Бераставіцкі ліцэй: Тут навучаць быць сапраўднымі гаспадарамі

Лента новостей

Для правядзення абласнога семінара, які адбыўся нядаўна, Бераставіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй быў выбраны не выпадкова. На працягу дзясяткаў гадоў тут рыхтуюць кадры для аграрнага сектара і могуць падзяліцца з іншымі назапашаным перадавым вопытам. Для той часткі моладзі, якую не вабяць “агні вялікага горада”, а якая вы-бірае вёску, жадае цвёрда стаяць на зямлі і мець упэўненасць у заўтрашнім дні, лепшай прыступкі, чым рэальная прафесійная адукацыя, не знайсці. У многіх рэспубліках былога Савецкага Саюза такая грунтоўная падрыхтоўка была страчана, а ў Беларусі захавана. Авалодаўшы прафесійнымі навыкамі, можна працаваць у гаспадарцы, паступаць у аграрныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, стаць фермерам. Галоўнае, што патрабуецца ад тых, хто выбраў ліцэй – сур’ёзныя адносіны да вучобы і практыкі. І тады можна быць упэўненым – майстры вытворчага навучання і педагогі прыкладуць усе намаганні, каб гэтая першая прафесійная прыступка была паспяховай. Выязджаючы ў гаспадаркі нашага раёна, мне часта даводзіцца сустракацца з перадавікамі працы, пераможцамі спаборніцтваў, механізатарамі, якія добрымі словамі і з самай шчырай удзячнасцю ўспамінаюць сваю родную навучальную ўстанову, што дала ім пуцёўку ў самастойнае жыццё і дапамагла рэалізавацца. У многіх ужо стварыліся сапраўдныя дынастыі, дзе дзеці застаюцца вернымі аграрным прафесіям, выбраным у свой час бацькамі.
У полі зроку на абласным семінары –практыкуме былі самыя розныя пытанні. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснікі начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Іван Урбановіч і Алег Рахунок, начальнік аддзела прафесійна — тэхнічнай адукацыі ўпраўлення Віталій Дземчанка, галоўны спецыяліст Андрэй Сацішур, галоўны спецыяліст планава – эканамічнага сектара ўпраўлення Вольга Суворава і іншыя. Выконваючы такую важную задачу, як падрыхтоўка кадраў у ліцэях, вялікая ўвага ў вобласці надаецца таксама развіццю іх вучэбных гаспадарак. Дырэктары, кіраўнікі вучгасаў і галоўныя бухгалтары ўстаноў прафесійна – тэхнічнай адукацыі змаглі абмяняцца вопытам, пагутарыць, параіцца, каб ведаць і ўкараняць у сябе ўсё лепшае і перадавое.
Цікавым атрымалася наведванне вучэбнай гаспадаркі Бераставіцкага ліцэя. Добраўпарадкаваная тэрыторыя прываблівае адметным выглядам. Свінаферма на 300 галоў утрымліваецца ў належным стане. Цягне галінкі ў неба маладзенькі сад, расце маліна, нядаўна паблізу пасадзілі некалькі сажанцаў грэцкіх арэхаў. Паўсюдна адчуваецца людскі клопат. Ёсць і ўтульныя месцы для адпачынку, прыгожая альтанка. Госці з іншых раёнаў шчыра хвалілі такую гаспадарлівасць. На добрым прыкладзе і трэба вучыць маладую змену. Дарэчы, ад прадукцыі вучэбнай гаспадаркі ў мінулым годзе Бераставіцкі ліцэй атрымаў 331 мільён рублёў выручкі, а ў гэтым годзе тут яе плануюць павялічыць яшчэ больш. Сярэднясутачную прывагу свіней збіраюцца давесці да 520 – 530 грамаў, а ўраджайнасць збожжавых да 50 цэнтнераў з гектара. І калі так будзе, вучгас зможа не толькі сапернічаць з калегамі, але і з гаспадаркамі раёна і вобласці. Тут не спыняюцца на дасягнутым. Пасеялі азімы рапс, будуць сеяць кукурузу. Гэта дапаможа атрымліваць большую аддачу.
Дырэктарам і работнікам ліцэяў на семінары карысна было паслухаць, напрыклад, галоўнага спецыяліста планава – эканамічнага сектара ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Вольгу Сувораву (яна расказала пра асаблівасці сучасных метадаў планавання фінансава – гаспадарчай дзейнасці вучэбных гаспадарак), а таксама іншых спецыялістаў аблвыканкама. Уздымаліся на-дзённыя актуальныя пытанні. Гутарка вялася таксама пра ўлік вытворчай дзейнасці, фарміраванне адпускных цэн на сельгаспрадукцыю ўласнай вытворчасці і іншае.
Пабываць на абласным мерапрыемстве было вельмі цікава. Такое меркаванне выказвалі ўсе, да каго я звярталася.
А завяршыць свой матэрыял мне хочацца той жа думкай, якая была ў пачатку. Хутка лета, і многія ўчарашнія школьнікі задумаюцца пра выбар прафесіі. Краіне патрэбны кадры для сельскай гаспадаркі. У сельгаскааператывах шмат робіцца для таго, каб моладзь выбірала вёску. Напрыклад, там можна атрымаць бяс-платнае жыллё – добраўпарадкаваныя асабнякі. Гэта вельмі важна для маладых сем’яў. Выбірайце Бераставіцкі ліцэй – тут вас навучаць быць сапраўднымі гаспадарамі!
На аснове базавай адукацыі можна атрымаць сярэднюю і спецыяльнасці: трактарыст – машыніст катэгорый А, В, Д, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С; вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С, электрагазазваршчык 3 разраду; тынкоўшчык 3 разраду, абліцоўшчык – плітачнік 3 разраду; швачка 3 разраду, повар 3 разраду. Тэрмін навучання – 3 гады.
На аснове сярэдняй адукацыі можна вывучыцца на трактарыста – машыніста катэгорыі А, В, Д, вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі С. Тэрмін навучання – 1 год.
Усе гэтыя запатрабаваныя спецыяльнасці прыдатныя як для вёскі, так і для горада. А калі нехта не паступіў у ВНУ пасля сярэдняй школы, дык можа не страчваць год перад наступным паступленнем, а атрымаць за гэты час добрую прафесію.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *