Першы абласны кніжны фестываль “Кніга і час” адбыўся ў Свіслачы 11 чэрвеня. Прадстаўнікі раёна, а менавіта супрацоўнікі Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага, прынялі ў ім актыўны ўдзел.
Кніжны фэст у фармаце мерапрыемства абласнога ўзроўню прайшоў упершыню і аб’яднаў чытачоў, пісьменнікаў, бібліятэкараў і журналістаў Гродзеншчыны. Сёлета, у год 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання, ён асабліва актуальны. Але і ва ўсе часы кніга і друк былі і будуць асновай для духоўнага развіцця грамадства.
Найбольш шырока на мерапрыемстве была прадстаўлена дзейнасць бібліятэчных устаноў вобласці. Практычна ўсе бібліятэкі Гродзеншчыны прэзентавалі свае інфармацыйныя падворкі. Наколькі яркімі і пазнавальнымі былі выстаўкі-экспазіцыі, ацэньвала жюры агляду-конкурсу, які праводзіўся падчас фестывалю.
Цікавасць гасцей фэсту да падворка Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага была непадробнай. Зрабіўшы акцэнт на рэкламу сімвала нашага мястэчка Вавёрку, супрацоўнікі бібліятэкі не прагадалі. Бераставіцкі падворак наведвалі дастаткова актыўна. Гэта і не дзіўна: роставая лялька Вавёрка прыцягвала погляды прахожых, запрашаючы на падворак і частуючы гасцей арэхамі і цукеркамі; магчымасць зрабіць сэлфі-здымак з прыгожай вавёркай вабіла дзяцей і моладзь; майстар-клас па роспісу выяў вавёркі на драўляных кулонах пад кіраўніцтвам казачных герояў Лісы Алісы, Ката Базіліо, Васілісы Прамудрай і Бабы-Ягі сабраў вакол сябе самых маленькіх жыхароў Свіслачы.
Аднак не толькі гульня і тэатралізаванае відовішча прыцягвалі на бераставіцкі падворак гасцей. Тэматычныя кніжна-ілюстрацыйныя выставы “Бераставіцкі край: час, падзеі, людзі” і “Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання”, выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўдзельнікаў аматарскіх аб’яднанняў бібліятэк раёна таксама карысталіся попытам. Большасць прадстаўленай літаратуры, артыкулаў, уласных выдавецкіх прац датычылася гістарычнай і культурнай спадчыны Бераставіччыны, яе знакамітым асобам, якія аказалі ўплыў на развіццё мастацтва і літаратуры нашага рэгіёна і краіны ў цэлым.
За якасную падрыхтоўку інфармацыйнага падворка і ўдзел у абласным кніжным фестывалі Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага ўзнагароджана граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.
Святлана Ганчарова,
фота Андрэя Втарушына