Юныя мастакі Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў працягваюць заяўляць пра сябе на міжнародным узроўні, удзельнічаючы ў конкурсах адпаведнага значэння. Дзякуючы сумесным намаганням вучняў і настаўнікаў, вынікі гэтага ўдзелу смела можна назваць паспяховымі.
“Люблю цябе,
мой родны край!”
– назва III Міжнароднага конкурсу сацыяльна значных плакатаў, ініцыіраванага Навасібірскай гарадской дзіцяча-юнацкай грамадскай арганізацыяй “Салярыс” (Расія). Яго мэта – праз жанр плаката заклікаць грамадства да спраў, якія робяць прыгожым і шчаслівым родны край, якія сцвярджаюць на Зямлі ідэалы дабра, справядлівасці, высокай культуры. Таму і тэмы для плакатаў былі прапанаваны адпаведныя: “Найперш думай пра Радзіму, а потым пра сябе”, “ Квітней, наш слаўны горад, дзеля міру на Зямлі!”, “Культура – шлях да шчасця народаў!”, “Няхай Зямля родная наша стане лепш, чысцей, прыгажэй!”, Рабі добрую справу дзеля шчасця людзей!”, “Творчасць прыгажосці – шлях да дасканаласці”. Шматлікія варыянты раскрыцця гэтых тэм даслалі на конкурс звыш 2000 удзельнікаў розных узростаў – ад 6 гадоў і без абмежавання, з розных гарадоў Расіі, Беларусі і Казахстана. У тым ліку і юныя мастакі Бераставіцкага раёна – Аляксандра Крэйза, Марыя Кіган і Аляксей Матысік з райцэнтра, Ірына Хомачкіна і Ганна Касценіч з Пагранічнага філіяла школы мастацтваў, Вераніка Белавус, Анастасія Грышчанка, Валерыя Талочка і Адам Латош з Эйсмантаўскага філіяла.
Сярод дастаткова вялікай колькасці ўдзельнікаў узроставай групы 9-12 гадоў плакат Веры Белавус (настаўніца Алена Якаўчук) пад назвай “Чалавек, твары, кахай і дары людзям радасць!” быў адзначаны дыпломам II ступені. Гэта прыемная навіна і значнае дасягненне як для самой юнай мастачкі, так і для яе настаўніцы. Дзяўчынку чакае яшчэ і каштоўны прыз.
Плакаты Аляксандры Крэйзы, Валерыя Цярэшкі і Аляксея Матысіка (настаўнік Андрэй Втарушын), Ірыны Хомачкінай і Ганны Касценіч (настаўніца Наталля Жалязоўская), а таксама Адама Латоша (настаўніца Алена Якаўчук) прайшлі ў другі тур конкурсу і адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў, а настаўнікі, якія рыхтавалі вучняў, атрымалі Падзячныя лісты. Дарэчы, плакаты, якія прайшлі ў другі тур конкурсу, дэманстраваліся на публічнай выставе ў Інстытуце мастацтваў Навасібірскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, якая праходзіла з 3 па 17 красавіка.
“Адкрытая Еўропа – Адкрытая планета”
XIII Маскоўскі міжнародны фестываль-конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці “Адкрытая Еўропа – Адкрытая планета” традыцыйна ахоплівае ўсе віды мастацтва – ад харэаграфіі да мастацкага слова. Ён праводзіцца з мэтай паспрыяць захаванню агульнай культурнай і інфармацыйнай прасторы паміж Еўрапейскім Саюзам і Расійскай Федэрацыі, развіццю дзіцячага і маладзёжнага фестывальнага руху ў Еўропе, прыцягненню да гэтага руху не толькі розных рэгіёнаў Расіі, але і краін Азіі і Афрыкі.
Навучэнка мастацкага аддзялення Пагранічнага філіяла Ганна Касценіч (настаўніца Наталля Жалязоўская) праявіла сябе ў намінацыі “мастацкая і дэкаратыўна-прыкладная творчасць”. Ганна стала дыпламантам I ступені, прадставіўшы на конкурс работу ў тэхніцы “вітраж” пад назвай “Мае кветкі”.
«Адкрытая Еўропа – Адкрытая планета» – фестываль-конкурс з шырокай геаграфіяй. У ліку яго ўдзельнікаў канкурсанты з Аўстрыі, Беларусі, Іспаніі, Казахстана, Кітая, Латвіі, Македоніі, Расіі, Сербіі, Туніса, Украіны, Францыі, Эстоніі і Японіі. Перамагчы ў такім маштабным праекце вельмі ганарова. Віншуем Ганну і яе настаўніцу!
«КрасаWEEK»
У VI Міжнародным дзіцяча-юнацкім конкурсе выяўленчага мастацтва «КрасаWEEK», які праводзіцца Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжам імя А.К. Глебава з мэтай выяўлення адораных дзяцей, раскрыцця іх мастацкіх здольнасцяў і далейшай падтрымкі, юным мастакам Бераставіччыны даводзіцца ўдзельнічаць ужо ў другі раз. І, як і летась, Бераставіцкая дзіцячая школа мастацтваў прагучала ў спісе лепшых. Твор вучаніцы 5 класа мастацкага аддзялення школы мастацтваў з гарпасёлка Марыі Кіган (настаўнік Андрэй Втарушын) пад назвай “Пейзаж з белым канём” адзначаны дыпломам і спецыяльным прызам у намінацыі “Жывапіс”, таксама як і вітраж пад назвай “Васількі” вучаніцы 3 класа Пагранічнага філіяла Ганны Касценіч (настаўніца Наталля Жалязоўская) у намінацыі “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.
Удзельнічалі ў конкурсе таксама Адам Латош, Ірына Хомачкіна, Аляксандра Крэйза, Аляксей Матысік і Валерый Цярэшка. Аднак пашанцавала толькі дзвюм нашым канкурсанткам. У суботу, 23 красавіка, адбылося ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу і ўручэнне спецыяльных прызоў.
***
Юныя мастакі Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў прымалі ўдзел таксама ў VI Міжнародным маскоўскім маладзёжным конкурсе творчых работ “Наш славянскі свет”. Аляксей Матысік і Аляксандра Крэйза (настаўнік Андрэй Втарушын) адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў гэтага конкурсу.
Падзячным лістом будуць адзначаны настаўнікі мастацкіх дысцыплін Андрэй Втарушын і Алена Якаўчук, якія рыхтавалі сваіх вучняў да ўдзелу ў XI Міжнародным конкурсе жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”. Сярод вялікай колькасці работ, дасланых на конкурс, журы адзначыла малюнкі Аляксандра Чамеля і Анастасіі Якаўчук.
Святлана Ганчарова