Бераставіцкія школьнікі ўзняліся на абласны алімп

Лента новостей

IMG_1927З 13 па 16 студзеня праходзіў абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прад­метах. Больш за 800 школь­нікаў з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці правяралі тры­­ва­ласць сваіх ведаў па 16 ву­чэбных прадметах. У ас­ноў­ным, інтэлектуальныя спаборніцтвы праводзіліся на базе устаноў адукацыі Гродна, акрамя таго, алімпіяднікаў па рускай мове прымаў Скідаль, а па працоўнаму навучанню – Ліда.
Дэлегацыя Бераставіцкага раёна заваявала на абласным этапе два прызавыя месцы: удалым быў удзел у абласной алімпіядзе для прадстаўніц Вялікабераставіцкай СШ Вольгі Васіленкі і Вольгі Гурын, дзяўчаты вярнуліся з дыпломамі 2 і 3 ступеняў адпаведна.
Вольга Васіленка, вучаніца 10 “А” класа, прымала ўдзел у алімпіядзе па працоўнаму навучанню, рыхтавала яе настаўнік вышэйшай катэгорыі Таццяна Аляксандраўна Васіленка. А Вольга Гурын, вучаніца 10 “Б” класа, спрабавала свае сілы ў алімпіядзе па біялогіі пад кіраўніцтвам настаўніцы вышэйшай катэгорыі Зоі Аляксандраўны Анішчанка, вучні якой ужо неаднаразова займалі прызавыя месцы ў абласных алімпіядах.
Разам з дзяўчатамі радасць ад паспяховага выступлення на абласной алімпіядзе падзяляе ўвесь калектыў Вялікабераставіцкай СШ і лічыць гэту перамогу заслужанай.
Ганна Кулакова, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, так ахарактарызавала прызёраў алімпіяды:
— Вольга Васіленка за гады вучобы ў школе зарэкамендавала сябе як вельмі адказны і творчы чалавек. Неаднаразова ўдзельнічала ў конкурсах на лепшага чытальніка, дзе займала прызавыя месцы. Яна вельмі ўважліва адносіцца да людзей, і аднакласнікі адказваюць ёй тым жа – яна прызнаны лідар. На ўроках Вольга актыўная, пастаянна імкнецца да самаўдасканалення.
Таленавітая і працавітая дзяў­чына і Вольга Гурын. Яна паспяхова займаецца паглыбленым вывучэннем біялогіі і хіміі. Вольга сціплая, добразычлівая, у цяжкую хвіліну падтрымае добрым словам, прыйдзе на дапамогу, таму ў класным калектыве заслужана карыстаецца аўтарытэтам.
Ганна Аляксандраўна пад­крэсліла, што вялікая заслуга ва ўдалым выступленні на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды абедзвюх дзяўчат належыць педагогам, якія іх рыхтавалі, і ад імя адміністрацыі школы выказала падзяку Таццяне Аляксандраўне Васіленка і Зоі Аляксандраўне Анішчанка  і пажадала ім і іх вучаніцам не спыняцца на дасягнутым і ўпэўнена крочыць да новых вяршынь і новых перамог.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара

На здымку: Таццяна Аляк­сандраўна Васіленка, Вольга Васіленка, Вольга Гурын, Зоя Аляксандраўна Анішчанка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *