Бераставіцкай дзіцячай школе мастацтваў – 50 гадоў

Лента новостей

2017 год для Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў – юбілейны. Пяцьдзясят гадоў споўнілася з таго часу, як гэты храм мастацтва расчыніў вучням свае дзверы. За гэтыя гады ўстанова зведала нямала пераўтварэнняў, атрымала сваё далейшае развіццё і ўдасканаленне, але нязменным засталося адно: як тады, у далёкім 1967-м годзе, так і сёння, дзень за днём, у школе мастацтваў ідуць заняткі, на якіх настаўнікі з уласцівым ім энтузіязмам, натхненнем і цярпеннем робяць сваю няпростую справу – вучаць дзяцей прыгажосці, далучаюць іх да цудоўнага свету гукаў і фарбаў.
Музыка, песня, жывапіс – самыя блізкія чалавеку з усіх відаў мастацтва. Навучыць падрастаючае пакаленне іх асновам – вось асноўная задача дзіцячай школы мастацтваў. Пра тое, чым быў асаблівы шлях даўжынёй у пяцьдзясят гадоў, разгледзім з пазіцыі людзей, якія стаялі ля вытокаў стварэння музычнай школы на Бераставіччыне. Яны былі пачынальнікамі добрых традыцый і стваральнікамі падмурка для будучых поспехаў. Яны працавалі з такой аддачай, што святло ад іх творчай дзейнасці і неабыякавага стаўлення да прафесіі будзе яшчэ доўга саграваць усіх нас. Размова пойдзе пра настаўніка па класе домры Майю Ільінічну Плікус і настаўніка па класе баяна Уладзіміра Мікалаевіча Цыбульку.

Ля самых вытокаў
Настаўнік па класе домры, тэарэтычных дысцыплін і музлітаратуры з агульным педагагічным стажам у 41

Created by Readiris, Copyright IRIS 2009

год, Майя Ільінічна Плікус з’явілася ў Бераставіцкай музычнай школе ў 1969 годзе, і з таго часу яе жыццё было прысвечана вучням, іх духоўнаму і эстэтычнаму росту і развіццю, а таксама музыцы і творчасці ў розных іх праявах. Чалавек высокаадукаваны, інтэлігентны, з тонкім музычным густам і неверагоднай харызмай, і на ўроках, і ў канцэртнай дзейнасці Майя Ільінічна па-сапраўднаму аддавала працы, вучням і гледачам часцінку сваёй душы. Гэта адчувалася ва ўсім. Напэўна, няма такога вучня, які з пачуццём падзякі не ўспамінаў бы яе ўрокі музлітаратуры – цікавыя, з арыгінальнай падачай матэрыялу, яркія і эмацыянальныя.
Многія памятаюць ініцыяваныя Майяй Ільінічнай музычныя гасцёўні, якія праходзілі заўсёды на належным мастацкім узроўні, а таксама ўласцівыя ёй артыстызм і высокае выканальніцкае майстэрства, якія гледачы маглі назіраць падчас шматлікіх канцэртаў і масавых мерапрыемстваў.
Родам з Гродна, Майя Ільінічна Плікус пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага музычнага вучылішча працавала ў Бераставіцкім (потым Ваўкавыскім) педвучылішча па класе домры. Скончыла Ленінградскі дзяржаўны інстытут культуры імя Н. К. Крупскай (аддзяленне аркестравага дырыжыравання).
Акрамя вучэбнай, актыўнымі былі яе канцэртная і конкурсная дзейнасць, удзел у мастацкай самадзейнасці раёна, адзначаныя сярод іншых шматлікіх узнагарод Дыпломам Міністэрства культуры БССР за высокае выканальніцкае майстэрства, Дыпломам III ступені за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе мастацкай самадзейнасці, дыпломам Міністэрства культуры БССР за вялікую і плённую працу ў галіне музычнага выхавання, Дыпломам за актыўны ўдзел ва ўсесаюзным аглядзе мастацкай творчасці, прысвечаным 40-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Вось што ўспамінае Майя Ільінічна Плікус пра час станаўлення музычнай школы ў гарпасёлку:
– Бераставіцкая дзіцячая музычная школа адкрылася ў перыяд асаблівай увагі дзяржавы да пытанняў гарманічнага развіцця асобы. У той час на першы план ставіліся задачы павышэння інтэлектуальнага і творчага развіцця навучэнцаў, актывізацыі пазнавальных інтарэсаў і навыкаў самаадукацыі. Уключэнне музыкі ў агульную сістэму гарманічнага выхавання чалавека ў 60-я гады мінулага стагоддзя стала адной з вядучых тэндэнцый. Акрамя таго, музычныя школы з’яўляліся таксама падмуркам для прафесійнай музычнай адукацыі. І сапраўды, у далейшым да 80% педагагічнага калектыву школы нязменна складалі нашы выпускнікі.
У 1968-69-х гадах у школе адкрываюцца класы скрыпкі і домры. Класы баяна і фартэпіяна былі адкрыты раней, у 1967-м годзе. Да гэтага ж часу музычная адукацыя ў гарпасёлку не была прадстаўлена. Хто хацеў, ведаю, займаліся ў прыватным парадку.
Нашы першапачатковыя ўмовы працы былі, вядома ж, не з лёгкіх: класы з пячным ацяпленнем, катастрафічна не хапала музычных інструментаў і нотнай літаратуры. Але калектыў быў малады, амбіцыйны, пазбаўлены якой-небудзь матэрыяльнай зацікаўленасці, вельмі творчы і ініцыятыўны. Ужо ў 1970 годзе нашы вучні актыўна ўдзельнічаюць у абласных конкурсах. А педкалектыў знаходзіцца ў цэнтры бурнай і насычанай мастацкай самадзейнасці раёна, праводзіць разнастайныя паза-школьныя мерапрыемствы. Шмат увагі надаецца прафарыентацыі. У музвучылішча паступаюць браты Віталь і Валерый Грашчанкі, Марыя Паплаўская, Таццяна Пісарэўская і Вацлава Сяргейчык. Мая вучаніца Вера Жукава пасля музвучылішча першай паступіла ў кансерваторыю.
Прыемна, што распачатая намі пяцьдзясят гадоў таму справа жыве, яе працягваюць нашы вучні. Бо ў сённяшні прагматычны і інфармацыйны век дзеці па-ранейшаму, калі не ў большай ступені, адчуваюць патрэбу ў эстэтычным выхаванні і духоўным развіцці. А музыка, па словах вялікіх людзей, выпроствае чалавечыя душы, яна – магутная крыніца мыслення, з усіх мастацтваў – самае распаўсюджанае і чалавечнае.

Уклад яго –
неацэнны

Уладзімір Мікалаевіч Цыбулька атрымаў размеркаванне ў Бераставіцкі раён настаўнікам па класе баяна і кіраўніком аркестра народных інструментаў пасля заканчэння ў 1975 годзе Маладзечанскага музычнага вучылішча (у 1985 годзе скончыў Мінскі інстытут культуры). Перад маладым музыкантам паўстала, здавалася б, непад’ёмная задача: аркестр, якім ён прыехаў кіраваць, яшчэ трэба было стварыць.
– У гэтай сувязі хачу назваць прозвішчы людзей, якія праявілі зацікаўленасць справай, і дзякуючы якім аркестр убачыў свет, – распавядае Уладзімір Цыбулька. – Гэта ў той час дырэктар музычнай школы Анатоль Сямёнавіч Сакаленка, намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Васільевіч Лушчык і мой выкладчык з Маладзечанскага музвучылішча Карл Карлавіч Пагоцкі, які паспрыяў у тым, каб нам з вучылішча былі перададзены 33 музычныя інструменты.
Напэўна ж, многія памятаюць той першы, дастаткова вялікі, склад аркестра і яго яскравыя выступленні на мерапрыемствах рознага ўзроўню. Характэрна, што амаль палову аркестрантаў складалі непрафесійныя выканаўцы, самавучкі, а пасля – і навучэнцы.
Уладзімір Мікалаевіч быў кіраўніком аркестра народных інструментаў на працягу 17-ці гадоў. Гэта быў час насычанай канцэртнай дзейнасці, актыўнага ўдзелу ў конкурсах, фестывалях і творчых паездках у суседнюю Польшчу. У 1987 годзе аркестр удзельнічаў у рэспубліканскім этапе ІІ Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці і стаў яго лаўрэатам, пра што сёння нагадвае памятны медаль (на здымку).
Гаворачы пра Уладзіміра Мікалаевіча, нельга не адзначыць яго шырокі спектр прафесійнай дзейнасці. Ён, як «універсальны салдат», ведае і ўмее многае. У свой час даводзілася перапісваць партытуры твораў пад магчымасці аркестра. Акрамя баяна, выкладаў гітару і ўдарныя інструменты. Шматгадовая праца Уладзіміра Мікалаевіча ў якасці кіраўніка вакальна-інструментальнага ансамбля пры Цэнтры дзіцячай творчасці проста неацэнная. Колькім хлопчыкам і дзяўчынкам з райцэнтра ён даў магчымасць рэалізаваць сябе ў вакальнай і інструментальнай творчасці праз удзел у ансамблі! Дапамагаў дзецям засвоіць асновы ігры на клавішных і вакал. Многія і сёння сябруюць з музыкай – хтосьці абраў яе ў якасці прафесіі, хтосьці – у якасці хобі. Яўген Раброў, Віталь Болдак, Дзмітрый Мацейка, Аляксей Сярко, Ілья Худзякоў, Іван Скрундзеўскі, Павел Каржанеўскі і шэраг іншых – гэта ўсё вучні Уладзіміра Мікалаевіча. Акрамя таго, ён звыш дваццаці гадоў быў загадчыкам народнага аддзялення музычнай школы, а таксама кіраўніком вакальна-інструментальнага ансамбля калгаса “Шлях да камунізму”, у якім удзельнічала працоўная моладзь, і акампаніятарам вакальнай групы Малабераставіцкага сельскага Дома культуры. Сёння Уладзімір Мікалаевіч – актыўны ўдзельнік вакальна-інструментальнага ансамбля (гітара, барабан) у бераставіцкім касцёле Перамянення Пана.
Значную частку творчай біяграфіі Уладзіміра Цыбулькі складае ўдзел у народным ансамблі народнай песні «Бераставіцкія музыкі» (балалайка, кантрабас). Па словах Уладзіміра Мікалаевіча, «жывое» інструментальнае суправаджэнне надае калектыву асаблівы каларыт і адметнасць. На жаль, такіх калектываў сёння становіцца ўсё менш, а таму, як лічыць Уладзімір Мікалаевіч, вельмі важна як мага даўжэй захоўваць гэта аўтэнтычнае гучанне інструментаў з уласцівымі яму энергетыкай, праўдзівасцю і шчырасцю.
Неабыякавыя адказныя адносіны да справы, якой даводзіцца займацца ў той ці іншы адрэзак часу, – вось, бадай, адметная рыса Уладзіміра Цыбулькі. Духоўнасць, эстэтыка, захаванне беларускіх музычных традыцый для музыканта – не пусты гук. Сваёй дзейнасцю Уладзімір Мікалаевіч, як сапраўдны патрыёт, унёс і працягвае ўносіць значны ўклад у развіццё культуры Бераставіччыны.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара і з архіву Бераставіцкай ДШМ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *