“Бераставіца даваенная” – у здымках

Из истории земли Берестовицкой Культура

У 57-ым нумары “Бераставіцкай газеты” за 24 ліпеня гэтага года прачытаў артыкул Мікалая Парасятнікава пад назвай “Бераставіца даваенная”. Трэба адзначыць, што матэрыял вельмі цікавы. Аўтар у ім расказвае, у прыватнасці, што Касакоўскія стварылі ў ваколіцах маёнтка цэлую водную сістэму, якая складалася ажно з 14 ставаў. Ставы, упаміналася ў артыкуле, сяляне капалі ўручную і пры гэтым для адвозкі грунту выкарыстоўвалі кацілі з адным колам, якія пхалі па доўгіх дошках. Жадаючых на гэтыя работы было дастаткова, нават запісваліся ў чаргу. Згодзен з аўтарам публікацыі і хачу дадаць ад сябе, што людзі з мястэчка і навакольных вёсак наймаліся выконваць не толькі земляныя работы, але і з ахвотай ішлі нарыхтоўваць дровы ў маёнтак, праполвалі графскія палі, нарыхтоўвалі сена, удзельнічалі ў жніве, капалі бульбу. Касакоўскія добра плацілі наяўнымі грашыма, альбо давалі за працу сялянам частку свайго ўраджаю.
У падмацаванне згаданага вышэй дасылаю ў рэдакцыю “раёнкі” два цікавыя фотаздымкі, зробленыя напрыканцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў самім Станіславам Казімірам Касакоўскім. На першым — сяляне капаюць сажалку ў адным з угоддзяў Касакоўскіх. Пры гэтым добра відаць вялізныя тачкі з адным колам і доўгія дошкі. На другім здымку адлюстравана жніво на графскім полі. Злева ў белым капелюшы стаіць Станіслаў Казімір, перад ім сядзіць на зямлі жонка Соф’я Бовэр Сайнт-Клайр з дзіцём. У цэнтры трымае сноп каласоў нявестка Марыя (жонка сына Юзэфа) – апошняя ўладальніца Бераставіцы. Касакоўскія стаяць ў акружэнні сялян.
Сяргей ЛУШЧЫК,
гісторык, г.Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *