Беларуская народная гульня як сродак выхавання патрыятычных пачуццяў дашкольнікаў

Культура Образование

У сучасных умовах адным з цэнтральных накірункаў  работы з падрастаючым пакаленнем з’яўляецца патрыятычнае выхаванне.

Дашкольны ўзрост – гэта час інтэнсіўнага развіцця асобы дзіцяці. Менавіта ў гэтым узросце закладваецца падмурак светапогляду чалавека, яго стаўленне да навакольнага свету, фарміруецца ўяўленне пра малую радзіму, выхоўваюцца пачуцці прыхільнасці да сваёй сям’і, павагі да працы, гонару за сваю краіну. Таму выхаванне патрыятычных пачуццяў, фарміраванне і развіццё асобы, якая валодае якасцямі грамадзяніна, патрыёта, пачынаецца ўжо ў дашкольным узросце.

На маю думку, беларускія народныя гульні маюць важнае значэнне ў патрыятычным выхаванні. Яны вельмі разнастайныя па змесце і выхаваўчых магчымасцях. Педагагічная каштоўнасць беларускіх народных гульняў заключаецца ў тым, што яны даюць веды аб родным краі, выхоўваюць пачуццё прыналежнасці да беларускага народу і такія нацыянальныя якасці, як дабрыня, спагадлівасць, шчырасць, добразычлівасць, працавітасць, уменне дапамагчы.

Беларускія народныя гульні выкарыстоўваю у розных відах дзейнасці выхаванцаў. А выбіраю гульні ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі дзяцей.

У выхаванцаў 3-4 гадоў фарміруюцца ўяўленні пра працавітасць беларусаў, пра тое, як у сям’і клапоцяцца пра дзяцей. Для гэтага ўзросту падабрала беларускія народныя гульні “Грушка”, “Адгадай, чый галасок”. Гэтыя гульні карагодныя, спакойныя. Перад гульнёй я расказваю дзецям, што беларусы любілі вадзіць карагоды, так яны адпачывалі пасля працы. Такія гульні праводжу звычайна на прагулцы, паміж заняткамі. Выхаванцы з задавальненнем завучваюць невялікія вершы на беларускай мове і выконваюць адпаведныя рухі. Беларускую народную гульню “Грушка” выкарыстоўваю для правядзення фізкультмінуткі на занятку.

Для дашкольнікаў 4-5 гадоў выкананне ролі з’яўляецца значным матывам у гульнявой дзейнасці. Імітуючы ў гульні пэўныя адносіны паміж людзьмі, дзеці вучацца разумець і дапамагаць адзін аднаму. Праз народныя гульні “Шэры кот”, “Мароз”, “Браднік”, “Маша”, “Агароднік” выхаванцы вучацца выбіраць спосабы зносін з аднагодкамі і старэйшымі, паважаць працу, любіць родную мову. У час гульняў дзеці з задавальненнем выконваюць ролі персанажаў беларускага фальклору: агародніка, ката. Такія гульні праводжу на прагулцы, падчас працоўнай дзейнасці.

Выхаванцы 5-6 гадоў, у якіх выхоўваюцца сацыяльныя нормы ўзаемаадносін,  гуляюць у беларускія народныя гульні “Замарожаныя”, “Блін гарыць”, “Лянок”, “Фарбы”, “Вядзьмар”. Гэтыя беларускія народныя гульні патрабуюць больш увагі да выканання правіл, бо толькі тады атрымаецца гульня. Для гэтага ўзросту ролі ў гульні ясна акрэслены і вызначаны. Дзеці назіраюць за аднагодкамі, параўноўваюць іх гульнявыя дзеянні са сваімі. Праз гульню “Лянок” дзеці знаёмяцца з працай беларусаў у далёкія часы, імітуюць рухі сейбіта, жняі, вучацца правільна размаўляць па-беларуску.

Амаль ва ўсіх беларускіх народных гульнях трэба выбраць вядучага, гэта адбываецца пры дапамозе лічылак.

Беларуская народная гульня, як від народнай творчасці, існуе самастойна. Але я абавязкова яе выкарыстоўваю  і як частку забаў, ранішнікаў, святаў, што надае ім пэўны каларыт і непаўторнасць.

Такім чынам, практыка паказала, што актыўнае, мэтанакіраванае выкарыстанне беларускіх народных гульняў дазваляе пашырыць уяўленні дашкольнікаў пра сваю краіну і свой народ, развівае памяць, увагу. Важна, што ў працэсе гульні дзеці размаўляюць па-беларуску, а гэта спрыяе авалоданню роднай мовай. Дзякуючы народным гульням, у дзяцей фарміруюцца нормы паводзін, узоры адносін, маўленчая культура.

Святлана Прэдка, выхавальнік дашкольнай адукацыі

Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *