Бераставіцкія школьнікі адпачываюць на вясновых канікулах

Лента новостей

З 25 по 30 сакавіка школьнікі адпачываюць на вясновых канікулах, набіраюцца сіл перад апошняй навучальнай чвэрцю. Аб тым, як арганізаваны  іх вольны час ва ўстановах адукацыі Бераставіччыны, я пацікавілася ў метадыста Бераставіцкага вучэбна-метадычнага кабінета Наталлі Кудлаш.

—  У перыяд вясновых канікул у сямі ўстановах адукацыі Бераставіцкага раёна  арганізавана работа аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем, — расказала Наталля Міхайлаўна. – Аздараўленчыя лагеры пачалі сваю работу ў Вялікабераставіцкай, Малабераставіцкай, Алекшыцкай  сярэдніх школах, сярэдняй школе аг. Пагранічны, Старадварэцкім і Пархімаўскім яслях-садах-базавых школах, а таксама Масалянскім яслях-садзе-пачатковай школе. Адпачыць і прайсці аздараўленне тут змогуць 110 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакае насычаная і цікавая праграма адпачынку на вясновых канікулах. Будзе арганізавана работа школьных стадыёнаў, спартыўных секцый, аб’яднанняў па інтарэсах, запланавана наведванне музеяў, памятных гістарычных комплексаў і мемарыялаў. У праграму выхавання дзяцей ўключаны таксама мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 75-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці, а таксама  Году малой радзімы.

Наталля Міхайлаўна адзначыла таксама, што ў мэтах папулярызацыі роднай мовы ў аздараўленчых лагерах, якія працуюць ва ўстановах адукацыі з рускай мовай навучання, адкрыты беларускамоўныя атрады. У прыватнасці, такія атрады дзейнічаюць у  Вялікабераставіцкай сярэдняй школе і ў сярэдняй школе аг. Пагранічны.

Чакаюць дзяцей на веснавых канікулах і ў Бераставіцкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі: тут штодзённа запланаваны конкурсна-гульнявыя і пазнавальныя праграмы, выставы і майстар-класы.

Арганізатары дзіцячага адпачынку стараюцца зрабіць яго карысным і цікавым,    каб час вясновых канікул   пакінуў у дзяцей толькі прыемныя ўспаміны.

Ірына МІКЛАШ

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *