Бераставічанін Мікалай Марцінчык — «Доктар усёй медыцыны»

Из истории земли Берестовицкой Культура

На алекшыцкіх могілках, у тым куточку, дзе ў маі цвіце чаромха і ўсю ноч спяваюць салаўі, ёсць магіла, на помніку якой напісаны словы з вядомай паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”:
Мой родны кут,
Як ты мне мілы,
Забыць цябе не маю сілы …
Тут пахаваны наш зямляк, змагар за беларускасць Мікалай Міхайлавіч Марцінчык.

Нарадзіўся Мікалай Марцінчык 16 снежня 1901 года ў в. Кубельнікі. 3 дзяцінства дапамагаў бацькам па гаспадарцы, рана навучыўся араць, касіць, вельмі рупліва адносіўся да сялянскай працы.
Пачатковую адукацыю атрымаў у Масалянскай царкоўна — прыходскай школе. Тутэйшы настаўнік сумеў прывабіць вясковага хлапчука да чытання. Таму на першым плане была ў яго вучоба: любіў арыфметыку, чытаў “запоем” кнігі розных аўтараў. Першая кніга пра Канька-Гарбунка запомнілася яму на ўсе жыццё. Ён амаль усю яе ведаў на памяць. А потым яе замяніла “Новая зямля” Якуба Коласа. Любіў яе ўрыўкі расказваць і ў студэнцве, і аднавяскоўцам з Кубельнікаў, і сялянам з Нараўкі і Белавежы, і “зэкам” у заснежаных лагерных бараках далёкай Варкуты.
Бацькі Мікалая, Міхась Рыгоравіч і Фёкла Васільеўна, усяляк заахвочвалі хлопца да вучобы. Пасля заканчэння мясцовай Масалянскай школкі, ён паехаў на вучобу ў Гродзенскую беларускую гімназію, пры якой быў прытулак (па-цяперашняму – інтэрнат). Пасля гімназіі – у 1921 годзе–паступіў у Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя на медыцынскі факультэт. Яшчэ ў студэнцкія гады М.Марцінчык праявіў сябе не толькі здольным студэнтам, але і актыўным удзельнікам грамадска-палітычных працэсаў, якія праходзілі тады ў Заходняй Беларусі.
У 1925 – 1927 гадах у Заходняй Беларусі дзейнічала па сутнасці самая масавая легальная рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя працоўных – “Беларуская сялянска-работніцкая грамада” (БСРГ), у якой налічвалася каля 100 тысяч членаў. Шырокі ўплыў яна мела і на Бераставіччыне. Гэта была нацыянальна-вызваленчая арганізацыя, і яе аўтарытэт сярод працоўнага люду настолькі быў высокі, а дзейнасць – настолькі актыўнай, што яна праіснавала толькі 2 гады. А ў 1927 годзе тагачасныя польскія ўлады яе забаранілі, а многіх актывістаў арыштавалі.
Ля вытокаў арганізацыі БСРГ быў наш зямляк, студэнт Віленскага ўніверсітэта Мікалай Марцінчык. Ён актыўна супрацоўнічаў у яе газетах “Жыццё беларуса” і “Беларуская ніва”, “Беларуская справа” і іншых. Аўтару гэтых радкоў пашчасціла прачытаць некалькі артыкулаў у вышэй названых газетах у бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане. Глыбокае веданне сялянскага жыцця, вобразнасць і ёмістасць моўных сродкаў, палымянасць і напорыстасць аўтарскага стылю вылучаюць гэтыя матэрыялы з ліку іншых.
Закончыў універсітэт Мікалай Марцінчык у канцы 1927 г. Аб гэтым паведаміў нават часопіс “Студэнцкая думка” (№1 (8), 1928 г.). Ён пісаў: “30.11. мінулага года скончыў Віленскі ўніверсітэт з тытулам “доктара ўсёй медыцыны” Мікалай Марцінчык – сябра Беларускага Студэнцкага саюза”.
Ён быў прызначаны выкладчыкам анатоміі і гігіены ў Віленскую беларускую гімназію.
У снежні 1927 года за актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху Мікалай Марцінчык быў арыштаваны, але пасля некалькіх тыдняў знаходжання ў славутай Віленскай турме “Лукішкі”, дзе ў асноўным былі палітычныя зняволеныя (там у свой час былі і Максім Танк, і Рыгор Шырма, і Міхась Машара і іншыя ў будучым вядомыя людзі), яго адпусцілі.
У 1930 годзе Марцінчык балаціруецца кандыдатам у Польскі сейм. У гэты час ён разам з Сяргеем Паўловічам, Рыгорам Шырмам, М. Пяткевічам узначальвае масавую культурна-асветніцкую арганізацыю – Таварыства Беларускай Школы (ТБШ), у вытокаў стварэння якой стаяў наш зямляк. Але паліцыя зноў арыштавала яго, а таксама яшчэ некалькі чалавек, сярод якіх быў і Рыгор Шырма.
Польскія ўлады павялі наступленне на беларускі нацыянальна-вызваленчы рух па ўсіх напрамках. Зачыняліся апошнія беларускія школы, народныя бібліятэкі і клубы. Гэты арышт памяшаў Марцінчыку завяршыць выбарную кампанію ў сейм.
У 1931 годзе дэфензіва канчаткова зрабіла вывад: Мікалай Марцінчык сваёй грамадскай актыўнасцю хаця і не заклікае да рэвалюцыйных выступленняў, тым не менш небяспечны для дзяржаўных парадкаў Рэчы Паспалітай. Улады прымаюць рашэнне: выслаць доктара з Вільні пад нагляд паліцыі ў белавежскую вёску Нараўка Гайнаўскага павета. Як той коласаўскі Андрэй Лабановіч настаўнічаў у палескай глушы, так і доктар Мікалай Марцінчык лячыў людзей у пушчанскай глухамані.
Аўтарытэт у доктара быў надзвычай вялікі: як сярод сялян, так і сярод ітэлігенцыі. Нават у бальніцы павятовага цэнтра ў Гайнаўцы не было рэнтгенапарата, а ў бальніцы ў Нараўцы ўжо быў. Нашаму земляку ўдалося арганізаваць збор сродкаў сярод ўсіх слаёў насельніцтва, незалежна ад яго сацыяльнага становішча, купіць у бальніцу рэнтгенапарат. Канечне, прыйшлося і доктару вылажыць усе свае сціплыя зберажэнні…
Тут яго і застаў верасень 1939 года. Жыццёвы парадак імкліва мяняўся. Акрамя ўрачэбнай практыкі прыходзілася займацца і адкрыццём беларускіх школ у навакольных вёсках, выступаць з лекцыямі і гутаркамі на медыцынскую тэматыку перад насельніцтвам, прымаць удзел у якасці кіраўніка бальніцы і дэпутата сельскага Савета ў правядзенні сесій, выступаць на мітынгах: так патрабавала савецкая ўлада. Клопатаў, як у той пчолкі: ад раніцы да позняга вечара. І шматлікія выклікі ноччу: і да хворых, і да тых, хто нараджаўся, і да тых, хто паміраў.
Вялікая Айчынная вайна застала М.Марцінчыка ў Нараўцы (цяпер – Польшча). Выконваючы распараджэнне, паступіўшае з абласнога цэнтра Беластока (з верасня 1939 года па 22 чэрвеня 1941 г. пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Гродзеншчына ўваходзіла ў склад Беластоцкай вобласці) медперсанал Нараўскай бальніцы рыхтаваўся да эвакуацыі.
Але ў выніку жорсткіх баёў, якія вялі падраздзяленні Чырвонай Арміі ў першыя дні вайны на Беластоцкім выступе, у бальніцу ў Нараўцы сталі паступаць дзясяткі параненых чырвонаармейцаў. Месцаў у бальніцы не хапала, іх размясцілі ў будынку мясцовага сельсавета і ў клубе (тады называўся “Народны дом”). Хутка іх ужо было каля 150 чалавек.
У гэтай сітуацыі Мікалай Міхайлавіч прыняў мужнае рашэнне: аставацца з параненымі. А ўжо потым паступіла такое ж распараджэнне ад раённых уладаў з Гайнаўкі. Як потым ён пісаў у сваіх успамінах … праца была непамерна цяжкая. Прыходзілася адпачываць па пару гадзін у суткі. Праз некаторы час у Нараўцы аказаліся немцы. М.М. Марцінчык у гэты час знаходзіўся ў Народным доме, аглядаў параненых. Убачыўшы немцаў, зразумеў: можа быць страшэнная трагедыя. Чуткі аб іх зверствах ужо даходзілі да Нараўкі. Сэрца трывожна і неяк вельмі балюча забілася, затрапяталася ў грудзях, рукі здранцявелі. Нешта трэба было рабіць…
Марцінчык потым успамінаў: “
…Тады я ў белым халаце, падняўшы рукі, выйшаў у дзверы да немцаў і сказаў на польскай мове, што я – лекар, а тут знаходзяцца параненыя, і тут няма зброі. Тады яны ўскочылі ў Народны дом, абшукалі ўсё кругом, зброі не знайшлі, хаця, як потым высветлілася, некалькі пісталетаў і гранат усё-такі было, але, мусіць, гэтых няшчасных людзей бог мілаваў. Тады яны запыталі мяне, ці ёсць тут афіцэры ці камісары, на што я адказаў, што афіцэраў і камісараў тут няма, бо адступаючыя забралі іх з сабою…”.
Так і не знайшоўшы нічога і пераканаўшыся, што тут знаходзяцца на самай справе толькі параненыя салдаты (слава богу, ніхто не выдаў, што тут знаходзілася некалькі малодшых афіцэраў і два палітрукі), немцы ад’ехалі.
Але станавілася зразумелым, што гэта не апошні іх прыезд. Таму, па меры выздараўлення, былыя параненыя адпраўляліся самастойна ў пушчу. Як стала вядома ўжо потым, многія з іх далучыліся да партызан, а некаторыя – і самі былі арганізацыйным іх ядром.
У першыя дні ліпеня ў Нараўку прыбыла нямецкая часць для правядзення прачэсвання мясцовасці ад трапіўшых у акружэнне байцоў Чырвонай Арміі. А праз некалькі гадзін да доктара Марцінчыка з’явіліся два нямецкія салдаты на чале з унтэр-афіцэрам…
Але яму пашанцавала. Праз некалькі дзён пасля пільнай праверкі і допытаў тутэйшага насельніцтва доктара адпусцілі.
Пашанцавала нашаму земляку яшчэ і таму, што, як потым высветлілася, сам нямецкі афіцэр – гаўптман (капітан) быў у мірны час па прафесіі медык, а яшчэ і тое, што ён быў не з гестапа, што гэта былі яшчэ першыя месяцы вайны. І, канечне, тое, што доктар карыстаўся павагай сярод жыхароў Нараўкі.
Праз год яго зноў арыштавалі, на гэты раз – ужо гестапа, і павязлі доктара ў мястэчка Белавежа. Тут ў немцаў было месца, дзе прыводзіліся ў выкананне смяротныя прыгаворы – шыбеніца. Абвінавачванне тое ж самае: камуніст, лячыў бальшавікоў, выступаў на мітынгах.
Да ранейшых абвінавачванняў дабавіліся новыя: і цяпер лечыць партызан, ездзіў разам з іншымі камуністамі ў Маскву да Сталіна прасіць, каб далучыць Заходнюю Беларусь да Савецкага Саюза.
Некалькі дзён дапытвалі гестапаўцы доктара. Гэты допыт ужо не быў падобны на той, што праводзіў у ліпені 1941 года ў Нараўцы гаўптман-медык. Гестапаўцаў не столькі цікавілі яго выступленні на савецкіх мітынгах, колькі тое, ці дапамагае ён партызанам. І ўсё ж такі прамых доказаў у немцаў не было, зноў-такі дапамаглі сведчанні мясцовых жыхароў. Марцінчыка немцы выпусцілі. Але забаранілі жыць у Нараўцы (дзе сапраўды да доктара за дапамогай звярталіся партызаны – былыя параненыя чырвонаармейцы) і загадалі жыць у мястэчку Белавежа, дзе быў значны нямецкі гарнізон і гестапа. Але і з Белавежы Марцінчык, чым мог, дапамагаў сваім былым падапечным. Нават у сваёй кватэры пад носам у гестапа пратрымаў два тыдні дваіх цяжка хворых партызан, якіх яму прывезлі пад выглядам жыхароў лясной вёскі, што была пад Нараўкай, з фальшывымі дакументамі. Калі б аб гэтым даведаліся ворагі – не мінаваць бы яму шыбеніцы…
У 1945 годзе М. Марцінчыка (ён тады жыў і працаваў у Гродна) прадстаўлялі да ўзнагароджання медалём “Партызану Айчыннай вайны”. Не ўзнагародзілі… У нейкім кабінеце хтосьці з чыноўнікаў выкрасліў яго прозвішча: вельмі многа белых плямаў. Да 1939 года занадта актыўна займаўся прапагандай беларускасці (а гэта, аказваецца, не толькі польскім тагачасным уладам не падабалася, не спадабалася гэта і савецкім партыйным чыноўнікам). А тут яшчэ і тое, што быў на акупіраванай тэрыторыі – і застаўся жывы … Мала што яго арыштоўвалі, здзекваліся (як пры Польшчы, так і пры немцах) – а вось астаўся ў жывых… Не дапамаглі шматлікія сведчанні былых параненых…
Ноччу 1948 года ў кватэру Марцінчыка пастукалі …
… Пасля арышту Марцінчыка доўга ў Гродне не трымалі, адправілі ў Мінск. Хутка яму давялося сустрэцца з галоўным “энкавадзістам” Беларусі Цанавам. Гэтую размову вельмі часта ўспамінаў Мікалай Міхайлавіч у сталінска-берыеўскіх лагерах, расказваў ён аб гэтым і сваім родзічам і блізкім сябрам пасля вяртання на свабоду.
Марцінчыка асудзілі цераз паўгода пасля арышту: на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Разам з ім у сталінска-берыеўскіх ГУЛагах былі і такія “ворагі народа”, у якіх было альбо дзве каровы, альбо больш за 8 — 10 гектараў зямлі, ці больш за 5 фруктовых дрэваў у садзе…
Ім было прышыта кляймо “кулакоў”, гэта значыць ворагаў савецкай улады. Між іншым, з Бераставіччыны там было многа: сям’я Тамашчыкаў з Карпаўцаў (Дублян), цяпер член гэтай сям’і Я.А. Тамашчык – прафесар Гродзенскага медыцынскага ўніверстітэта, сем’і ўдзельнікаў жорсткіх баёў з немцамі ў Італіі ў 1944 г. у складзе арміі У.Андэрса, нашых землякоў А.Я. Акуліча з в. Старынцы, А.Г. Анішчыка з в. Гольні, І.П. Гулінскага з в. Леснявічы і многіх іншых.
Вярнуўшыся ў 1956 годзе з Варкуты, Мікалай Міхайлавіч яшчэ доўгі час працаваў у абласной бальніцы. Маючы багатую лекарскую практыку, перадаваў свой вопыт маладым. І сёння яшчэ і ў абласной бальніцы, і па розных кутках Гродзеншчыны працуюць яго вучні.
Заўсёды гатоў быў дапамагчы сваім землякам. У польскі час ахвяроўваў значныя сумы на мясцовыя школы. І ў польскія часы і ў савецкі перыяд, і знаходзячыся на заслужаным адпачынку, калі бываў у Кубельніках – заўсёды гатоў быў аказаць лекарскую дапамогу сваім землякам і не аднаго чалавека выратаваў ад смерці. Добрая слава аб яго лекарскіх здольнасцях, як і аб лекару з Жукевіч Доху, ішла ад Нараўкі і Гайнаўкі – да Беластока, а ў пасляваенны час – не толькі ў Гродне, але і па вобласці.
Вельмі цесныя сувязі былі ў Мікалая Марцінчыка з вядомым беларускім пісьменнікам Аляксеем Карпюком. Пазнаёміліся яны яшчэ ў час нямецкай акупацыі. Тады Аляксей Нікіфаравіч Карпюк быў камандзірам партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага. Родам быў ён з вёскі Страшава (цяпер Польшча), што недалёка ад Нараўкі і Белавежы, дзе працаваў у той час Марцінчык. Добрае слова аб доктару ў даваенны і ваенны час дайшло таксама да родных мясцін будучага пісьменніка. Таму ў 1944 годзе, калі пасля жорсткіх баёў падчас нямецкай блакады партызанскаму атраду імя Каліноўскага востра спатрэбіліся лякарствы і перавязачны матэрыял, на сувязь з доктарам пайшоў сам Карпюк. Камандзір быў упэўнены, што доктар акажа дапамогу. З таго часу Марцінчык дапамагаў партызанам Карпюка пастаянна: чым мог і як мог. А ўжо потым падтрымліваў малады пісьменнік сям’ю Марцінчыка ў час высылкі апошняга ў Сібір.
А калі ў пачатку 1960-х і сам Карпюк папаў у апалу пасля апублікавання сваёй аповесці “Мая Джамалунгма”, тут ужо падставіў сваё таварыскае плячо Мікалай Міхайлавіч. Разам з маладым, але ўжо добра вядомым пісьменнікам Васілём Быкавым, які тады яшчэ таксама жыў у Гродне, яны часта заходзілі да Карпюка на кватэру ці сустракаліся дома ў Марцінчыка ці Быкава.
У майскія дні 1980 года Мікалая Міхайлавіча не стала. Яшчэ 22-га на Міколу жыў чалавек, дзякаваў богу і свайму нябеснаму заступніку Мікалаю Цудатворцу за нялёгкае, але годна пражытае жыццё, а ў наступны дзень перастала біцца яго сэрца. Пахавалі на радзіме – на алекшыцкіх могілках, так як і прасіў Мікалай Міхайлавіч. І на помніку напісалі словы з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, якую ён вельмі любіў, як любіў і Кубельнікі, і Алекшыцы, і ўсю Беларусь.
Мікалай Пацэнка,
г.п. Вялікая Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *