Будаўніцтва ў Бераставіцкім раёне ў першую ваенную пяцігодку

Из истории земли Берестовицкой Культура

bank gastronomПлан капітальнага будаўніцтва на 1945 год Бераставіцкі раённы выканаўчы камітэт зацвердзіў 11 лістапада 1944 года. У ім прадугледжвалася пабудаваць лесапільны завод на станцыі Бераставіца, школы ў Рымуцеўцах, Пыхоўчыцах, Лапенеўцах і Парэччы, распачаць будаўніцтва кінатэатра, гасцініцы на 20 месцаў, ветэрынарнай лячэбніцы, раённай амбулаторыі, санэпідэмстанцыі.
На пасяджэнні бюро райкама партыі, якое адбылося 12 снежня 1944 года, было абмеркавана пытанне “Аб будаўніцтве цукровага завода ў раёне”. Магчыма, менавіта тады ў вобласці падбіралася месца для будаўніцтва цукровага завода, і разглядаліся розныя варыянты яго размяшчэння. У сваім выступленні першы сакратар райкама партыі Д.А. Блінаў адзначыў, што ў раёне ёсць 8000 гектараў зямлі, прыдатнай для вырошчвання цукровых буракоў. Пад цукровы завод было прапанавана выкарыстаць будынак завода высокагатунковых вінаў, які якраз праектаваўся і быў прыдатны для гэтых мэтаў. Бюро райкама прасіла абкам партыі зацвердзіць прынятае рашэнне. Аднак праз некаторы час было вырашана будаваць цукровы завод у Скідзелі. І завод па выпуску высокагатунковых вінаў таксама не быў пабудаваны.
Перад раённымі ўладамі ў той нялёгкі пасляваенны час востра паўстала праблема жыллёвага будаўніцтва. На Бераставіччыне было разбурана 262 дамы (па інфармацыі спецыяльнай камісіі), людзі жылі ў зямлянках, у суседзяў, у гаспадарчых пабудовах. Будаўнічых матэрыялаў выдзялялася мала, прыходзілася шукаць розныя спосабы выйсця з гэтага становішча. Адноўлены на станцыі Бераставіца лесапільны завод у 1945 годзе ўжо працаваў на поўную моц. Улетку, 19 чэрвеня, райвыканкам выдзеліў 19-ці жыхарам раёна 330 кубаметраў лесу для будаўніцтва новых дамоў. У гэты спіс пашанцавала трапіць Агаце Курыла і Юстыну Шумілу з в.Генюшы, Аляксандру Жалезнаму з в.Масаляны і іншым. А ў маі 1945 года ў райвыканкаме была створана камісія па абследаванні залежаў гліны і вывучэнні магчымасці будаўніцтва ў раёне цагельных заводаў. У выніку ў Канчанах пачынаецца будаўніцтва такога завода, якое плануецца завяршыць восенню 1946 года. Аднак першыя 1,5 тысячы штук цэглы былі выпушчаны ўжо 11 мая. На фармоўцы тады працавалі Іосіф Курыла і Сямён Садоўскі.
Многім жыхарам раёна выдзялялася дзяржаўная грашовая пазыка – 12 тысяч рублёў, якую вяскоўцы не вельмі ахвотна бралі, баючыся трапіць у “вечныя даўжнікі”. Хаця ў канцы 1940-х гадоў гэтыя даўгі былі спісаны.
Актыўна будуюцца новыя і аднаў­ляюцца разбураныя адміністрацыйныя і вытворчыя будынкі, масты. У чэрвені 1945 года “каробка” будынка па вул. Дзяржынскага перададзена для аднаўлення работы сталовай у райцэнтры, а па вул. Беластоцкай выдзелены будынак для канторы. У дакладной ад 1 ліпеня 1945 года раённыя ўлады паведамляюць у Гродзенскі абкам партыі: “… восстановлены и работают 3 спиртзавода (Массолянский, Пархимовский и Ойцовский)”, 3 маслозавода (в Б.Берестовице, в Данилковском и Эйсмонтовском сельсоветах), 1 электростанция в 220 кВт. Восстановлены и работают лесопильный завод, … вновь построено 2 кирпичных завода с выработкой 5 тыс. штук кирпича каждый… Организованы артели: по добыче торфа и бондарно-колесная по выработке колес и телег…”
Прымаюцца меры па арганізацыі цэха па выпуску чарапіцы і крэмніевага цэха па вырабу жорнавых камянёў для мясцовых млыноў. Пастаўлена задача да 01.11.1945г. адрамантаваць будынак маслазавода. Утворана камісія па выбары зямельнага ўчастка пад будаўніцтва цагельнага завода ў Алекшыцкім сельсавеце.
Важнае значэнне для развіцця народнай гаспадаркі раёна мелі дарогі і масты, якія амаль поўнасцю былі разбураны ў час вайны. Ужо ў лютым 1946 года сіламі сялян вёсак Рудаўляны, Хамантоўцы (тады яшчэ гэтая вёска ўваходзіла ў Бераставіцкі раён) завершана будаўніцтва маста праз раку Свіслач. Вяскоўцы Эйсмантаўскага сельсавета па прыкладу Рудаўлян прынялі абавязацельства на працягу 1946 года адрамантаваць усе дарогі і масты на сваёй тэрыторыі. А сяляне в.Жабры ўзяліся за два месяцы вывезці па 2 кубаметры камення і па 4 – жвіру і адрамантаваць 2 км шашы.
У пасляваенны час хлебам па картках забяспечваліся толькі дзяржаўныя служачыя. Бераставіцкая пякарня, у першую чаргу адноўленая пасля вайны, выпякала толькі 150-200 боханаў хлеба. Вось чаму рамонту млыноў надавалася такое вялікае значэнне. У маі 1946 года сіламі мясцовага насельніцтва быў адноўлены млын у Кудрычах.
Яшчэ з адной важнай ініцыятывай выступілі жыхары вёскі Старынцы. Яны вырашылі ўласнымі сіламі пабудаваць пачатковую школу. Іх падтрымалі ў Рудаўлянах і ў іншых вёсках.
У Бераставічанах па ініцыятыве Л.Я.Мешчані, якая загадвала хатай-чытальняй, узначальвала жаночы савет і камсамольскую арганізацыю, пачалося будаўніцтва клуба. Гэтую ініцыятыву адобрыў Гродзенскі абласны камітэт камсамола і рэкамендаваў для распаўсюджвання. Патрыятычны пачын падтрымалі камсамольцы і моладзь в.Алекшыцы, а райвыканкам выдзеліў неабходную колькасць матэрыялаў. У гэтай жа вёсцы прыступілі да будаўніцтва памяшкання аддзялення сувязі.
Канчатковае рашэнне аб будаўніцтве цукровага завода на Гродзеншчыне, нарэшце, было прынята ў Мінску і падтрымана Масквой: заводу быць у Скідзелі. Але і тут не абышлося без бераставічан. З Гродна прыйшла дырэктыва: сялянам Скідзельскага, Гродзенскага і Бераставіцкага раёнаў адпрацаваць на будаўніцтве завода па 8 дзён, а хто мае каня – вывезці па 4 кубаметры жвіру, камення і лесаматэрыялаў. Першымі на сваіх фурманках выехалі ў Скідзель на работы сяляне в.Падбагонікі Пётр Хабец, Міхаіл Коўшык, Аляксандр Войшаль, Уладзімір Салавей, Раман Станіслаўчык і іншыя. Словам, будаваць даводзілася не толькі ў раёне і вобласці, але і ў Мінску, і ў Расіі, і на Украіне (у Данбасе). Так, у сярэдзіне мая 1946 года аблвыканкам давёў раёну заданне – адправіць на будаўніцтва і аднаўленне Мінска 65 чалавек, у ліпені – накіраваць на навучанне ў будаўнічыя і іншыя рамесныя вучылішчы 55 чалавек, на будаўніцтва ў Кемераўскую вобласць – 60 чалавек.
У жніўні 1946 года ў Вялікай Бераставіцы пачалося будаўніцтва пажарнага дэпо, у верасні завяршылася аднаўленне разбуранага млына, працягвалася будаўніцтва кінатэатра і іншых аб’ектаў гаспадарчага і сацыяльнага прызначэння.
У зацверджаным на першую пасляваенную пяцігодку (1946-1950 гг.) плане прадугледжвалася будаўніцтва прадпрыемстваў па выпуску хлеба, кандытарскіх вырабаў і безалкагольных напояў, па вырабу мыла і валёнкаў. Запланавана пабудаваць бальніцу на 60 ложкаў, дом для ўрачоў, раймаг, магазін культтавараў, сталовую, лазню і гасцініцу. У верасні 1947 года завяршыліся работы па аднаўленні лесапільнага завода ў Івашкаўцах. Што характэрна для таго часу, для паскарэння будаўніцтва праводзіліся масавыя “васкрэснікі”.
7 лістапада 1947 года адбылося ўрачыстае адкрыццё кінатэатра. У гэтым жа годзе 90 вяскоўцаў перайшлі з зямлянак у новыя дамы. Шляхам народнай будоўлі былі пабудаваны першыя памяшканні Бераставіцкай СШ. У падвозе будаўнічых матэрыялаў удзельнічалі 200 фурманак і больш за 300 чалавек – як правіла, бацькоў мясцовых вучняў.
Такім жа чынам будаваўся і мост на дарозе Вялікая Бераставіца – Галынка даўжынёй 8 метраў. Па-ўдарнаму працавалі цесляры А.Карповіч, В.Дзешка, В.Кучынскі, якія ў два разы перавыконвалі свае нормы.
Да 7 лістапада 1948 года завершаны мантаж абсталявання для механізацыі ўсіх працэсаў на маслазаводзе.

Дэманстрацыя працоўных з нагоды 40-ой гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ў 1957 годзе. На заднім плане відаць будынак будучага магазіна “Гастраном”

Каля будынка аддзялення дзяржаўнага банка. Сярэдзіна 50-х гадоў
Мікалай Пацэнка,
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *