БЕРАСТАВІЦКАЕ БРАЦТВА СВ.АНЁЛАЎ-АХОЎНІКАЎ

Из истории земли Берестовицкой Культура

49Адной з каштоўных рэліквій, якія знаходзіліся ў старым бераставіцкім касцёле яшчэ да перабудовы яго ў 1865-1867 гг. у праваслаўную царкву, быў вялікі абраз з выявай Св. Анёлаў-Ахоўнікаў аўтарства віленскага мастака Францішка Смуглевіча.
Францішак Смуглевіч (1745-1807) – вядомы поль­скі (беларускі) мастак. У ма­ладосці, будучы ганаровым стыпендыятам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, вучыўся мастацкай справе ў Італіі. Пазней стаў сябрам рымскай Акадэміі Святога Лукі. Падчас знаходжання ў Рыме выканаў унутраную мастацкую дэкарацыю касцёла Св.Станіслава і палаца Нерона. У 1784 годзе вярнуўся на радзіму і з 1795 года абаснаваўся ў Вільні, узначаліўшы кафедру малюнка і мастацтва Віленскага ўніверсітэта. Па асабістым запрашэнні расійскага імператара Паўла І нейкі час працаваў у Санкт-Пецярбурзе над мастацкім аздабленнем Міхайлаўскага палаца. З’яўляецца стваральнікам знакамітых фрэсак у залах бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта, шматлікіх насценных роспісаў у касцёлах, а таксама аўтарам партрэтаў і абразоў на гістарычна-патрыятычную і рэлігійную тэматыку.
Аб наяўнасці палатна вядомага мастака ў бераставіцкім касцёле Візітацыі Панны Марыі сведчыць “Хроніка бераставіц­кага касцёла” з 1849 года. Яе складальнік у адным з раздзелаў зрабіў кароткі запіс: “Маецца абраз Святых Анёлаў-Ахоўнікаў пэндзля Смуглевіча”. Нагадаю, што “Хроніка”, аб якой вядзецца размова, захоўваецца сёння ў аддзеле старажытных рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага ўнівер­сітэта.
Паспрабуем высветліць, як з’явілася праца славутага віленскага мастака ў Вялікай Бераставіцы. Адказ на гэта пытанне крыецца ў фондавых сховішчах гэтай самай універсітэцкай бібліятэкі, аб якой ідзе гаворка. Крыніца мае назву “Dokumenty Kosciola Brzostowickiego w Dekanacie Wolkowyskim”. Пералічаныя ў старажытным рукапісе акты датычацца пераважна матэрыяльнага боку дзей­насці местачковага касцёла – апісваецца касцёльная маёмасць, узгадваюцца зробленыя на яго карысць ахвяраванні, указваюцца прозвішчы мецэнатаў і г.д.
У нашым выпадку цікавасць прадстаўляе акт пад тытулам “Rok 1655. Kopia introdukcyi Bractwa S-go Aniola Strurza do Kosciola w Brzostowicy wiekszej, ktorego fundowal JW Jan Kazimierz Chotkiewicz”. Запіс сціплы, але крые вялікі змест. Ён сведчыць, што ў 1655 годзе ў Бераставіцу прыбылі прадстаўнікі каталіцкага брацтва Анёлаў-Ахоўнікаў і аселі пры тутэйшым касцёле, фундатарам якога з’яўляўся тагачасны ўладальнік мяс­тэчка яснавельможны пан Ян Казімір Хадкевіч.
Брацтва Святых Анёлаў-Ахоўнікаў (Пасланцаў Божых) – каталіцкая арганізацыя, якая ў мінулым адыгрывала значную ролю ў грамадскім жыцці Рэчы Паспалітай. Заснавана ў 1626 годзе са згоды караля Уладзіслава IV на Яснай Гары ў Чэнстахове і зацверджана спецыяльнай булай Папы Рымскага Урбана VIII . З часам уплыў брацтва распаўсюдзіўся і ў межах Вялікага Княства Літоўскага. Першапачаткова прадстаўнікамі яго былі выключна духоўныя асобы – ксяндзы і манахі, якія ў сваёй дзейнасці абапіраліся на статут арганізацыі. Нябес­ным патронам (апекуном) брацтва лічыўся Св.Міхаіл-Архангел, а галоўнай мэтай было ўшанаванне і пашырэнне культу Св.Анёлаў-Ахоўнікаў. Мана­хі прапагандавалі сціп­лы набожны лад жыцця, заклікаючы вернікаў слу­хацца свайго асабістага прызначанага Богам Анёла- Ахоўніка.
