…Ішоў чацвёрты ці пяты дзень вайны. Фашысты ўжо гаспадарылі на тэрыторыі нашай Бераставіччыны. Але лясамі яшчэ—групамі ці па некалькі чалавек—прабіраліся на Усход, да лініі фронту, чырвонаармейцы. Многія, сутыкнуўшыся з немцамі, загінулі. Нядаўна мне расказалі пра кароткі бой, які разгарэўся каля вёскі Людзвінова. Расказвалі некалькі чалавек: адны самі былі сведкамі яго, другія чулі пра тое ад сваіх бацькоў, аднавяскоўцаў.
Анатоль Уладзіміравіч Зданчук, жыхар Вялікай Бераставіцы, ураджэнец вёскі Эймінаўцы:
—Двое ўзброеных чырвонаармейцаў, якія выйшлі з недалёкага ад вёскі лесу, заляглі ў жыце. Бо, казалі, на дарозе ў гэты час з’явіліся немцы. Не ведаю дакладна, ці то нашы салдацікі стрэлілі па фашыстах, ці то тыя іх заўважылі. Але разгарэўся бой. Чырвонаармейцы стралялі з пясчанага пагорка, на якім расло некалькі соснаў. Пагорак той быў, лічы, каля самай дарогі, што вядзе на Стары Дворац.
Усё гэта я ведаю ад сваіх бацькоў. Хаця кулямётныя чэргі чуў: мы з сябрам пасвілі ў той дзень каровы пад Людзвіновам. А ў другім канцы гэтай вёскі стралялі…
Марыя Несцераўна Конік, жыхарка вёскі Людзвінова:
—Можа, каб тыя хлопцы не стрэлілі па немцах, а хаваліся ў жыце, то ўсё неяк і абышлося б. Але, мусіць, рашылі знішчыць ворагаў. Аднак дзе ж ты іх знішчыш, дзеткі, да зубоў былі ўзброеныя фашысты. Бой нядоўга ішоў. Адзін наш салдацік загінуў, а другі быў моцна паранены. Калі немцы паехалі, людзі з вёскі прыбеглі. Жывот у хлопца быў так ужо пасечаны, што не дай ты Бог. Спачатку ўсе думалі, што нежывы. Але потым ён заварушыўся і прасіў, каб дабілі, не даваў рады трываць таго болю. Аднак неўзабаве і памёр… Такія маладзенькія, такія прыгожыя былі салдацікі, людзі плакалі, шкадавалі.
Анатоль Уладзіміравіч Зданчук:
—Я таксама помню, што бацькі і суседзі расказвалі, як страшна мучыўся, пакуль памёр, другі чырвонаармеец. Тады не толькі ў Людзвінове, але і ў суседніх вёсках перадавалі адзін другому пра той бой, пра загінуўшых нашых салдат. Іх там жа, у полі, і пахавалі.
Марыя Несцераўна:
—Але, пахавалі. Аднаго хлопчыка—на пагорку пад соснамі, а другога—у полі, дзе і ляжаў: пры дарозе, што вяла тады на Пархімаўцы. Я добра памятаю, як сабралася ўся вёска, як жанчыны плакалі.
Лідзія Іванаўна Дзешка, жыхарка вёскі Людзвінова:
—Я родам са Старынцоў, вайну амаль не памятаю. А калі выйшла замуж у Людзвінова, то пачула тут ад людзей пра загінуўшых каля вёскі чырвонаармейцаў. Магілы іх бачыла. Дзеці, і мае таксама, улетку ўпрыгожвалі іх магілкі кветкамі. Абклалі каменьчыкамі, на адной выклалі імі крыжык. Усе: і малыя, і падлеткі–ведалі ад сваіх бацькоў, хто пахаваны тут, як загінулі.
Эдуард Пятровіч Затаўка, жыхар Вялікай Бераставіцы:
—Я з Людзвінова. Помню, як мы, дзеці, даглядалі месцы пахавання чырвонаармейцаў. Адна з вясковых жанчын таксама часта прыходзіла сюды, прыносіла каменьчыкі, каб абкласці магілкі, і мы дапамагалі ёй. І ўвогуле, чамусьці менавіта ў тым канцы вёскі, на ўзгорачку з соснамі, найчасцей ладзілі свае гульні. Чамусьці, як магнітам, цягнула туды.
Лідзія Іванаўна:
—Не памятаю дакладна, у якім годзе, але ведаю, што ў шасцідзясятыя, у Людзвінова прыязджалі прадстаўнікі ваенкамата, раённай улады. Тады якраз збіралі рэшткі загінуўшых на тэрыторыі раёна нашых байцоў. Хадзілі па вёсцы, распытвалі людзей. А потым перазахавалі нашых салдацікаў у брацкую магілу ў райцэнтры.
P.S. У баях на бераставіцкай зямлі загінулі каля 900 байцоў Чырвонай Арміі.
Марыя Драпеза