Прадстаўнікі Бераставіцкага раёна ўвайшлі ў лік пераможцаў і прызёраў абласных конкурсаў, паведамілі ў аддзеле адукацыі райвыканкама.
У рамках акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся» прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Юны натураліст”, арганізаваны Гродзенскім дзяржаўным абласным эколага-біялагічным цэнтрам дзяцей і моладзі.
Як расказала загадчык сектара сацыяльнай і арганізацыйна-педагагічнай работы аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Апунік, конкурс садзейнічаў актывізацыі і папулярызацыі дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах эколага-біялагічнага профілю і праводзіўся па намінацыях “Сад на новы лад”, “Жывая памяць” і “Сімвалы майго краю”. Удзел у конкурсе ад нашага раёна прынялі прадстаўнікі Вялікабераставіцкай СШ, Алекшыцкай СШ, Канюхоўскага ясляў-сада-СШ, Старадварэцкага ясляў-сада-БШ і Пархімаўскага ясляў-сада-БШ.
Па выніках абласнога конкурсу ў намінацыі «Сімвалы майго краю» перамаглі і ўзнагароджаны Дыпломам I ступені вучні 9 класа Алекшыцкай СШ Улад Курчыцкі, Міхаіл Спогар, Гогі Палакян (кіраўнік — Г.У. Румак).
Акрамя таго, з сакавіка па верасень 2018 года праводзіўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый «Упрыгожым Беларусь кветкамі».
Для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу былі накіраваны праекты Вялікаберастовіцкай СШ, Алекшыцкай СШ, Вялікаэйсмантаўскай СШ, СШ аг.Пагранічны, Кватарскага ясляў-сада – БШ, Канюхоўскага ясляў-сада – СШ і Пархімаўскага ясляў-сада – БШ.
І ў гэтым конкурсе прадстаўнікі нашага раёна не засталіся без узнагарод. Дыпломам III ступені ў намінацыі ”Як у You Tube” былі ўзнагароджаны вучні X класа Вялікаэйсмантаўскай СШ (кіраўнік — С.С.Кулікоўская), якія прадставілі відэаролік, што дэманстраваў іх ўменні і навыкі па стварэнні фларыстычнай кампазіцыі з прыроднага матэрыялу.
Ірына МІКЛАШ