Бераставічане на “Свіслацкім кірмашы”

Лента новостей

kirmash 2 kirmashРэгіянальнае свята “Свіслацкі кірмаш” адбылося ў суботу, 16 жніў­ня, ў Свіслачы. Сёлета кірмаш, які нашы суседзі адрадзілі ў мінулым годзе, супаў з раённымі Дажынкамі. У гэты дзень ушаноўвалі і ўзнагароджвалі перадавікоў жніва.
Трэба адзначыць, што даўнія традыцыі культурнага жыцця Свіслачы падчас святочнага гандлю, без сумнення, можна занесці ў скарбніцу сусветнай кірмашовай культуры. Наладжаныя ў 1792 го­дзе, дзякуючы тагачаснаму ўладальніку Свіслачы графу Вінцэнту Тышкевічу, свіслацкія Успенскія кірмашы хутка набылі папулярнасць. Сюды прывозілі свой тавар гандляры амаль з усёй Еўропы.
Арганізатары “Свіслацкага кірмашу” пастараліся аднавіць атмасферу і каларыт, якія панавалі падчас тагачасных святаў. Пра гэта сведчыць шырокая тэатралізаваная і гульнявая праграма, якая традыцыйна ўключае ў сябе выставу-продаж вырабаў народных майстроў Гродзенскай вобласці, майстар-класы па знаёмству з азамі таго ці іншага рамяства, конкурс-выставу на лепшую кветкавую кампазіцыю, выступленні лепшых творчых калектываў Гродзеншчыны, а сёлета яшчэ і Брэстчыны, традыцыйныя кірмашовыя забавы і атракцыёны, канцэрт класічнай музыкі, тэатральна-музычнае прадстаўленне “Кветкавы баль у графа Тышкевіча”, частаванне стравамі беларускай і літоўскай кухні ў “старажытных карчмах” і шэраг іншых атрыбутаў падобных гулянняў.
У рэгіянальным свяце прынялі ўдзел і бераставіцкія артысты і народныя майстры. На гульнявой пляцоўцы “Вясёлы дворык” свіслачан і шматлікіх гасцей горада веся­лілі народнымі гуль­нямі і конкурсамі прадстаўнікі Пархі­маўскага Дома культуры і вольнага часу – дырэктар установы Ірына Дзярнейка і ўдзельніца аматарскага аб’яднання “Мая сям’я” Жанна Мінда. Дарэчы, гульнявая праграма Пархімаўскага ДКіВЧ пад назвай “А ў нас, як у вас” сабрала на пляцоўцы нямала прыхільнікаў беларускіх народных кірмашовых забаў. У “Горадзе майстроў” свае саламяныя і гліняныя вырабы, прадметы вузельчыкавага пляцення, роспіс па дрэве, дробную кераміку прадстаўлялі дырэктар Бераставіцкага Дома рамёстваў, майстар саломапляцення Тамара Касьян і кіраўнік гуртка Наталля Галавач. А ўвечары на пляцоўцы з прыгожай назвай «Шляхецкі праменад» у канцэрце класічнай музыкі выступіў народны жаночы вакальны ансамбль Бераставіцкай ДШМ “Канцона”. Калектыў выканаў шэсць твораў.
Святлана Ганчарова, фота Яны Зорынай



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *