“Буслік” раздаў узнагароды

Лента новостей

Падведзены вынікі гульні-конкурсу па беларускай мове і літаратуры “Буслік – 2013”, які праводзіўся ў мінулым навучальным годзе.
Пачынаючы з 2004 года, конкурс «Буслік» арганізуецца для вучняў 2-11 класаў з мэтай развіцця і падтрымкі цікавасці школьнікаў да вывучэння беларускай мовы і мовазнаўства як навукі. У адрозненне ад алімпіяд удзельнікамі конкурсу «Буслік» могуць быць усе жадаючыя. Конкурс не прадугледжвае папярэдняга адбору і наступнага выключэння ўдзельнікаў. Штогод прымаюць у ім удзел і навучэнцы ўстаноў адукацыі нашага раёна, прычым, колькасць удзельнікаў пастаянна павялічваецца.
У 2013 годзе ў “Бусліку” ўдзель­нічалі 262 бераставіцкія школьнікі з 12 устаноў адукацыі, паведаміла загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Ганчарык.
Найбольшую колькасць удзель­нікаў далі гімна­зія аг.Пагранічны (56), Вялікабера­ставіцкая СШ (31), Вялікаэйсмантаўская СШ (30) і Макараўскі яслі-сад-СШ (23).
Па выніках набраных балаў у конкурсе два ўдзельнікі з нашага раёна ўзнагароджаны медалямі 1-й ступені. Гэта Ксенія Камяк (7 клас) і Анастасія Болбат (8 клас) з Алекшыцкай СШ. 24 удзельнікі “Бусліка” атрымалі медалі 3-й ступені. Найбольшая колькасць з іх (5) з Алекшыцкай СШ, па тры з гімназіі аг.Пагранічны, Канюхоўскага ясляў-сада-СШ, Кватарскага і Паплаўскага ясляў-садоў-БШ. Усе яны, апроч медалёў, атрымалі і кнігі, якія выдаюцца спецыяльна для пераможцаў і прызёраў конкурсу.
Не засталіся без падарункаў і ўсе астатнія ўдзельнікі “Бусліка”. Кожны з іх атрымаў пасведчанне ўдзельніка конкурсу, кнігу “Скарбонка “Бусліка” з пазнавальнымі артыкуламі і творчымі заданнямі і дадатковыя прызы.
Акрамя таго, усе школьнікі змаглі даведацца пра сваю колькасць набраных балаў і адпаведнае месца ў рэспубліцы, вобласці, раёне і сваёй школе.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *