“Скарбы
Гродзеншчыны”
– назва першага рэгіянальнага фестывалю абрадаў і рамёстваў, які праходзіў два дні ў Лідзе і Гудзевічах па ініцыятыве Інстытута культуры Беларусі з удзелам творчых фальклорных калектываў і цэнтраў рамёстваў Гродзенскай вобласці, а таксама Брэстчыны і нават гасцей з Польшчы і Літвы.
А папярэднічаў заключнаму святу раённы агляд-конкурс абрадаў і рамёстваў сярод устаноў культуры Бераставіччыны. Як адзначыла метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці па фальклору і этнаграфіі Марыя Юшкевіч, падчас правядзення агляду-конкурсу члены журы ў чарговы раз пераканаліся, што береставіцкая зямля адметная сваімі рамёствамі і промысламі, святамі і абрадамі, узоры якіх і звесткі пра якія захаваліся да нашых дзён і перадаюцца падрастаючаму пакаленню.
Увазе журы былі прадстаўлены прэзентацыі святаў і абрадаў працягласцю 30 мінут і выставы народнай творчасці. Лепшымі былі прызнаны праграмы Старадварэцкага Дома культуры і народнай творчасці (абрад “Кумаўство”), раённага Дома культуры (абрад “Хрэсьбіны”), Макараўскага Дома нацыянальных культур (абрад “Валоканне”), Бераставічанскага клуба-бібліятэкі (эпізоды святочнага кірмашу), Кватарскага сельскага Дома культуры і вольнага часу (эпізоды вячорак), Алекшыцкага цэнтральнага Дома культуры (абрад “Сёмуха”) і Пархімаўскага Дома культуры і вольнага часу (“Рабінавыя вячоркі”).
У Гудзевічах, дзе адначасова праводзіліся заключныя мерапрыемствы рэгіянальнага фестывалю “Скарбы Гродзеншчыны” і этнафэст “Вандроўка ў этнаказку” ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча – Беларусь – Украіна, Бераставіччыну прадстаўлялі фальклорныя гурты “Прамень” Пыхоўчыцкага Дома сацыяльна-культурных паслуг і “Вясёлка” Малабераставіцкага цэнтральнага Дома культуры. На дзіцячай пляцоўцы сюжэтна-гульнявую праграму правялі работнікі Старадварэцкага Дома культуры і народнай творчасці Алена Бутрыла і Святлана Ясько. А супрацоўнікі Бераставіцкага Дома рамёстваў на падворку майстроў наладзілі вялікую выставу вырабаў мясцовых умельцаў. Дарэчы, дырэктар гэтай установы культуры Тамара Касьян, як адзін з лепшых майстроў па саломапляценні Гродзеншчыны, правяла майстар-клас па гэтаму прыгожаму і захапляючаму віду традыцыйнага народнага рамяства.
“Сустрэчы
ў “Верасе”
Народны ансамбль польскай песні «Стокроткі» Макараўскага Дома нацыянальных культур стаў лаўрэатам трэцяй ступені адкрытага рэгіянальнага конкурсу фальклору “Сустрэчы ў “Верасе”, які ў другі раз быў праведзены на тэрыторыі аграсядзібы “Верас”, што ў Зэльвенскім раёне.
Гаспадары аграсядзібы – сям’я Макей – з’яўляюцца аднымі з ініцыятараў і арганізатараў гэтага адметнага свята беларускай народнай песеннай спадчыны. Аматарам вуснай народнай творчасці ўжо ў другі раз прадастаўляецца цудоўная магчымасць адчуць асаблівую атмасферу беларускай самабытнасці і каларыту, што звычайна пануе падчас такіх “фальклорных сустрэч”.
Бераставіцкія выканаўцы фалькорнага жанру Валянціна Бычкоўская, Любоў Цярэшчанка і гурт “Прамень” летась ужо запрашаліся на свята. А цяпер наш раён прадстаўлялі “Стокроткі”. Жывое і шчырае выступленне макараўскага калектыву не пакінула раўнадушнымі гасцей свята і членаў журы і заслужана было адзначана прызавым месцам.
Святлана Ганчарова