Бераставіцкі “Манжэрок” – сярод лепшых на конкурсе імя Горскага

Лента новостей

Вакальная група ўзорнага дзіцячага хору “Манжэрок” Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў стала ўладальнікам дыплома ІІІ ступені абласнога конкурсу імя К.Горскага сярод навучэнцаў дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў. Конкурс гэты дастаткова прэстыжны, са сваёй гісторыяй і традыцыямі. Ён праводзіцца ў Лідскім музычным каледжы, пачынаючы з 1995 года. З 2007 года мае статус абласнога.

Месца правядзення мерапрыемства выбрана невыпадкова: менавіта лідская зямля дала свету знакамітага кампазітара, скрыпача і канцэртмайстара Канстанціна Горскага, які жыў у Польшчы і быў вядомы як выдатны саліст-віртуоз. Аднак для яго ўсё пачыналася ў глыбінцы, як, дарэчы, гэта адбываецца і цяпер. Менавіта на перыферыі растуць і сталеюць таленты. Напэўна, Канстанцін Горскі быў бы вельмі ўражаны, наколькі многа сёння таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Для многіх з удзельнікаў конкурс стаў сапраўдным штуршком для далейшай творчай дзейнасці, даў магчымасць працягнуць адукацыю ў Лідскім дзяржаўным музычным каледжы, музычных ВНУ краіны і за яе межамі.
Трэба адзначыць, што намінацыя “вакальны ансамбль”, у якой выступалі нашы юныя артысты, не ўключалася ў конкурс на працягу апошніх дзесяці гадоў. Сёлета гэтую намінацыю было вырашана адрадзіць. Каля 30 калектываў дэманстравалі сваё вакальнае і сцэнічнае майстэрства, выразнасць і эмацыянальнасць выканання, якасць падрыхтаванага рэпертуару і ансамблевага гучання вакалу. Прычым абмежаванняў па ўзросту не было: на раўных спаборнічалі і вучні малодшых класаў, і старшакласнікі. А гэта, згадзіцеся, дастаткова складана.
Бераставіцкія юныя вакалісты пакарылі членаў журы і слухачоў у зале сваёй асаблівай артыстычнасцю, эмацыянальнасцю, яркім і жывым выступленнем. Ды і ўзровень пеўчага выканання нашы юныя артысты прадэманстравалі належны. Невыпадкова граматай за высокае педагагічнае майстэрства ўзнагароджаны і кіраўнік узорнага дзіцячага хору “Манжэрок” Ірына Андрэеўна Серабракова. Менавіта яна – ідэйны натхняльнік калектыву. Вопытны і ініцыятыўны выкладчык выкарыстоўвае на занятках самыя разнастайныя методыкі і практыкаванні. А таму ўдзельнікі хору добра валодаюць асновамі правільнага дыхання, гукаўтварэння, артыкуляцыі. Ірына Андрэеўна падбірае арыгінальны і цікавы рэпертуар, які падабаецца і самім выканаўцам, і аўдыторыі. Вось і цяперашнія конкурсныя творы ў выкананні вакальнай групы сарвалі бурныя апладысменты і крыкі “Брава!”
Святлана Ганчарова

На здымку: удзельнікі вакальнай групы ўзорнага дзіцячага хору “Манжэрок” разам з кіраўніком хору Ірынай Серабраковай і канцэртмайстрам Галінай Архіпавай.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *