Бераставіччына пасля далучэння да БССР

105 лет БССР Общество

Крынкаўскі раённы Савет дэпутатаў. 1940 г.
Фота з фондаў музея.

Згодна з умовамі Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Гродзеншчына, у тым ліку і Бераставіччына, былі далучаны да Польшчы. І толькі ў другой палове верасня ў 1939 годзе Заходняя Беларусь пасля падпісання пакта Молатава–Рыбентропа адышла да БССР. У Вялікую Бераставіцу падраздзяленні Чырвонай Арміі ўступілі 20 верасня, а ўжо 22 верасня быў утвораны орган мясцовай улады – рэвалюцыйны камітэт (рэўком). У яго склад увайшлі жыхары мястэчка і навакольных вёсак Бераставічаны, Эймінаўцы, Старынцы, Леснявічы і іншых. Старшынёй рэўкома быў абраны Кліменцій Гулінскі, яго намеснікам Леанід Лазарчык, а сакратаром Аляксандр Расінскі. Рэўкомы былі таксама створаны ва ўсіх гмінах Галынкі, Малой Бераставіцы, Вялікіх Эйсмантаў, якія ў пачатку 1940 года былі рэарганізаваны ў сельскія камітэты.
А ў пачатку студзеня 1940 года ўтвараецца Беластоцкая вобласць з цэнтрам у горадзе Беластоку, у якую ўвайшлі 12 раёнаў, у тым ліку і Крынкаўскі раён. У яго складзе была і Бераставіччына, якая дзялілася на 13 сельсаветаў. А дзяржаўная мяжа паміж БССР (СССР) і Польшчай, якая ўжо была акупіравана на той час Германіяй, праходзіла далёка за Беластокам.
У студзені пачынаюць дзейнічаць раённыя органы савецкай улады: райвыканкам і райкам партыі, сельскія Саветы.
Новыя ўлады прымаюць шэраг мер па сацыяльна-эканамічных зменах у краі. Праводзіцца нацыяналізацыя зямлі, спірт­за­водаў і маслазаводаў, маёнткаў і г.д.
Нацыяналізаваная зямля перадавалася бяднейшым і беззямельным сялянам. Па некаторых звестках, 610 батракоў і 1912 беднякоў атрымалі па 10-15 гектараў воранай зямлі. Былі яшчэ сенажаці, лугі, торфараспрацоўкі.
Пачынаюць працаваць нацыя­налізаваныя прадпрыемствы: спіртзаводы ў Пархімаўцах і ў Айцове, маслазаводы ў Бераставіцы і Крынках, сыраварня ў Старым Дворцы.
У красавіку 1940 года ў Вялікай Бераставіцы пачынае работу мэблевая арцель, якая вырабляе ў першую чаргу парты і сталы для школ. Арганізоўваецца работа крухмальных заводаў у Малой Бераставіцы і ў Красніках, якія ўжо некалькі месяцаў прастойвалі без сыравіны. Арганізоўваецца яшчэ адзін маслазавод у Красніках. Начальнікам маслапрама назначаецца былы падпольшчык М.А. Алізаровіч.
Для забеспячэння палівам школ, бальніц і арганізацый у Алекшыцах пачала работу арцель па здабычы торфу на мясцовым балоце. У ёй працуе больш за 50 чалавек.
У Крынках і ў Бераставіцы працуюць гарбарныя прадпрыемствы.
У 1940 годзе поўным ходам ідзе будаўніцтва грунтавой дарогі паміж станцыяй Бераставіца і райцэнтрам Крынкі. У красавіку гэтага ж года пачынаецца будаўніцтва дарогі Алекшыцы-Гудзевічы. Прынята рашэнне: кожны працаздольны мужчына ад 18 да 45 гадоў і жанчына ад 18 да 40 гадоў павінны былі адпрацаваць на будаўніцтве па 6 дзён, а мужчыны – абавязкова з коннымі фурманкамі.
Праводзілася работа па калек­тывізацыі. У лютым-сакавіку 1940 года ствараюцца першыя калгасы ў вёсках Гольні, Масаляны, Ярмолічы, Кудрычы. (У першыя дні нямецкай акупацыі кіраўнікі калгасаў былі расстраляны немцамі).
У красавіку 1940 года для аказання дапамогі калгасам у маёнтку Малая Бераставіца ствараецца МТС (машынна-трактарная станцыя). У маі паступаюць у МТС першыя 3 трактары Харкаўскага трактарнага завода “ХТЗ-НАТИ”, а праз два месяцы – яшчэ 7. На абласныя сельскагаспадарчыя курсы накіроўваецца 26 чалавек, сярод іх ёсць і жанчыны: Марыя Мацвееўна Сак, Зінаіда Дзмітрыеўна Хэйлік, Дар’я Іосіфаўна Лукашык, Марыя Паўлаўна Апон. Гэта будучыя кадры для калектыўных гаспадарак.
Значныя змены адбыліся ў сістэме народнай адукацыі. На 1 сакавіка 1940 года ў раёне было 68 школ, у якіх вучылася 8150 вучняў, працавала 157 настаўнікаў (для параўнання: у 1938 годзе было 43 школы, 4973 вучні, 82 настаўнікі). З усіх школ – 52 былі пачатковымі, 13 – няпоўнымі сярэднімі і 3 – сярэднімі. Большасць школ працавала на беларускай мове, 6 пачатковых школ – на польскай мове і 1 школа – на яўрэйскай мове (у Крынках). Праўда, 33 школы працавалі ў прыватных дамах. З добрай ініцыятывай выступілі жыхары вёсак Казлы і Магіляны, а таксама вёскі Лепесы. Яны абавязаліся пабудаваць школьныя будынкі метадам народнай будоўлі – талакой. Масалянскай школе быў перададзены былы палац Біспінга, а Макараўскай – дом памешчыка Хрусніцкага, у Вайцехаўшчыне – дом памешчыка Дашкевіча.
Разгортвалася культурна-асвет­ніцкая работа. Райвыканкам і райкам партыі прынялі рашэнне аб адкрыцці ў кожным сельсавеце хаты-чытальні, а ў кожнай вёсцы – “чырвонага кутка”. Тут устанаўліваліся радыёпрыёмнікі для калектыўнага праслухоўвання, сюды ішлі свежыя газеты.
У Бераставіцы, як сцвярджаюць архіўныя дакументы ад 17.08.1940 года, “… по ходатайству еврейской религиозной общины была закрыта еврейская синогога и открыт клуб. Из общего количества еврейского населения местечка 376 человек просьбу подписали 332 человека, то есть 88,3 %”. Наконт гэтага можна меркаваць па-рознаму: ці то за 8 месяцаў большасць яўрэяў сталі атэістамі, ці то надта эфектыўнай была бальшавіцкая прапаганда, ці то да вырашэння гэтага клубнага пытання падключыліся органы НКВД, але клуб у Бераставіцы быў адкрыты. У Гольнях пад клуб была пераабсталявана мясцовая царква.
Усё больш умацоўваліся органы кіравання і ўся структура ўлады. Дзейнічалі райкам партыі і раённы выканаўчы камітэт, у студзені 1940 года ствараецца першая камсамольская арганізацыя, а першым сакратаром райкама камсамола зацвярджаюць А. Каралёва. У чэрвені 1940 года ў раёне ўжо было 16 камсамольскіх арганізацый, у якіх налічвалася 88 чалавек. Яны дзейнічалі ў калгасах імя Леніна (в. Пяскі-Навасёлкі), “17- ае верасня” (в. Казлы), імя Калініна (в. Бараставічаны), “Бальшавік” (в. Жабры) і іншых.
24 сакавіка 1940 года адбыліся выбары ў вышэйшыя органы савецкай улады. Дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР быў выбраны Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, у Вярхоўны Савет БССР – старшыня калгаса ў в. Кудрычы Уладзімір Андрээвіч Чэкель (у 1941 г. расстраляны фашыстамі).
У лістападзе 1940 года адбыліся выбары ў сельскія, раённы і абласны Саветы. У Крынкаўскім раёне было сфарміравана 13 сельскіх Саветаў, местачковы Савет у Вялікай Бераставіцы і раённы Савет.
Канешне, не ўсё было проста. Былі і антысавецкія выступленні ў Крынках і Малой Бераставіцы, і ў некалькіх бераставіцкіх вёсках. Былі масавыя рэпрэсіі асобных катэгорый жыхароў раёна (у лютым і красавіку 1940 года яны былі вывезены ў Сібір і ў Казахстан). Было шмат падаткаў, якія былі незразумелымі для мясцовага насельніцтва: за карыстанне веласіпедам, радыёпрыёмнікам, за ўезд на кірмаш, абавязковыя падаткі, якія ўносіліся збожжам, малаком, воўнай, яйкамі і г.д. Не дабаўлялі радасці і абавязковыя шараваркі: адпрацоўка кожным жыхаром 5-6 дзён на добраўпарадкаванні дарог і па 8-10 дзён – на нарыхтоўцы леса і г.д.
Тым не менш Бераставіччына, як і ўся Заходняя Беларусь, за год і 9 месяцаў пасля ўз’яднання з БССР зрабіла значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў, нягледзячы на ўсе складанасці часу.
Мікалай Пацэнка, навуковы супрацоўнік Музея Вавёркі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *