3 ліпеня Вялікая Бераставіца, як і кожны іншы куточак нашай роднай Беларусі, адзначыла галоўнае свята нашай краі- ны – Дзень Незалежнасці.
Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 70-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзя ўтварэння Бераставіцкага раёна пачаліся ў гарадскім пасёлку з мітынга ля Мемарыяла Славы, на які сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, ветэраны, моладзь і школьнікі, а таксама жыхары і госці Вялікай Бераставіцы.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Антон Кулісевіч выказаў бераставічанам шчырыя віншаванні з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, падзякаваў ветэранам за перамогу ў Вялікай Айчынный вайне і вызваленне нашай рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама выказаў словы шчырай удзячнасці ўсім жыхарам Бераставіччыны, якія з’яўляюцца галоўным багаццем нашага раёна, і сваёй мірнай і стваральнай працай дапамаюць яму трымаць высокую планку на ўзроўні як вобласці, так і рэспублікі.
Павіншаваў прысутных з Днём Рэспублікі і начальнік раёна электрычных сетак Анатолій Ганчарык. Ён падкрэсліў, што гэта вялікае шчасце – свабодна жыць на роднай зямлі, і мы павінны зберагчы сваю незалежнасць для будучых пакаленняў.
На мітынгу прайшло таксама ўшанаванне Ганаровых грамадзян Бераставіцкага раёна, сярод якіх – Фадзей Курыла, Афанасія Дуткоўская, Рышард Аўдзей, Міхаіл Стралкоўскі, лепшых працоўных калектываў і лепшых па прафесіі, пасведчанні аб занясенні на раённую Дошку гонару якім уручыў старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч.
Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка воіну-вызваліцелю, ушанавалі загінуўшых у вайну мінутай маўчання. Яркім момантам мерапрыемства стаў запуск з дзіцячых рук у неба чырвона-зялёных паветраных шароў, які дапоўніў святочны феерверк.
Затым урачыстай калонай працоўныя калектывы прайшлі па вуліцы Леніна да помніка Смуткуючай Маці, дзе таксама былі ўскладзены кветкі.
Завяршыў шэсце парад сельскагаспадарчай тэхнікі гаспадарак раёна. Дарэчы, трактары і камбайны яшчэ працяглы час заставаліся на вуліцы Леніна і даставілі шмат радасці дзецям, якія змаглі не толькі сфатаграфавацца на іх фоне, але і нават пасядзець у кабінах.
Ірына Міклаш, фота аўтара
***
Жыхароў і шматлікіх гасцей гарпасёлка шчыра віталі і запрашалі да сябе тэатралізаваныя падворкі, якія размясціліся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Вялікай Бераставіцы. Кожная гаспадарка раёна пастаралася аформіць свой падворак каларытна і адметна. І гэта ім удалося. На стылізаваных пад сялянскія сядзібы падворках можна было ўбачыць старадаўнія прылады працы і побыту, пазнаёміцца з рамеснымі і дэкаратыўна-прыкладнымі вырабамі мясцовых умельцаў. Канцэртна-забаўляльныя праграмы з удзелам не толькі ўласных самадзейных артыстаў, але і запрошаных, уражвалі сваёй насычанасцю і відовішчнасцю. Чаго толькі не было на свяце! На пархімаўскім падворку адметна правялі гульнявую праграму “Запрашаем на кірмаш!”, фестываль прыпевак і народнага танца. Малабераставіцкія артысты наладзілі сапраўднае свята бульбы і нават адкрылі сімвалічны помнік гэтай любімай беларусамі гародніне. На масалянскім падворку гасцей шчыра віталі ўдзельніцы фальклорнага гурта і эстрадныя выканаўцы, а на старадварэцкім – юныя ўдзельнікі ўзорнага танцавальнага калектыву “Ваўкавыскія непаседы”, якія пакарылі гледачоў яскравым цыганскім танцам. СВК “Цецяроўка” заўсёды заваёўвае дзіцячыя сэрцы, прывозячы на свой падворак хатнюю жывёлу. І на гэты раз самых маленькіх жыхароў гарпасёлка цяжка было адвесці ад жывых авечак і куранят. У сваю чаргу, на алекшыцкім падворку ўсіх уразілі акрабатычныя нумары, шоу са змяёй і ўсходнія танцы. Пазнаёміцца з кавальскім рамяством і паспрабаваць сябе ў гэтай справе можна было на падворку СВК “Макараўцы”. Да накавальні і молата запрасілі нават кіраўніка раёна Антона Кулісевіча і в.а. старшыні сельгаскааператыва Алега Макуліка. Традыцыйна макараўскія гаспадары частавалі ўсіх жадаючых смачнай юшкай, грэчневай кашай з мясам, квасам і мядовікам. Эйсмантаўскі падворак зацікавіў гасцей цыркавымі нумарамі і бясплатнай цырульняй, а падворак СВП “АграМір”– прэзентацыяй прадукцыі ААТ “Малочны Мір”, музейнымі экспанатамі, роставымі лялькамі. І гэта далёка не ўсё, што прапанавалі падворкі. Прычым, амаль на кожным з іх працавалі гандлёвыя кропкі і дзіцячыя атракцыёны.
У Горадзе майстроў можна было не толькі набыць вырабы народных умельцаў Гродзеншчыны, але і самому сесці за ганчарны круг.
На стадыёне праводзіліся спартыўна-забаўляльныя гульні. А сапраўдным упрыгожаннем свята стала выступленне Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”.
У выкананні гурта “INAUT” прагучалі эстрадныя нумары.
Завяршылася галоўнае свята краіны акцыяй “Спяём гімн разам” і маляўнічым феерверкам.
Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара