“Беларусы мы!” Дэлегацыя Бераставіцкага раёна прыняла ўдзел у святочным канцэрце да 100-годдзя БССР

105 лет БССР Общество

Дэлегацыя Бераставіцкага раёна прыняла ўдзел ва ўрачыстым канцэрце, прысвечаным святкаванню 100-годдзя з дня абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, які адбыўся ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.

У вялікім зале драмтэатра сабраліся прадстаўнікі Гродзеншчыны, якія сваёй шматгадовай добрасумленнай працай умацоўвалі не толькі патэнцыял свайго рэгіёна, але і тым самым ўносілі пасільны   ўклад у развіццё беларускай дзяржавы – заслужаныя людзі, арганізатары вытворчасці, дзеячы навукі, культуры, мастацтва, прамысловасці і сельскай гаспадаркі, вядомыя будаўнікі, урачы, педагогі, спартсмены, людзі, якія адзначыліся ў ахове грамадскага парадку і воінскай службе.

Яшчэ да пачатку мерапрыемства госці святочнага канцэрта акунуліся ў атмасферу савецкіх гадоў: у фае драмтэатра дзейнічалі тэматычныя выставы, фотазоны з атрыбутыкай   БССР, у выкананні духавога аркестра гучалі мелодыі мінулых гадоў.

Урачысты вечар адкрыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Жук. Ён спыніўся на асноўных этапах станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці, расказаў, якой цаной здабывалася наша незалежнасць, выказаў надзею, што і надалей наша краіна ў цэлым  і прынёманскі край у прыватнасці будуць дынамічна развівацца.

— Залогам гэтага з’яўляюцца людзі, якія ўмеюць сумленна працаваць, а іх на Гродзеншчыне нямала. Шэсцьдзесят чатыры Героя Сацыялістычнай Працы і тры Героя Беларусі ўзгадавала гродзенская зямля, — адзначыў Ігар Георгіевіч. — Мы радуемся таксама і за нашу моладзь, якая імкнецца да ведаў, актыўна ўдзельнічае ў жыцці краіны, рыхтуецца ўзяць на сябе адказнасць за будучыню дзяржавы.

Ад імя абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук падзякаваў усім,  хто сваёй працай стварае нашаму рэгіёну аўтарытэт і славу,    павіншаваў   са 100-годдзем абвяшчэння БССР, якое будзе адзначацца 1 студзеня 2019 года,  пажадаў   росквіту нашай краіне, а ўсім жыхарам   Гродзеншчыны — моцнага здароўя, шчасця, міру  і дабрабыту.

Пра гісторыю Беларусі за мінулыя 100 гадоў з дня ўтварэння БССР напомніў і святочны канцэрт, які быў падмацаваны фота- і кінахронікай, а таксама радкамі з вядомых вершаў беларускіх паэтаў. А заслужаныя калектывы Гродзеншчыны, якія прымалі ў ім удзел, падарылі цудоўны настрой усім прысутным у зале.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *