Бераставічане пакінулі свой след на Дне беларускага пісьменства

День белорусской письменности Культура Лента новостей

Маштабы святкавання Дня беларускага пісьменства ў Слоніме, без перабольшвання, здзіўлялі кожнага прысутнага на ўрачыстасці. Чаго толькі не было: адкрыццё помніка Льва Сапегі, фестываль кнігі і прэсы, выстаўка СМІ, спартыўныя спаборніцтвы, шэраг найцікавейшых экспазіцый, пасадка Эдэмскага сада, неверагодна абшырны гандаль – ўсё пералічыць ну проста немагчыма! Безумоўна, каб спаўна адчуць дух святкавання, трэба тут пабываць!

Канешне ж, святочны настрой нельга ўявіць сабе без звонкай беларускай песні. А на Дне беларускага пісьменства з кожнага куточка гучалі залівістыя мелодыі ў выкананні аматарскіх калектываў з усёй вобласці ў рамках праекта “Гродзенскія падворкі”. Сярод усіх – бераставічане. Цешылі найпрыгажейшымі галасамі жыхароў Слоніма і гасцей свята ансамблі “Канцона”, “Стокроткі” і “Бераставіцкія музыкі”. Дарэчы, ансамбль «Бераставіцкія музыкі» заняў ІІ месца ў абласным конкурсе ансамбляў беларускай музыкі і песні «І родная мова, як песня, гучыць». Ну вельмі горача было на бераставіцкім падворку! Што ні нумар – гледачы, ад самых малодшых да старэйшых, пускаліся ў пляскі, актыўна падпявалі артыстам і не шкадавалі шчырых апладысментаў.

 

 

А спевакі тым часам не проста выконвалі многім вядомыя кампазіцыі, але і разгарнулі на сцэне сапраўдныя тэатральныя прадстаўленні, якія нашлі водклікі ў сэрцах кожнага з прысутных.

 

Можна без перабольшвання казаць, што бераставіцкіх спевакоў у Слоніме запомняць надоўга!

Між тым на цэнтральнай плошчы горада быў развёрнуты святочны гандаль, а там – раздолле для кожнага. Сярод мноства павільёнаў – гандлёвыя палаткі прадстаўнікоў Дамоў рамёстваў з родных куткоў Гродзеншчыны. Свае вырабы прапаноўвалі ўдзельнікам свята і супрацоўнікі Бераставіцкага раённага Дому рамёстваў.

Карацей кажучы – сваё “слова” на Дне беларускага пісьменства бераставічане “сказалі” спаўна, і, без сумненняў, зарадзіліся яскравымі эмоцыямі на год уперад!

Анжаліка ДУДКО,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *