“Бераставіцкія музыкі” вітаюць сяброў!

Лента новостей

музыки Выхадныя дні 16 і 17 ліпеня  для народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці выдаліся насычанымі. У суботу калектыў не толькі прымаў удзел у ІІ рэгіянальным фестывалі народнай творчасці “Сяброўскі фэст”, які праводзіўся ў Дзень горада Ваўкавыска, але і стаў яго лаўрэатам. А ў нядзелю артысты давалі вялікі канцэрт на адкрытай сцэне летняга амфітэатра ў Вялікай Бераставіцы ў рамках раённага фестывалю-конкурсу “Жывем мы музыкай і ёю мы адзіныя”. Такі шчыльны графік выступленняў “Бераставіцкіх музыкаў” невыпадковы. У Год культуры калектыў рэалізуе новы творчы праект пад назвай “Бераставіцкія музыкі” вітаюць сяброў!”, які прадугледжвае актывізацыю канцэртнай дзейнасці, а таксама прапаганду народнага песеннага мастацтва праз удзел у фестывалях рознага ўзроўню.

– З пачатку года мы выступілі ўжо больш чым з дваццаццю канцэртамі ва ўсіх сельгаскааператывах і ўстановах адукацыі раёна, ва ўсіх суседніх з Бераставіцкім раёнах Гродзеншчыны, – расказвае мастацкі кіраўнік “Бераставіцкіх музыкаў” Юрый Заяц, які ў ансамблі з самага яго стварэння. – І вельмі ўдзячны ўсім нашым гледачам за цёплы шчыры прыём і падтрымку нашай дзейнасці. Гэта дае артыстам вялікі стымул працаваць з яшчэ большай адказнасцю, ставіць перад сабой новыя творчыя мэты. Удзел у “Сяброўскім фэсце”, ініцыятарам якога ў свой час выступіў народны ансамбль народнай музыкі і песні «Уладары» Ваўкавыскага раённага Дома культуры, падарыў нам цудоўную магчымасць абмяняцца прафесійным вопытам паміж народнымі калектывамі з іншых рэгіёнаў краіны, наладзіць творчыя і сяброўскія сувязі.
Увогуле ж фестывальнае жыццё ансамбля “Бераставіцкія музыкі” дастакова багатае. За час свайго існавання артысты пабывалі на шматлікіх фестывалях абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў у Беларусі і за яе межамі, напрыклад, у Польшчы і Літве.
– Сярод найбольш яркіх і памятных нашых творчых паездак можна назваць Усебеларускі фестываль народнага гумару ў Аўцюках, Усебеларускі фестываль “Беларусь – мая песня”, фестываль беларускай песні ў Літве, дзе мы выступілі з канцэртамі ў гарадах Панявежыс, Вільнюс і Шаўляй, – дзеліцца Юрый Яўгеньевіч. – Толькі прыемныя ўспаміны засталіся ад удзелу ў такіх польскіх фэстах, як Міжнародны фестываль жартоўнай песні ў мястэчку Чарна Беластоцка, Міжнародны фестываль беларускай культуры “Сяброўская бяседа” ў Гарадку, Агульнапольскі фестываль “Беларуская песня” ў Дуброве Беластоцкай, запрашэнне на які, дарэчы, мы атрымалі ад Беларускага грамадска-культурнага таварыства, з якім у нас наладжана даўняе культурнае супрацоўніцтва.
Адметнай падзеяй у творчай біяграфіі калектыву стала запрашэнне на Міжнародны кір­маш прадпрымальнікаў Памо­р’я ў польскі горад Шымбарг, дзе бераставіцкія артысты, удзель­нічаючы ў культурнай частцы гэ­тага буйнога рэгіянальнага эканамічнага мерапрыемства, выступілі з канцэртамі ў гарадах Гданьск і Слупск. Каштоўны творчы вопыт атрымалі і наведаўшы фестывалі сярэдневяковай культуры “Навагрудскі замак”, Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у г.Паставы, абласны экалагічны фестываль “Гамоняць пушчы беларускія…” ў Свіслачы.
– Сапраўдным гонарам для нас было прадстаўляць Гро­дзеншчыну на справаздачных канцэртах мастацкіх калектываў нашай вобласці ў Мінску на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі і ў Палацы Рэспублікі, – гаворыць Юрый Яўгеньевіч. – Ну, а ў такіх мерапрыемствах, як рэгіянальныя святы «Свіслацкі” і “Ганенскі” кірмашы, “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў”, выстава-кірмаш “Еўрарэгіён “Нёман”, Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, рэспубліканскія і абласныя “Дажынкі”, мы ўдзельнічаем пастаянна.
Народны ансамбль “Бераставіц­кія музыкі” на працягу ўжо звыш 25 гадоў вядзе актыўную прапаганду беларускай фальклорнай спадчыны, збірае, вывучае і захоўвае народнае песеннае мастацтва. Аднак у рэпертуары калектыву не толькі беларускія песні, але і рускія, украінскія, польскія. Ёсць і аўтарскія творы мясцовых сама­дзейных кампазітараў і паэтаў Івана Кухарскага, Уладзіміра Лук’яненкі, Ніны Суднік, народныя творы ў тэкставай апрацоўцы Людмілы Цыбулькі, як напрыклад, песня “Шыпшына”, якая стала візітнай карткай “Бераставіцкіх музыкаў”.
Песні пра каханне, пра любоў да беларускай зямлі і да роднага пасёлка, прыпеўкі жартоўнага характару ў выкананні бераставіцкіх артыстаў гучаць заўсёды шчыра, пранікнёна, весела і задорна. Яны простыя і зразумелыя гледачам любога ўзросту і сацыяльнага становішча, кранаюць за душу ўсіх – нават самых дасведчаных і строгіх крытыкаў.
“Бераставіцкія музыкі” маюць шмат прыхільнікаў сваёй творчасці і ў раёне, і па-за яго межамі. Калектыў вядомы на Гродзеншчыне сваёй харызмай, адметнай выканальніцкай манерай, жывым і непасрэдным кантактам з публікай. А таму яго выступленні па праву можна назваць упрыгожаннем абласных мерапрыемстваў.
– Творчы праект, распачаты намі ў Год культуры, будзе працягвацца і надалей, – дзеліцца планамі Юрый Яўгеньевіч. – Жыхароў раёна чакаюць новыя сустрэчы з народнай музыкай і песняй.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *