“Быць маці –галоўная прафесія”

Актуально Лента новостей Общество

Жанчына шчаслівая, калі побач з ёй знаходзіцца надзейнае мужчынскае плячо. А ўявіце сабе, колькі ўвагі і мужчынскага клопату атрымлівае жанчына, з якой побач не адзін,  а цэлых пяць мужчын, як у Алены Анішчык з вёскі Паплаўцы.

Аднаго сама сабе   выбрала, а астатніх  — нарадзіла, — жартуе Алена Міхайлаўна. — І цяпер я шчаслівая жонка і маці чатырох цудоўных сыноў.

Алена Анішчык працуе  спецыя­лістам па паштовай дзей­насці ў Бераставіцкім участку паштовай сувязі, яе працоўны стаж ужо дасягае амаль 20 гадоў, прычым, практычна ў адной сферы дзейнасці.

— Пачынала бухгалтарам у Бераставіцкім РУПС, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Потым  пэўны час працавала там аператарам, а пасля выхаду з першага дэкрэтнага адпачынку ўзначаліла паштовае аддзяленне “Паплаўцы”. Затым была начальнікам аддзялення “Бераставіца-1”, а пасля выхаду з апошняга адпачынку па догляду за дзіцём вырашыла на некаторы час паспрабаваць сябе бухгалтарам у прыватным прадпрыемстве, але хутка зноў вярнулася на пошту,  бо ўсё ж гэта сфера мне бліжэй. Цяпер працую не на поўную стаўку, так як муж часта адсутнічае дома — ён у мяне вадзіцель-дальнабойшчык, а дом і дзеці патрабуюць пастаяннай увагі.

І муж, і жонка Анішчыкі засталіся будаваць сваё жыццё на малой радзіме.

Алена Міхайлаўна нарадзілася і вырасла ў Ёдзічах, закончыла Паплаўскую базавую школу, пасля паступіла ў Гродзенскае вышэйшае прафесійнае вучылішча лёгкай прамысловасці, дзе атрымала спецыяльнасць бухгалтара.

Яе муж,  Андрэй Аляксеевіч, таксама мясцовы — родам з Малой Бераставіцы.

— Хоць жылі і недалёка адзін ад аднаго, але пазнаёміліся ў Гродне, — усміхаецца жанчына. – Я яшчэ вучылася тады, а Андрэй служыў па кантракце. Аднойчы ехалі разам дадому і па дарозе пазнаёміліся, разгаварыліся. Тры гады сустракаліся, а ў 2003 годзе стварылі сям’ю. Была магчымасць застацца ў горадзе, але нас цягнула на малую радзіму, таму вырашылі вярнуцца. У той час яшчэ ў Паплаўцах быў свой калгас, і Андрэй знайшоў тут працу вадзіцелем аўтобуса. Спачатку жылі разам з маімі бацькамі ў Ёдзічах, а ў 2007 годзе гаспадарка выдзеліла нам асобны добраўпарадкаваны дом.

Сваім галоўным багаццем Алена Міхайлаўна называе, вядома ж, сыноў. Старэйшаму,   Мікіце, 15 гадоў, ён ужо пакінуў бацькоўскі дом і вучыцца ў Гродзенскім гуманітарным каледжы,будзе настаўнікам фізкультуры. Арцём – васьмікласнік Малабераставіцкай сярэдняй школы, у гэтай жа школе вучыцца і Раман – ён у другім класе. А малодшы сын,  чатырохгадовы  Мацвей,  наведвае Вялікабераставіцкі яслі-сад.

— Калі выходзіла замуж, не думала, што ў нас будзе чацвёра дзяцей, — прызнаецца Алена Міхайлаўна, — але заўсёды спа­дзявалася, што іх  будзе не менш, чым трое. А калі нарадзіўся Мацвей, то ён стаў для нас падарункам лёсу і нашай пацехай, нават не ўяўляем, што яго магло б не быць.  Старэйшыя сыны ўжо падраслі, Мікіта — студэнт, хутка і Арцём пачне самастойнае жыццё, а вось малодшыя яшчэ пабудуць з намі, парадуюць нас з мужам.

Алена Анішчык прызнаецца, што быць мамай чатырох сы­ноў нялёгка.  Па характару ўсе хлопчыкі розныя, у кожнага свой тэмперамент. Напрыклад,  старэйшы Мікіта больш спакойны, маўклівы, не заўсёды нават сваімі перажываннямі падзеліцца, а ў Арцёма, наадварот, як яна кажа,  дваццаць слоў у секунду. Рома упарты, калі што вырашыць, то абавязкова стаіць на сваім. А малодшы Мацвей ад усіх сваіх братоў патроху набраў якасцей. Жанчына гаворыць, што ёй прасцей у тым плане, што двое дзяцей старэйшыя, а двое малодшыя, і старэйшыя заўсёды дапамагаюць з малодшымі.

— Затое дома ў нас заўсёды весела, — не губляе аптымізму Алена Міхайлаўна. —  Можа, дзесьці цяжэй у матэрыяльным плане, але радасці намнога больш, бо ў нас вялікая дружная сям’я. Тата выхоўвае сыноў у строгасці, а з мамай, як яны жартуюць, заўсёды можна дагаварыцца. Мы любім падарожнічаць, паказваць дзецям новыя месцы. Былі ў дэльфінарыі ў Мінску, кожны год у заапарку бываем, у Гродна часта ездзім, ды і ў іншыя гарады, у нас шмат дзе жывуць сваякі.  Вольны час любім праводзіць усе разам, калі ёсць магчымасць, то куды-небудзь абавязкова з’ездзім, а не, дык і з задавальненнем застаёмся дома,  любім пасмажыць шашлык на падворку, дзецям вельмі падабаецца падрыхтаваць абед на вуліцы. Клопатаў, вядома, як і ва ўсіх вясковых жыхароў, хапае, але і час на тое, каб адпачыць разам, заўсёды стараемся знаходзіць.

Да таго ж у нас ёсць яшчэ  бабуля і два дзядулі, іх таксама наведваем, дапамагаем. 

Цяпер, калі мужа часта няма дома, старэйшыя сыны – мае асноўныя памочнікі, на іх і малодшых дзяцей можна пакінуць, і нейкую працу па дому даручыць, Арцём нават і абед прыгатаваць ужо можа.

Алена Анішчык адназначна лічыць, што для жанчыны сям’я павінна быць важнейшай за кар’еру, бо быць маці – гэта галоўная прафесія кожнай жанчыны.

-Я шчаслівая і рэалізаваная ў гэтым плане жанчына, — гаворыць Алена Міхайлаўна. —  У мяне добры муж, апора ва ўсім, дзеці таксама радуюць. Мару, каб у сыноў усё склалася ў жыцці, каб яны былі здаровымі, выраслі годнымі людзьмі, сталі сапраўднымі мужчынамі.

Хлопчыкі таксама вельмі чула адзываюцца аб сваёй маме, лічаць яе самай добрай і прыгожай. І па сакрэту дзеляцца, што рыхтуюць ёй падарунак на Дзень маці і абавязкова вызваляць яе ад працы па дому, каб у гэты святочны дзень яна адчула ўсю іх любоў і павагу.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *