Бераставічане на фестывалі “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”

Лента новостей

У суботу, 26 жніўня, тэрыторыя шлюза “Дамброўка” Аўгустоўскага канала стала месцам сустрэчы ўдзельнікаў адразу трох фестываляў. У рамках XVII абласнога адкрытага фестывалю народнай творчасці “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў” адбыўся рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” і заключны этап рэгіянальнага фестывалю фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. Удзел у сустрэчы народных майстроў і творчых асоб з усіх куточкаў Гродзеншчыны прынялі і прадстаўнікі Бераставіцкага раёна.

Фестывалі гэтыя існуюць не адзін год. Кожны па-свойму адметны, мае пэўныя традыцыі, асаблівасці і формы правядзення, аднак мэты ў іх аднолькавыя – выяўленне самабытных носьбітаў рэгіянальнага фальклору і знаёмства шырокіх слаёў грамадства з лепшымі ўзорамі народнай творчасці.
Сёлета вынікі рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” і рэгіянальнага фестывалю фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” былі падведзены на Аўгустоўскім канале.
Нагадаем, праслухоўванні ўдзельнікаў фестывалю “Панямоння жыватворныя крыніцы” стартавалі напрыканцы мая з адборачных (занальных) тураў, на якіх кожны раён Гродзенскай вобласці прадстаўляў фальклорныя здабыткі сваёй мясцовасці. Фальклорная праграма Бераставіцкага раёна складалася з тэатралізаванага абраду “Завіванне куста”, з якім выступілі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага гуртка “Дударочкі” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Стары Дворац. Сваёй творчасцю дзяліліся ўдзельніцы фальклорнага гурта “Надзея” сельскага клуба сацыяльна- культурных паслуг в. Пыхоўчыцы. “Легенду пра заснавальнікаў Вялікай Бераставіцы – Бераста і Тавіцу” распавёў краязнаўца Мікалай Пацэнка ў намінацыі “індывідуальны выканаўца (народная проза)”. Мікалай Іванавіч, дарэчы, прайшоў у заключны этап фестывалю, таксама як і ўдзельніца гурта “Надзея” Рэгіна Пальяноўская, якая выконвала беларускую народную песню “Цячэ рэчанька”. Менавіта яны і прадстаўлялі Бераставіччыну ў вялікім канцэрце ўдзельнікаў апошняга тура фестывалю на галоўнай сцэне свята. Выступілі нашы артысты годна, атрымаўшы шчырыя апладысменты гледачоў.
Рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” распачаўся ў Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры з правядзення круглага стала на тэму “Захаванне і папулярызацыя асаблівасцей традыцыйнай культуры Гродзеншчыны”. Яго ўдзельнікамі сталі кіраўнікі і спецыялісты раённых устаноў культуры, вядучыя метадысты Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, навукоўцы і даследчыкі традыцыйнай культуры з Акадэміі мастацтваў, Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Ад Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ўдзел у пасяджэнні прыняў метадыст па фальклору і этнаграфіі Леанід Панасевіч.
Работнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры на чале з загадчыцай Тамарай Касьян таксама прысутнічалі на гэтым фестывалі. З выставай-прэзентацыяй вырабаў традыцыйнай культуры і сувенірнай прадукцыі яны ўдзельнічалі ў рабоце падворкаў.
Леанід Панасевіч:
– Тэма, якую мы абмяркоўвалі падчас круглага стала, з’яўляецца, на мой погляд, вельмі актуальнай і важнай. Удзельнікі сустрэчы падзяліліся вопытам сваёй дзейнасці па развіцці і захаванні традыцыйнай культуры і інтэграцыі яе ў сучаснае грамадства. Пазнавальным для мяне стала наведанне музея сапоцкінскай пісанкі і майстар-клас па роспісу яек мясцовай традыцыйнай тэхнікай васкавання.
Тамара Касьян:
– Кожны падворак быў па-свойму адметным, каларытным. Дэманстраваліся народныя касцюмы, традыцыйныя беларускія стравы, унікальныя абрады і побытавыя танцы. На Бераставіцкім падворку быў наладжаны майстар-клас па саломапляценні. Прыемна, што жадаючых паўдзельнічаць у ім сабралася нямала. Адзначу, што за актыўны ўдзел у фестывалі Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці быў узнагароджаны дыпломам ад арганізатараў свята.
Мікалай Пацэнка:
– Удзел у фестывалі – гэта вельмі цікавы і карысны вопыт для мяне. Я атрымаў шмат прыемных уражанняў ад атмасферы, якая панавала на Аўгустоўскім канале, ад выступленняў калег-удзельнікаў канцэрта. Вельмі хораша праспявала Рэгіна Браніславаўна Пальяноўская. Радуе, што на Бераставіччыне нямала таленавітых носьбітаў аўтэнтычнага фальклору, прычым творчых і энергічных у дастаткова сталым узросце.
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *