Працягам дзейнасці Бераставіцкага раённага цэнтра народнай творчасці па захаванні і трансфармацыі ў сучаснае ассяроддзе аб’ектаў матэрыяльнай культурнай спадчыны стала абласная выстава “Бераставіцкія ўзоры” членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Марыі Уладзіславаўны Кажанеўскай і Алены Адольфаўны Барцэвіч з вёскі Плябанаўцы.
Чытачам “раёнкі” гэтыя майстрыхі ўжо вядомыя, дзякуючы артыкулу, надрукаванаму на старонках газеты ў мінулым годзе пасля этнаграфічнай вандроўкі ў вёску Плябанаўцы і знаёмства з творчасцю мясцовых ткачых.
Адзначым толькі, што ў свой час Марыя Уладзіславаўна і Алена Адольфаўна не толькі ткалі для сябе, але і стварылі цэлую калекцыю дываноў для Бераставіцкага Дома рамёстваў, удзельнічалі з выставамі сваіх вырабаў у раённых і абласных мерапрыемствах, былі актыўнымі ўдзельніцамі аматарскай творчасці пры мясцовым сельскім клубе. Да сённяшняга часу ў жанчын захоўваецца звыш 60 узораў пераборнага і закладнога ткацтва, распаўсюджанага на тэрыторыі гродзенскага рэгіёна. Менавіта яны і сталі асновай экспазіцыі “Бераставіцкія ўзоры”, якая адкрылася 15 мая ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і працягне сваю работу да 11 ліпеня.
Урачыстае адкрыццё выставы адбылося ў прысутнасці саміх майстрых, іх родных і блізкіх, а таксама адміністрацыі Гродзенскага АМЦНТ і наведвальнікаў-аматараў народнай творчасці.
З уступным словам да гасцей мерапрыемства звярнуўся вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклору Андрэй Петрук. Ён пазнаёміў прысутных з гісторыяй развіцця ткацтва на Гродзеншчыне.
Дырэктар Бераставіцкага раённага цэнтра народнай творчасці Алена Місюля расказала аб жыццёвым і творчым шляху плябанаўскіх ткачых і той рабоце, якая праводзіцца ўстановай па захаванні мясцовай рамеснай спадчыны. Алена Аляксандраўна выказала таксама словы падзякі спецыялістам Гродзенскага АМЦНТ за арганізацыю і афармленне экспазіцыі. Дарэчы, удзел Марыі Уладзіславаўны і Алены Адольфаўны ў абласной выставе – яшчэ адна прыступка да надання ім статуса народных майстроў Рэспублікі Беларусі.
Падчас адкрыцця дырэктар Гродзенскага АМЦНТ Ірына Дземянчук адзначыла, што на выставе вырабаў народных майстрых з Бераставіцкага раёна адчуваецца сувязь з мінулым, з Бацькаўшчынай, з традыцыямі продкаў. А самабытныя экспанаты Марыі Уладзіславаўны і Алены Адольфаўны захоўваюць цеплыню і шчырасць рук і сэрцаў гэтых таленавітых жанчын, якія нягледзячы на няпросты жыццёвы лёс, змаглі знайсці час для любімага рамяства і творчасці.
Дарэчы, пра навуку авалодання ткацтвам расказала прысутным Марыя Уладзіславаўна, успомніўшы сваё дзяцінства і юнацтва.
Марыя Кажанеўская і Алена Барцэвіч атрымалі дыпломы за асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю рамяства Гродзеншчыны і ўдзел у абласной выставе народнага мастацтва.
У рамках адкрыцця выставы для яе гасцей быў арганізаваны таксама майстар-клас метадыста АМЦНТ Алены Шунейка – унікальнага майстра габелена і падвойнага ткацтва.
Святлана Ганчарова, фота аўтара