Геаграфічнае становішча нашай краіны такое, што ў нас няма багатых прыродных выкапняў, таму эканоміка ў многім арыентаваная менавіта на тое, што беларусы ўмеюць добра рабіць. А жывёлагадоўля – традыцыйны занятак для нашых суайчыннікаў. За аснову прымаецца сусветны вопыт – нарошчванне выпуску якаснай сыравіны шляхам мадэрнізацыі і інтэнсіфікацыі вытворчасці. У полі зроку аграрыяў, безумоўна, і скарачэнне выдаткаў.
Жывёлаводы могуць быць упэўненыя, што іх прафесія будзе запатрабаванай заўсёды, бо харчаванне чалавека – адна з асноўных яго патрэб. А попыт на малочную прадукцыю ў свеце расце разам з ростам насельніцтва.
На Бераставіччыне вядзецца планамерная работа. Раскрыццё генетычнага патэнцыялу буйной рагатай жывёлы, належны догляд і клопат пра яе здароўе, правільнае яе харчаванне даюць добрыя вынікі. У лічбах, “як у люстэрку” можна ўбачыць станоўчую дынаміку ў гэтай важнай галіне.
Пастаянна ў полі зроку жывёлаводаў “вал” і якасць малака. Валавы надой па раёне за 7 месяцаў гэтага года дасягнуў 397357 цэнтнераў. Рост склаў 105 працэнтаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. У СВП “АграМір” рост склаў 116 працэнтаў, а “вал” пацягнуў на 28337 цэнтнераў. Нарошчваюць вытворчасць сыравіны ў СВК “Цецяроўка” – у іх рост 110 працэнтаў (надаілі 50285 цэнтнераў). У СВК “Малабераставіцкі элітгас” адзначаецца рост 105 працэнтаў, усяго малака надаілі тут 53710 цэнтнераў. Павышаюць сваю планку ў СВК “Алекшыцы” і “Пархімаўцы” – 104 працэнты росту і валавы надой адпаведна – 49882 і 32097 цэнтнераў, у РУСП “Масаляны” і СВК “Макараўцы” рост па 103 працэнты і адпаведна “вал” 49132 і 53024 цэнтнеры сыравіны. У СВК імя Варанецкага адзначаецца рост 102 працэнты, валавы надой дасягнуў 49006 цэнтнераў. У аграфірме “Стары Дворац” вытворчасць знізілася на адзін працэнт у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, а “вал” складае 31944 цэнтнеры. Ва ўсіх гаспадарках стараюцца. Там, дзе высокія надоі, павялічыць іх ужо не так проста. Але рэзервы яшчэ ёсць, лічаць жывёлаводы.
У полі зроку аграрыяў, безумоўна, і якасць малака. Арыентавацца ў сучасных эканамічных умовах трэба на высакаякасную сыравіну. Выйграе ад гэтага ў першую чаргу сам вытворца. За малако “экстра” добра плацяць.
Гатункам “экстра” на Бераставіччыне за 7 месяцаў гэтага года здадзена 14 працэнтаў малака, найбольш у СВП “АграМір” – 94 працэнты. У аграфірме “Стары Дворац” “экстрай” здалі 45 працэнтаў, у РУСП “Масаляны” – 32 працэнты сыравіны. Дарэчы, у магазінах рэспублікі ўсё часцей можна бачыць малако і кефір з адзнакай “з гатунку “экстра”, але і каштуюць яны даражэй. Безумоўна, для здароўя яны больш карысныя, таму што больш якасныя.
А на карову самы высокі надой на Бераставіччыне адзначаецца ў РУСП “Масаляны” – 4996 кілаграмаў (плюс 97 кілаграмаў). У СВК “Алекшыцы” надаілі 4939 кілаграмы (плюс 60), у СВК “Малабераставіцкі элітгас” – 4297 (плюс 18 кілаграмаў), у СВП “АграМір” – 3637 кілаграмаў (плюс 85), у СВК “Пархімаўцы” – 3496 кілаграмаў (плюс 52). Па раёне сярэдні надой на карову склаў 4025 кілаграмаў (плюс 14 кілаграмаў).
Прыемна, што для новых відаў прадукцыі ў ААТ “Малочны Мір” выкарыстоўваецца якасная сыравіна з Бераставіччыны. Яны знаходзяць свайго ўдзячнага пакупніка. Напрыклад, з малака гатунку “экстра” на ААТ “Малочны Мір” па асабліваму рэцэпту выпускаецца адмысловы і карысны кісламалочны напітак. Смак яго вельмі прыемны, лагодны, добра спаганяе смагу ў спёку. Самі “аграміраўцы” з вялікім задавальненнем выказаліся пра смакавыя якасці кісламалочнага дэлікатэсу, да якога маюць непасрэднае дачыненне, бо гэта іх рукамі вырабляецца для яго высакаякасная аснова. Сапраўды, малако і кефір нам вядомыя з дзяцінства, а новыя ўдалыя малочныя “варыяцыі“ павялічваюць асартымент прадукцыі на прылаўках магазінаў, робяць яго больш багатым і разнастайным – на любы густ.
Ніна Наддэ,
фота аўтара