Заслон небяспечным захворванням
У камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама нядаўна адбылася калегія з галоўнымі ветурачамі раёнаў, на якой, у прыватнасці, гаворка ішла аб энзаатычным лейкозе буйной рагатай жывёлы. У гаспадарках Бераставіччыны на працягу апошніх 15 гадоў не зарэгістравана выпадкаў гэтага захворвання, якое выклікаецца вірусам. Але ветслужбе “расслабляцца” нельга, асаблівую ўвагу трэба надаваць найлепшаму сродку ад усіх захворванняў – прафілактыцы. Для гэтага неабходна строга прытрымлівацца патрабаванняў асептыкі і антысептыкі — праводзіць дэзінфекцыю ветэрынарных і заатэхнічных інструментаў, напрыклад, пры біркаванні вушэй цялят індывідуальнымі нумарамі, а таксама закупляць жывёлу толькі ў спрыяльных раёнах, перагрупіроўку яе весці толькі з дазволу галоўнага ветурача сельгаскааператыва.
У полі зроку на калегіі было і недапушчэнне яшчуру. Жывёлагадоўчыя аб’екты павінны быць агароджаны, распрацаваныя строгія меры па прафілактыцы небяспечнага захворвання трэба выконваць. Напрыклад, усюды неабходны дэзбар’еры і санпрапускнікі.
Жыццё будаваць маладым
Некалі папулярны лозунг “Веды – сіла” не страчвае свайго значэння і зараз. Каб працаваць у аграрным сектары, развіваць вытворчасць і ісці ў нагу з часам, неабходна добрая сучасная адукацыя. У 2013 годзе па мэтавых накіраваннях упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы адпаведнага профілю 8 чалавек з нашага раёна. Безумоўным лідарам па папулярнасці сярод ВНУ такога напрамку ў юнакоў і дзяўчат, якія вырашылі звязаць свой лёс з вёскай, з’яўляецца Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Яго выбралі 7 абітурыентаў. У Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт паступіў адзін чалавек. Двое выпускнікаў выбралі прафесію агранома, 2 вучацца на ветурача, па аднаму — на эканаміста, бухгалтара, інжынера-тэхнолага, інжынера-механіка. І ўжо амаль праз 4 гады ў сельгаскааператывы раёна, якія клапоцяцца пра абнаўленне сваіх кадраў, увальюцца свежыя маладыя сілы.
У добры час!
Узяты пробы маналітаў
Пасля моцных маразоў надвор’е ў нас раптам зноў стала амаль што веснавым. Снег пачаў раставаць, тэмпература паветра днём плюсавая. Як вытрымліваюць азімыя такія перапады?
У СВК “Пархімаўцы” 3 лютага з палёў былі ўзяты пробы маналітаў. Гэта кавалачкі глебы з раслінамі. Правяраўся стан зімоўкі азімага трыцікале і азімай пшаніцы. Выяўлена грыбковае захворванне – мучністая раса. Яна пашкоджвае лісце раслін. Колькасць хворых азімых у маналітах – да 10 працэнтаў.
Па словах галоўнага агранома па ахове раслін Бераставіцкай раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Алены Лапавухавай, нічога надзвычайнага ў гэтым няма. Такая карціна тыповая пры адпаведных “капрызах надвор’я”.
І вучоба, і аздараўленне
Позняй восенню і зімой аграномы гаспадарак могуць трохі адпачыць ад напружаных вытворчых клопатаў. Нядаўна для іх былі арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі і адначасова аздараўленне на базе санаторыя “Нёман”. Галоўны аграном СВК “Цецяроўка” Віктар Белабокі гаворыць, што такі адпачынак вельмі ўдалы, таму што можна і павысіць свой узровень, і аздаравіцца.
Заняткі праводзілі вучоныя з Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Яны чыталі цікавыя лекцыі, дэманстравалі відэаролікі. Уздымаліся актуальныя праблемы сучасных тэхналогій апрацоўкі глебы, рацыянальнага выкарыстання мінеральных угнаенняў, інтэграванай аховы сельскагаспадарчых культур, выкарыстання энергаэфектыўнай тэхнікі і многае іншае.
Напрыклад, у СВК “Цецяроўка” глеба не вельмі ўрадлівая, у асноўным пясчаная. Адзін раз у чатыры гады праводзіцца яе аналіз. Дозы мінеральных угнаенняў разлічваюцца пад патрэбы раслін. Калі не займацца карпатлівай работай па павышэнні ўрадлівасці глебы, добрага выніку не будзе. А ў гаспадарцы зацікаўлены ў далейшым развіцці інтэнсіўнага земляробства і нарошчванні выпуску прадукцыі. Для гэтага важна быць у курсе ўсяго новага і перадавога.
На курсах павышэння кваліфікацыі была таксама прадстаўлена змястоўная інфармацыя аб сучасных прэпаратах для аховы раслін. Вядома, не ўсе з іх сельгаскааператывы могуць дазволіць сабе купіць, таму што некаторыя каштуюць вельмі дорага. Прыходзіцца шукаць “сярэднія” па цане і з добрым эфектам.
І, вядома, не магла пакінуць раўнадушным агранома сучасная імпартная тэхніка. Камбінаваныя пасяўныя агрэгаты, апырсквальнікі новых марак таксама далёка не “даступныя” па цане. Але пабачыць іх на відэароліках і даведацца пра функцыі было вельмі цікава.
Карысна было і пагутарыць з калегамі, а іх з усёй Гродзешчыны было нямала.
Задала я пытанне Віктару Валер’евічу і пра аздараўленне. Асабліва зацікавілі спецыяліста трэнажоры і басейн. Яны нікога не пакінулі раўнадушным. Людзі атрымалі сапраўдны зарад энергіі як раз перад напружанай парой – надыходзячай вясной.
А ўсяго ў санаторыі “Нёман” аздаравіліся і павысілі сваю кваліфікацыю 10 галоўных аграномаў, ветурачоў і 9 галоўных заатэхнікаў.
Ніна Наддэ