“Божай ласкай сагрэтая, урадзіла на славу зямля…”

Лента новостей

І ў гэтым годзе аграрыяў нашага раёна можна шчыра павіншаваць з працоўнымі здабыткамі. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е – часта ішлі дажджы — яны пастараліся зрабіць усё магчымае, каб жніво прайшло ў аптымальны тэрмін і якасна. Па ўраджайнасці, на 19 жніўня г.г., наш раён (60,7 цэнтнера з гектара) на другім месцы пасля Гродзенскага (61,1 цэнтнера з гектара). У тройку лідараў увайшоў таксама Мастоўскі раён (59,1 цэнтнера з гектара).
Вось якія ўражанні аб гарачай пары выказаў галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарча Віктар Столік:
— Безумоўна, гэтае жніво было цяжкім. Але ўсе працавалі добра. У гаспадарках выкарыстоўвалі кожную гадзіну, каб своечасова ўбраць ураджай. Мы шчыра ўдзячны за гэта нашым хлебаробам! На раённых дажынках будзе ўлічаны ўклад кожнага.

Для працаўнікоў СВК «Цецяроўка» гэты год таксама быў удалым, апраўдаў спадзяванні людзей.
— Валавы збор збожжа дасягнуў 12758 тон, у мінулым годзе быў 11848, — гаворыць старшыня гаспадаркі Віктар Піўко. — Нашы хлебаробы пастараліся. На пясчаную глебу вялікі ўплыў аказвае дажджлівае надвор’е, але мы дастаткова ўнеслі мінеральных угнаенняў, лепш папрацавалі з аховай раслін, захоўвалі сучасныя тэхналогіі. Я задаволены сёлетнім жнівом. Мы закончылі ўборку на 5 дзён раней у параўнанні з мінулагоднім перыядам. Ураджайнасць у гэтым годзе — 44,4 цэнтнера з гектара, у мінулым была — 36,1. Механізатары – гэта наш «залаты фонд». Акрамя вопытных, на жніве працавалі 5 мала-дзёжных экіпажаў. Шчыравалі яны на айчынных камбайнах «КЗС – 1218». Гэта экіпажы Дзмітрыя і Міхаіла Кухарчыкаў, Анатоля Жыдка і Аляксандра Кавальчука, Дзмітрыя Абрамава і Алега Самойліка, Андрэя і Алега Клімчукоў, Барыса Хомчыка і Антона Літвіна. На 19 жніўня мы – адзіныя ў раёне, завяршылі сяўбу азімага рапсу, а яго ў нас 660 гектараў.
А падвечар у пятніцу, пасля працоўнага дня ў СВК “Цецяроўка” прайшлі Дажынкі. Нікога гэтае радаснае свята не пакінула раўнадушным. На ім было сказана шмат цёплых слоў у адрас хлебаробаў, гучалі прыгожыя музычныя падарункі, грашовымі прэміямі быў адзначаны ўклад кожнага працаўніка. Шчыра віншуем калектыў гэтай гаспадаркі з працоўнымі здабыткамі, няхай і далей шчодра папаўняецца агульная скарбонка і расце дабрабыт людзей!
На здымках: старшыня СВК “Цецяроўка” Віктар Піўко; механізатара Андрэя Клімчука частуюць караваем з новага ўраджаю; аператар «КЗСВ-30 ЛідАрай» Уладзімір Вайцяховіч.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *