“Бераставіца – прыгажосці крыніца”

Лента новостей

Нядаўна ў свет выйшла кніга вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага “Вясёлка над Нёманам”. Яна прысвечана гісторыі і памятным мясцінам Гродзеншчыны, яе людзям. Гэта незвычайная кніга, і яе жанр чытачу вызначыць цяжка. Яна нагадвае дзённік падарожніка, які вандруе па розных мясцінах нашага наднёманскага краю і піша аб тым, што бачыць, што чуе і што думае ён у гэты час.
“Вясёлка над Нёманам” — кніга ў першую чаргу для дзяцей. На яе першых старонках да маладога пакалення звяртаецца старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра: “Каб вы, нашы Дзеці, наша надзея, спаўна былі гатовы рэалізаваць свае здольнасці, таленты, для гэтага трэба спачатку выхаваць у сабе пачуцці патрыятызму, грамадзянскай адказнасці за сваю родную зямлю. Трэба напачатку спазнаць і ўмець шанаваць сваю малую радзіму і да глыбіні душы навучыцца любіць нашу бацькаўшчыну…”.
Напэўна, у гэтым і была задумка аўтара, каб дапамагчы маладому пакаленню не толькі глыбей спазнаць гісторыю роднага краю, але і асэнсаваць яе ў межах дзіцячага светаўспрымання. Як рэдактар-складальнік кнігі “Памяць. Бераставіцкі раён”, а кнігі такой серыі выйшлі ва ўсіх раёнах вобласці і рэспублікі, мушу зазначыць, што яны ўсё ж такі разлічаны на дарослага чытача і вучнёўскую моладзь старэйшых класаў. А кнігу Уладзіміра Ліпскага можна чытаць разам з бацькамі і выхаванцам дзіцячага садка, і школьнікам малодшых класаў. Вучні ж 4-8 класаў, думаецца, з задавальненнем і цікавасцю прачытаюць яе самі.
Гэта кніга, як ужо адзначалася, вынік вандровак пісьменніка па Гродзеншчыне. Нездарма на яе першых старонках сімвалічная карта Гарадзенскага краю. Пісьменнік як быццам бы запрашае разам з ім яшчэ раз пра-ехаць ці прайсці па ўсіх раёнах вобласці, павандраваць па мястэчках і вёсках.
З задавальненнем адзначу, што з 18-ці раздзелаў кнігі, кожны з якіх прысвечаны асобнаму раёну і гораду Гродна, сваім аб’ёмам, гэта значыць колькасцю старонак, прыкметна выдзяляецца раздзел аб Бераставіччыне “Бераставіца–прыгажосці крыніца”. Нашаму раёну пісь-меннік адвёў ажно 50 старонак!
Раздзел адкрываецца радкамі верша, якія прысвяціў Бераста-віцы мясцовы паэт Мікола Барэль:
Бераставіччына мая, Бераставіца!
Да болю дарагі радзімы край.
Дзіўлюся і ніяк не надзівіцца
На твой зямны і непаўторны рай.
Першы нарыс у гэтым раздзеле прысвечаны гербу Вялікай Бераставіцы. Ён так і называецца “Чырвоная вавёрка”. У наступных кароткіх нарысах апавядаецца пра Бераста і Тавіцу – міфалагічных заснавальнікаў Вялікай Бераставіцы, пра Гетмана Вялікага княства Літоўскага Яна Караля Хадкевіча (“Сэрца Гетмана”), пра Акадэміка Пецярбургскай Імператарскай акадэміі навук – ураджэнца Вялікай Бераставіцы, сябра вядомага польскага паэта Адама Міцкевіча – Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага (“Акадэмік, якога баяўся цар”) і аб многіх іншых знакамітых земляках.
У гэтай кнізе ёсць многа цікавых старонак аб паходжанні назваў вёсак Пачобуты, Верхаўляны, Алекшыцы і г.д., а таксама мясцовых прозвішчаў. Зазначу, што мова ў кніжцы жывая, пявучая, паэтычная, з многімі цікавымі параўнаннямі і эпітэтамі. І завяршаецца раздзел пра Бераставіччыну цудоўнымі словамі з верша беларускага паэта Хведара Чэрні:
У харошых, ціхіх правінцыях
Харошыя людзі жывуць …
Абавязкова пачытайце гэтую кніжку! Бо, як кажа пісьменнік: “Давайце не спознімся спазнаць учарашні дзень. Не спазнаўшы яго хіба можам мець заўтрашні”.
Мікалай Пацэнка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *