Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В. М. Кавалеўскага атрымала ўнікальнае факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”

Лента новостей

Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В. М. Кавалеўскага атрымала ўнікальнае факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”. Гэта поўны збор кніг, надрукаваных Францыскам Скарынам у Празе і Вільні.
Дадзенае выданне, прымеркаванае да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, – сумесны праект Банка БелВЭБ і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які ажыццяўляўся па блаславенні Мітра­паліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” – першае поўнае факсімільнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. Выданне складаецца з 20 тамоў, якія ўяўляюць поўны збор 25 кніг, надрукаваных Францыскам Скарынай у Празе (1517-1519 гады) і Вільні (1522-1525 гады).  Кожны том суправаджаецца прадмовай на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Выданне заклікана пазнаёміць шырокую грамадскасць з каштоўным скарбам айчыннай культуры — выданнямі беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, якія захоўваюцца ў розных краінах свету.
– На працягу мінулага года факсімільныя выданні перадаваліся ў дар установам культуры і адукацыі нашай краіны, бібліятэкам, міжнародным грамадскім арганізацыям, – гаворыць дырэктар Бераставіцкай цэнтральнай бібліятэкі імя В. М.Кавалеўскага Таццяна Марцішэвіч. – Уладальнікам “Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны” стала і райбібліятэка. Лічу, што ажыццяўленне гэтага праекта – значная падзея ў культурным жыцці беларусаў. Выданне смела можна назваць візітнай карткай Беларусі як краіны са старажытнай гісторыяй і багатай культурай. Для раённай бібліятэкі і чытачоў Бераставіччыны атрыманыя кнігі – сапраўды каштоўны і ўнікальны набытак.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *