Бульба – культура выгадная

Актуально Лента новостей

У апошнія дні «бульбяная» тэма займае віднае месца на старонках цэнтральных выданняў, ёй прысвячаліся спецыяльныя тэле-і радыёрэпартажы. У ходзе візіту Прэзідэнта краіны ў Брэсцкую вобласць былі вызначаны стратэгічныя меры па развіццю бульбаводства, пастаўлена задача шматразовага павелічэння экспарту гэтай вельмі важнай сельскагаспадарчай культуры.
А аб тым, што бульба – гэта прадукт нумар адзін у Беларусі, гаварыць многа не прыходзіцца. І вось прыйшла пара яе масавай уборкі. Што і казаць, спякотныя летнія дні прымусілі нямала па-хвалявацца бульбаводаў. Вядома, што пры высокіх тэмпературах рост клубняў значна запавольваецца, а то і ўвогуле спыняецца. Аднак перыядычныя дажджы, хоць і не так частыя, усё ж зрабілі сваю справу. Але гэта толькі бачная частка айсбергу. Без клапатлівых рук, без старанняў і ведаў, строгага захоўвання агранамічных нормаў і правіл і прыродныя ўмовы не надта могуць паспрыяць.Цяпер ужо можна з упэўненасцю сказаць, што ўсе намаганні не прайшлі дарам.
У СВК імя Варанецкага пад другі хлеб адведзена сёлета 60 гектараў. Некалі было значна больш. Цяпер зноў, улічваючы асаблівую запатрабаванасць бульбы ў бягучым годзе, задумваюцца над павелічэннем плошчаў пад гэтую культуру.
Ва ўсіх трох вытворчых участках уборку бульбы пачалі на гэтым тыдні. Асабліва парадаваў ура-джай на участку №2, які ўзначальвае добра вядомы не толькі ў гаспадарцы, але і за яе межамі чалавек – М.А.Стралкоўскі.
— Вельмі добра ўрадзіла бульба,- гаворыць ён з задавальненнем. – Больш за 400 цэнтнераў з гектара атрымліваем.
Дарэчы, заўтра ў яго юбілей, 60 год з дня нараджэння, з якіх больш за сорак ён аддаў роднай гаспадарцы.
Шчыра віншуем і мы Вас, паважаны Міхаіл Адамавіч, з гэтай знамянальнай у Вашым жыцці падзеяй. Моцнага Вам здароўя, даўгалецця, далейшых поспехаў у працы.
На першым вытворчым участку, якім кіруе Л.Р.Ротбарт, бульба вырасла таксама нядрэнная. У мінулую сераду сюды на бульбяны палетак за вёскай Кулікі прыбыў працоўны дэсант – навучэнцы політэхнічнага каледжа з Гродна. З гэтай навучальнай установай у гаспадаркі даўно наладзіліся цесныя ўзаемасувязі. І ў мінулыя гады студэнты з абласнога цэнтра актыўна дапамагалі на копцы бульбы. Сёлета, праўда, вырашылі арганізаваць іх працу крыху іначай. Кожны дзень пасля работы іх адвозяць у Гродна, а на ранку зноў прывозяць у гаспадарку. Зразумела, абедамі кормяць на месцы.
— Падчас падборкі сартуем клубні адразу на дзве фракцыі,- заўважае Леанід Рыгоравіч. – Харчовую бульбу засыпаем у сеткі, а больш дробную, не харчовую, дастаўляем на крухмальны завод, у Рагозніцу. Усяго гаспадарка павінна паставіць туды па плану 300 тон сыравіны.
— У сем гадзіны раніцы,- працягвае Л.Р.Ротбарт, — капалка ў нас ўжо на полі. – Яна замацавана за вопытным механізатарам М.І.Касцюком (на здымку).
Хочацца тут адзначыць, што, прыехаўшы на поле, капалкі акурат мы і не прыкмецілі. Заўважыўшы некаторае здзіўленне на маім твары, Леанід Рыгоравіч растлумачыў, што механізатар добра ведае сваю справу – ён забяспечыў работай студэнтаў і паехаў выкопваць бульбу на “соткі”. Дарэчы, і М.А.Стралкоўскі гаварыў мне пра тое, што ў гаспадарцы даўно адмовіліся ад такой практыкі, калі на ўласныя соткі тэхніку выдзялялі толькі ў строга вызначаны тэрмін. Што з гэтага атрымліваецца, ведае кожны вясковы жыхар. Хаос, нярвознасць, неразбярыха. Кожны тады хоча быць першым.
…Між тым студэнты набліжаліся ўжо да горачкі, пасля якой заставалася меншая палова поля. Леанід Рыгоравіч дастаў свой мабільнік і толькі хацеў па-званіць, як у поле зроку з’явіўся трактар М.І.Касцюка.
— Добрая рэч,- дадаў ён, паказваючы на тэлефон. – Я цяпер на палову менш бянзіну выязджаю за месяц, чым раней.
Сяргей ХІЛЮТА, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *