Сусветны дзень прафілактыкі СНІДу актывісты раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі разам з супрацоўнікамі ДАІ і валанцёрамі Вялікабераставіцкай сярэдняй школы адзначылі выхадам на вуліцы гарадскога пасёлка, каб яшчэ раз напомніць жыхарам Вялікай Бераставіцы аб тым, якую небяспеку нясе гэтае страшнае захворванне. Дапамогу ў правядзенні акцыі аказалі і раённыя арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і РГА “Белая Русь”, якія набылі для раздачы валанцёрам чырвоныя стужкі, буклецікі і сродкі засцярогі ад захворвання.
1 снежня увесь свет актыўна ўздымае праблемы ВІЧ-інфекцыі і СНІДу, але, на жаль, не ўсе ведаюць і памятаюць, што існуе такі дзень. Аднак рэальная пагроза датычыць літаральна кожнага з нас – гэта стараліся данесці да людзей удзельнікі акцыі. Супрацоўнікі ДАІ спынялі аўтамабілі, правяралі ў вадзіцеляў камплектацыю аптэчак, а валанцёры павязвалі ім чырвоныя стужкі – сімвалы Сусветнага дня прафілактыкі СНІДу – уручалі буклеты і яшчэ раз прызывалі ўсіх берагчы ўласнае здароўе і здароўе сваіх блізкіх, быць адказнымі ў сваіх паводзінах. Бо толькі здаровыя духоўна і фізічна людзі змогуць паставіць заслон ВІЧ-інфекцыі і СНІДу.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара