Бераставіцкая раённая бібліятэка вітала маленькіх чытачоў

Лента новостей

Удзельнікі тэатралізавана-гульнявой праграмы

Тыдзень дзіцячай кнігі – шматгадовае традыцыйнае мерапрыемства, якое ставіць сваёй мэтай папулярызацыю дзіцячай кнігі. Упершыню свята дзіцячай кнігі «Кніжкіны імяніны» было праведзена па ініцыятыве дзіцячага пісьменніка Льва Касіля 26 сакавіка 1943 года ў Калоннай зале Дома Саюзаў Масквы. Актыўны ўдзел у тым, першым, свяце прынялі Самуіл Маршак, Сяргей Міхалкоў, Агнія Барто, Міхаіл Прышвін. Ты­дзень дзіцячай і юнацкай кнігі традыцыйна праводзіцца кожны год у дні вясновых школьных канікулаў.
Не стаў выключэннем і год сёлетні. У дзіцячай бібліятэцы райцэнтра ў мінулы чацвер адбылося адкрыццё Тыдня. У чытальнай зале прайшла тэатралізавана-гульнявая праграма «Кніга – крыніца мудрасці». Удзельнікі аматарскіх аб’яднанняў «Люстэрка» і «Экалагічны буквар», якія дзейнічаюць пры дзіцячай бібліятэцы, у ролі любімых казачных персанажаў Доктара Айбаліта, Бураціна, Папялушкі, Старыка Хатабыча, Чалавека Рассеяннага з вуліцы Басейнай, Нязнайкі, Каралевы Кнігі і вядучых у гульнявой форме прапаноўвалі малодшым школьнікам Вялікабераставіцкай СШ цікавыя звесткі пра аўтараў і вядомыя творы, загадвалі загадкі, задавалі пытанні на веданне дзіцячых раманаў і аповесцей,

Лепшыя чытачы-пачаткоўцы

вучылі правільным і беражлівым адносінам да кніг. Бібліятэкары правялі таксама літаратурную віктарыну па творах Сяргея Міхалкова, якому 13 сакавіка споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння. Традыцыйна адбылося ўзнагароджванне граматамі і прызамі лепшых чытачоў сярод пачаткоўцаў. Імі сталі Ганна Карпуць (2 «А»), Лізавета Казлоўская (3 «Г»), Віялета Жалудок (3 «Г»), Вольга Затаўка (4 «Б») і Караліна Каз­лоўская (4 «Б».)
На працягу вясновых канікулаў і Тыдня дзіцячай кнігі ў дзіцячай бібліятэцы для дзяцей з прышкольнага лагера, а таксама для ўсіх жадаючых пройдуць гадзіна паэзіі па творах Барыса Заходэра, дзень любімай кнігі «Адгукніцеся на прачытанае» і літаратурная гасцёўня «Паэзіі радок цудоўны».
Шэраг мерапрыем­стваў пройдзе таксама ў сельскіх і школьных бібліятэках раёна.

Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *