«Беларусь і Кітай: крокі ўзаемнасці»: у Бераставіцкай раённай бібліятэцы дзейнічае кніжная выстава

Культура Лента новостей

Выстава навінак літаратуры «Беларусь і Кітай: крокі ўзаемнасці» пачала дзейнічаць у абанементнай зале Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага. Экспазіцыя знаёміць з выданнямі, перададзенымі бібліятэчнай установе Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай доўжацца амаль трыццаць год. Беларуска-кітайскія палітычныя і гандлёва-эканамічныя сувязі дынамічна развіваюцца і прырастаюць па ўсіх напрамках. Нашы краіны ажыццяўляюць маштабныя сумесныя праекты, сярод якіх рэалізацыя ініцыятывы “Эканамічны пояс Шаўковага шляху”, будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, вытворчасць легкавых аўтамабіляў маркі Geely. Таму невыпадкова, што ў Беларусі расце цікавасць да вывучэння кітайскай мовы і гісторыі.

Бераставіцкія чытачы цяпер таксама атрымалі магчымасць паглыбіць свае веды пра Кітай. Перададзеная Інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя літаратура – а гэта 78 экзэмпляраў папяровых і электронных выданняў –  знаёміць з гісторыяй станаўлення беларуска-кітайскіх адносінаў, з культурай і прыродай Кітая, з асаблівасцямі мовы і каліграфіі, з традыцыйнай філасофіяй і сучасным жыццём сяброўскай нам краіны. Юных чытачоў, напэўна ж, зацікавіць электроннае выданне з рэкамендацыямі, як хутка вывучыць кітайскую мову, а часопісы “Кітай” пазнаёмяць з дасягненнямі лічбавых тэхнплогій, прамысловасці і культуры КНР.

Пекінская опера, кітайская каліграфія, традыцыі харчавання – пра ўсё гэта  і не толькі можна даведацца на выставе, якая працягне сваю дзейнасць да  канца красавіка.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *