Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пачаў актыўную падрыхтоўку да трэцяга працоўнага семестра. Другасная занятасць моладзі ў летні перыяд аб’яўлена прыярытэтным накірункам работы маладзёжнай арганізацыі, і на 41 з’ездзе БРСМ пастаўлена сур’ёзная задача: працаўладкаваць летам не менш чым па 10 тысяч маладых людзей у кожнай вобласці і Мінску. Каб выканаць запланаванае, ужо цяпер саюз моладзі пачаў фарміраванне маладзёжных атрадаў: будаўнічых, сервісных, педагагічных, сельскагаспадарчых, экалагічных, валанцёрскіх і іншых. Тэрытарыяльныя камітэты БРСМ таксама вядуць пошук запатрабаваных вакансій для студэнцкіх атрадаў, магчымых працадаўцаў і маладых людзей, якія жадаюць летам папрацаваць і зарабіць свае ўласныя грошы.
Падрыхтоўка да працоўнага лета вядзецца і ў Бераставіцкім райкаме БРСМ. Супрацоўнік раённага камітэта Вольга Марцён паведаміла, што ўсе, хто мае жаданне папрацаваць летам, могуць звяртацца ў наш райкам БРСМ, дзе вядзецца адпаведны запіс.
Новаўвядзенне гэтага года – магчымасць падаць электронную заяўку ў рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў у любы зручны час са свайго камп’ютара.
На галоўнай старонцы інтэрнэт-партала “Моладзь Беларусі” www.brsm.by размешчана стылізаваная карта Рэспублікі Беларусь, на якой можна выбраць вобласць, раён, горад, у якім хацелася б па-працаваць у час летніх канікул, і запоўніць анкету.
Адпаведны тэрытарыяльны камітэт БРСМ прыме заяўку і абавязкова адкажа на запыт, прапануючы магчымыя вакансіі.
Праца ў студэнцкіх атрадах паспрыяе таму, што маладыя людзі будуць заняты ў летні перыяд карыснай справай, атрымаюць дадатковую прафесію, знойдуць новых сяброў і, што не мала важна, будзе добрай матэрыяльнай падтрымкай.
Ірына МІКЛАШ