Можна меркаваць, што, асадзіўшы некалі ў сваіх уладаннях брацтва, Хадкевіч ставіў перад сабой задачу – палепшыць кіраванне парафіяй і заручыцца боль­шай падтрымкай у колах вышэйшай касцёльнай іерархіі.
З прыбыццём законнікаў у новы касцёл адзін з яго бакавых алтароў быў наз­ваны ў гонар Анёлаў-Ахоў­нікаў. Каля яго рэгулярна па аўторках адбывалася ім­ша з удзелам усіх сяброў брацтва. Яны даглядалі ўсю касцельную маёмасць, але, у першую чаргу, апекаваліся сваім алтаром – своечасова забяспечвалі яго свечкамі, сачылі за чысцінёй алтарнай бялізны і сакральнага посуду і г.д.
Адначасова праводзілася шырокая дабрачынная дзей­насць. Манахі аказвалі пасільную дапамогу бедным і хворым, давалі часовы прытулак бяздомным і пілі­грымам, арганізоўвалі сваімі сродкамі пахаванне памерлых, заказвалі імшу, збіралі грошы на міласціну. Варта ўзгадаць шпіталь і пачатковую школу, якія пры беспасрэдным пат­ра­наце брацтва доў­гі час дзейнічалі пры местач­ковым касцёле.
Мясцовыя брацтвы мелі сваю арганізацыйную структуру. На чале згурта­вання ў большасці выпадкаў стаяў адміністратар (ксёндз), які меў намесніка. Акрамя гэтага ў згуртаванне ўваходзілі некалькі райцаў, скарбнік, даглядчыкі хво­рых у шпіталі, школьныя выкладчыкі і г.д. Апраналіся законнікі часцей за ўсё ў белы габіт, падвязаны вяроўкай-поясам. У асоб­ных выпадках на габіце мог быць вышыты герб брацтва, альбо арнаментаваная манаграма “SAC” (Sanctus Angelus Custos). Падчас касцёльных працэсій прадстаўнікі брацтва вы­ка­рыстоўвалі харугвы з выявай Анёлаў-Ахоўнікаў і Св.Паўла-Пустэльніка. Пазней у арганізацыю дазво­лілі ўступаць людзям іншых саслоўяў.
З цягам часу патранальны алтар бераставіцкага брацт­ва быў аздоблены абра­зом Францішка Смуг­ле­віча. Адбылося гэта, праўдападобна, у самым пачатку 19 ст. Хутчэй за ўсё палатно ахвяравалі ў касцёл тагачасныя ўладальнікі Вялікай Бераставіцы. Аб­раз славутага віленскага мастака стаў сапраўднай рэліквіяй. Ён быў не толь­кі духоўным сімвалам аднайменнага брацтва. У цяжкія хвіліны станавіўся сапраўдным Божым ахоў­нікам і заступнікам мяс­цовага насельніцтва. Да алтара прыходзілі прасіць дапамогі як тутэйшыя парафіяне, так і шматлікія пілігрымы.
Штогод у Вялікай Бе­рас­та­віцы адзначалася свя­та Анёлаў-Ахоўнікаў, пры­падаючае на 2 каст­рычніка. З гэтай нагоды перад касцёлам адбываўся фэст, аб чым узгадваецца ў “Хроніцы”: “Праводзяцца фэсты ў гонар Візітацыі Найсвяцейшай Панны Ма­рыі, як і назва самога касцёла, а таксама ў гонар Св.Анёлаў-Ахоўнікаў пры ўдзеле Брацтва…”. У гэты дзень у мястэчка сцякалася вялікая колькасць народу. Адбывалася святочная імша, удзельнікі якой атрымлівалі суцэльнае адпушчэнне грахоў (ад­пуст).
Усё скончылася ў 1864 годзе, калі быў зачынены бераставіцкі касцёл і лікві­давана мясцовая ката­ліц­­­кая парафія. Бу­ды­нак перадалі пад права­слаў­ную царкву, а інвентар вы­везлі ў суседнія касцёлы. Пад­час гэтых падзеяў у невя­домым напрамку быў вы­везены і абраз Францішка Смуглевіча.
Сяргей Лушчык,
г. Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *