З цікавай ініцыятывай – урачыста павіншаваць з днём нараджэння дзяцей, якія нарадзіліся 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, выступілі актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускага саюза жанчын пры падтрымцы аддзела загс райвыканкама.
Такіх імяніннікаў на Бераставіччыне аказала пяць чалавек, прычым, двое з іх – з аграгарадка Масаляны, а яшчэ трое – з Вялікай Бераставіцы.
У Масалянскі яслі-сад-пачатковую школу ў гэты дзень накіраваліся начальнік аддзела загс райвыканкама Святлана Сцепанчук, першы сакратар райкама БРСМ Ірына Вайцюк і намеснік старшыні раённай арганізацыі БСЖ Таццяна Жэнгелевіч, каб павіншаваць Арцёма Пасько, якому 15 сакавіка споўнілася тры гады, і Дар’ю Навасад, якая ў гэты дзень адзначыла свой восьмы дзень нараджэння (на здымку). Дзеці атрымалі памятныя падарункі ад грамадскіх аб’яднанняў, віншавальны адрас і прыгожую вокладку на пасведчанне аб нараджэнні ад аддзела загс райвыканкама.
У Вялікай Бераставіцы арганізатары акцыі чакалі імяніннікаў з бацькамі ў музеі Вавёркі, дзе іх таксама павіншавалі з днём нараджэння, які супаў з галоўным святам нашай дзяржавы, уручылі падарункі і правялі невялікую экскурсію па музеі.
Падарунак на 82-і дзень нараджэння, які таксама адзначыў 15 сакавіка, атрымаў і стараста вёскі Дзіневічы Сцяпан Качан. І хоць у гэты дзень Сцяпан Дзмітрыевіч знаходзіўся ў бальніцы, да яго з віншаваннямі прыехалі старшыня Малабераставіцкага сельвыканкама Аляксей Грынюк, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Малабераставіцкі элітгас” Таццяна Жэнгелевіч і супрацоўнікі філіяла па культурна-дасуговай дзейнасці аг. Малая Бераставіца Любоў Валейка і Ганна Варанцова.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара