Бытавыя паслугі сёння ў аднолькавай меры запатрабаваны як жыхарамі райцэнтра, так і аграгарадкоў і самых аддаленых вёсачак. Людзі хочуць жыць камфортна, мець магчымасць, скажам, зрабіць прычоску ці адрамантаваць вопратку, здаць у рамонт халадзільнік, нікуды не выязджаючы. І справа гонару бытавікоў аператыўна прыняць любы заказ, паклапаціцца пра яго хуткае і якаснае выкананне і своечасовую дастаўку заказчыку.
А ўсяго Бераставіцкае ўнітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва, якое ў апошнія гады значна павялічыла спектр паслуг, сёння аказвае іх 22 віды, у тым ліку 11 сацыяльна значымых. Да прыкладу, любы жадаючы можа заказаць такія вырабы, як жалезабетонная агароджа, тратуарная плітка.
Добрых вынікаў дабіліся работнікі бытавога абслугоўвання ў першым квартале года, ужо ёсць усе падставы меркаваць, што і красавік у гэтым сэнсе будзе ўдалым. Калі ж пра студзень-сакавік казаць больш канкрэтна, то паказчыкі наступныя. Аб’ём рэалізацыі работ, паслуг і прадукцыі склаў 262,5 мільёна рублёў. У тым ліку бытавых паслуг на суму 119,1 мільёна, а ў сельскай мясцовасці іх аказана на 86,8 мільёна рублёў. Тэмп жа росту паслуг склаў (у супастаўных цэнах) да аналагічнага перыяду 2010-га года 113,8 працэнта.
Хацелася б тут прывесці і такія красамоўныя паказчыкі: памер паслуг у разліку на аднаго жыхара дасягнуў за квартал 6,881 рубель. Гэта трэці паказчык у вобласці. А вясковы жыхар атрымаў паслуг на суму 7080 рублёў, і такі вынік–пятае месца ў вобласці.
Запатрабаваны арганізацыямі, установамі і прадпрыемствамі і паслугі пральні ў Алекшыцах.
Прадпрыемства бытавога абслугоўвання працуе зладжана. Штодня ў населеныя пункты раёна выязджае тры аўтамашыны, яны бываюць ва ўсіх, нават самых аддаленых вёсках. Загадчыцы комплексна-прыёмных пунктаў (іх ў раёне дзесяць) таксама пастаянна сярод людзей, прапаноўваюць тавары і паслугі. Сёння на кожны КПП бытавога абслугоўвання абавязкова раз на тыдзень прыязджае, згодна з графікам, цырульнік, а ў Пагранічным і Вялікіх Эйсмантах стрыжку ці прычоску можна зрабіць штодзённа. У Кватарах, у прыватнасці, можна на месцы атрымаць такую паслугу, як рамонт і пашыў вопраткі.
Марыя ДРАПЕЗА