўнае, што муж гэта разумее і дапамагае. Ён і ноччу можа ўстаць да дзяцей, і пакорміць іх, і спаць пакладзе. Не кожны мужчына так робіць, мне ў
гэтым плане вельмі пашчасціла.
— А яшчэ мы з татам вельмі любім гуляць на вуліцы, — дапаўняюць Даша з Лізай. — Катаемся на веласіпедзе і самакаце, а зімой гуляем у снежкі і лепім снежную бабу. Ён возіць нас у Гродна ў піцэрыю, аквапарк, гульнявыя пакоі.
Пакуль Белабокія жывуць у калгаснай кватэры, а пасля нараджэння Кірыла пачалі будаваць
свой дом, плануюць пераехаць у яго ўжо наступным летам.
— Адразу я думала, што ў нас будзе двое дзяцей, бо сама з мнагадзетнай сям’і і ведаю, як цяжка падымаць траіх, — гаворыць Ірына. — Але першымі нарадзіліся дзве дачкі, а тата вельмі сына хацеў. А цяпер нават не магу сабе ўявіць, што кагосьці з дзяцей магло б не быць. Яны ўсе жаданыя і любімыя.
Я цікаўлюся ў Ірыны Аляксееўны, што для жанчыны важней: сям’я ці кар’ера?
— Адназначна сям’я, — упэўнена мая субяседніца. – А кар’еру можа і мужчына зрабіць. Сям’я
трымаецца на жанчыне, ад яе ўсё залежыць. Быць мамай – гэта такая вялікая адказнасць Гэта таксама прафесія, гэта цяжкая праца часам і 24 гадзіны ў суткі, бо калі дзеці хварэюць, то і ноччу не спіш.  Але як прыемна прачынацца, калі дзеці прыбягаюць у пакой, прытуляюцца да цябе, абдымаюць сваімі дзіцячымі ручкамі. Вельмі  хочацца вырасціць іх добрымі  людзьмі, навучыць разумець, што такое дабро і што такое зло, даць ім добрую адукацыю і ўсё тое, чаго мы самі можа не даатрымалі ў дзяцінстве. Хочацца, каб яны  былі дружнымі, падтрымлівалі адзін аднаго. У гэтым шчасце кожнай маці.
Маладая мама гатова аддаваць дзецям без астатку сваю любоў, клопат і ласку. Яны адказваюць ёй узаемнасцю, называючы сваю маму самай разумнай, прыгожай і добрай.
Гледзячы на іх сям’ю, разумееш, што тут пануюць узаемадапамога, павага, згода і каханне. А душу гэтай сям’і надае менавіта яна, жанчына – маці.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *