Бераставіцкія артысты пабывалі на “Карнавале весялосці” ў Воранава

Лента новостей

Гульнёвы гурт раённага Дома культуры ў складзе культарганізатара Галіны Антановіч і мастацкага кіраўніка Веранікі Хлістоўскай прыняў удзел у IV абласным адкрытым фестывалі гульні “Карнавал весялосці” ў г.п.Воранава.
Бераставіцкія дзяўчаты прадстаўлялі дзясяцімінутную інсцэніроўку, у якой жартоўныя гульні і конкурсы ўдала спалучаліся з народным гумарам і каларытным выглядам персанажаў. Нінка і Марынка (на здымку) здолелі прыцягнуць увагу воранаўскіх гледачоў і заахвоціць іх да ўдзелу ў прапанаваных гульнях. А гэта, дарэчы, і было галоўнай мэтай фестывалю – выклікаць інтарэс у людзей і падарыць ім пазітыўны настрой.
Ацэньвала выступленні канкурсантаў – а было ўсіх каля 18-ці калектываў– журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, спецыялісты ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, аддзела ідэалагічнай работы Воранаўскага райвыканкама і інш. І наш гурт, як адзін з лепшых, быў адзначаны дыпломам за прапаганду беларускай народнай гульні.
Трэба адзначыць, што ў святочным шэсці па Цэнтральнай вуліцы Воранава, якім адкрываўся фэст, сярод шматлікіх карнавальных масак і казачных герояў удзельнічалі і нашы роставыя лялькі. А ў традыцыйным Горадзе майстроў вырабы народных майстроў Бераставіччыны дэманстраваў Дом рамёстваў.
Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *