Беларускае вяселле

Лента новостей

Найбольшай прыгажосцю, урачыстасцю, разнастайнасцю заўсёды вылучалася беларускае вясковае вяселле, традыцыі якога сёння важна захаваць і перадаць нашчадкам. Мы прапануем чытачам знаёмства з гэтым самабытным, багатым на фальклор абрадам, які суправаджаў такую значную падзею ў жыцці чалавека, як вяселле. Колішняе вяселле мела некалькі этапаў.

Сваты
Ішлі ў сваты тры-пяць чалавек і часцей за ўсё родны ці хросны бацька, дзядзька, брат жаніха, часам яго маці ці другая блізкая сваячка, зрэдку – і сам жаніх. Калі сватацца ішлі ў сваёй вёсцы, дзе хлопца ўсе ведалі, то ён мог і не прысутнічаць пры гэтым.
З таго моманту, як сват пераступаў парог хаты будучай нявесты, пачынаўся адказны перыяд. Яго сэнс зводзіўся да таго, каб перакінуць масток узаемаразумення і ўзаемапавагі паміж двума родамі.
Звычайна сват адпраўляўся «на заручыны» з боханам хлеба і бутэлькай гарэлкі. Сватаўство лічылася паспяховым, калі ў канцы застолля маці будучай нявесты выконвала глыбока сімвалічны рытуал: у бутэльку, прынесеную сватам, яна насыпала зерне жыта, загортвала ў ручнік і вяртала госцю, што азначала: «Пасеянае збожжа абавязкова прарасце новым коласам».
Да сённяшняга дня сярод беларусаў існуе павер’е, якое забараняе называць імя чалавека, каб зноў-такі не нашкодзіць яму. Усё гэта разам узятае вымагала ад удзельнікаў рытуалу не толькі ў час сватаўства, але і ў некаторых іншых выпадках, пераводзіць гаворку ў план іншасказання: «У вас ёсць цялічка, а ў нас сянцэ. Дзе сянцэ, там і цялічка. Ну як, гаспадар, што скажаш на гэта?». Дзяўчына адразу ж здагадвалася, пра што ідзе гаворка. Калі яна была супраць, то магла збегчы з хаты. Праўда, тады на дапамогу прыходзілі сябры жаніха.
Адмаўленне сватам хоць і не лічылася ў сялянскім асяроддзі вялікай бядой, але ўсё ж было непрыемным момантам для сям’і жаніха. Па гэтай прычыне імкнуліся неяк прадбачыць зыход сватаўства. На Гродзеншчыне перад тым, як ісці ў сваты, клалі на ноч на двары кавалак хлеба: калі хлеб быў цэлы — гэта прадвяшчала ўдалае сватанне, калі яго пагрызлі мышы – лепей адкласці і не ісці .

Заручыны
У хуткім часе сваякі жаніха і нявесты запрашаліся на заручыны, ці першыя запоіны. На заручынах нявеста рабіла першыя падарункі сваякам жаніха. А жаніх – нявесце. Канешне, спіртное ў час сустрэчы налівалі, таму гэта ўсё і атрымала назву першыя запоіны. Жаніх з нявестай не пілі. Толькі елі курынае мяса, каб не псаваць жыццё да вяселля. Усе астатнія напіваліся ўдоваль і ўсё прыгаворвалі розныя пажаданні для далейшага жыцця маладых! Маці жаніха абавязкова дарыла белы адрэз тканіны свацці, каб тая паслала яго на стол. Абявязкова на заручынах елі яешню. Устае сват, закручвае бутылку гарэлкі белым палатном з двух бакоў і выходзіць з хаты – так канчаліся заручыны.

Вялікія запоіны “апошнія”
«Вялікія запоіны» ўяўлялі сабой абрад канчатковых змовін аб тэрмінах, умовах, парадку вяселля. Падчас змовін у доме нявесты, дзе збіраліся бацькі і родныя жаніха і нявесты , усе блізкія родзічы абудвух, вызначаўся пасаг. Калі жаніх і нявеста былі розных хрысціянскіх веравызнанняў, то дамаўляліся аб веравызнанні будучых дзяцей.
Спраўляць вялікія запоіны, прыязджалі сваты з маладым, маладыя мяняліся абручкамі. Гэты вечар нагадвае сабой банкет, на які запрашаюцца родныя нявесты. Увага іх звернута на жаніха. Яму задаюць пытанні, шэпчуцца, мяркуюць паміж сабой, ці добры будзе муж. Спяваюць застольныя песні, расказваюць розныя небыліцы.

Дзявоцкі вечар
“Дзеўка без касы не мае красы”. Такое рытуальнае дзеянне, як распусканне касы, “завіванне нявесты”, уяўляла сабой пачатковую ступень яе змены: валасы прыбіралі ў новую прычоску, ужо не па-дзявочаму, а па-жаночаму (на галаве рабілі роўны прабор, каб адну касу падзяліць на дзве). І толькі вянок сімвалізаваў яе дзявоцкасць. На вяселлі вянок зменіцца жаночым галаўным уборам. Па-глядзець, як “завівалі нявесту”, прыходзілі ўсе жыхары вёскі, асабліва жаночая яе палавіна.
Усе абрадавыя дзеянні заканчваліся апоўначы, нявеста і сяброўкі клаліся спаць у адным пакоі, каб раніцай, калі ўстане сонейка, працягнуць вясельныя прыгатаванні. Да тае пары, пакуль нявесту не возьме пад руку жаніх, яе нельга было пакідаць адну. Нявеста рыхтавала напярэдадні вяселля рытуальнае частаванне, дзяўчаты спявалі жалобныя песні, потым гулялі, як кажуць, напаследак. У некаторых рэгіёнах абразалі касу. Потым усе дзяўчаты ішлі ў лазню.

Хлапецкі вечар
Хлапечы вечар быў адметны тым, што халастыя хлопцы развітваліся, “прапівалі” свайго сябра. У некаторых рэгіёнах гэты вечар ладзілі ў гонар вясельнага кума (хроснага бацькі), які з гэтага моманту атрымліваў асаблівыя — вясельныя — паўнамоцтвы. Часам танчылі, ладзілі гульні, узгадвалі цікавыя выпадкі з “халастога” жыцця. Напярэдадні вяселля жаніх з хлапцамі-сябрамі ішоў у лазню. Калі ўмелі – варылі піва, а як не – дык куплялі ў лаўцы і абліваліся ім.
Паважаныя чытачы! 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці РБ, усе жыхары і госці нашага мястэчка змогуць сваімі вачыма ўбачыць, а галоўнае – стаць непасрэднымі ўдзельнікамі ўсіх гэтых абрадавых дзеянняў.

Зборная субота
Апошняя падрыхтоўка да вяселля. Усе жанчыны спяваюць песні, пякуць пірагі. Для гэтага збіраецца дзевяць дзяўчат, з якіх выбіраюць старшую каравайніцу, майстрыху. Пасярэдзіне пакоя ставіцца кошык, напоўнены жытам. Ён накрываецца кажухом, а на кажух ставяць дзяжу. Муку прасяваюць па чарзе ўсе каравайніцы. Усе таксама павінны сыпаць яе ў дзяжу і ліць ваду – расчыняць. Калі цеста замешана, усе становяцца каля дзяжы ў рады. Галоўная каравайніца кажа словы: “Да хвала табе, Божа, што работку зрабілі – каравай расчынілі”. Потым бярэ дзяжу, каб пераставіць яе на іншае месца. Тады ўсе кідаюцца да кошыка з жытам і пачынаецца барацьба: хлопцы забіраюць яго ў дзяўчат, каб закінуць на печ, дзяўчаты – у хлопцаў. Лічыцца, што калі хлопцы змогуць закінуць жыта на печ, дзяўчаты не выйдуць замуж у гэтым годзе, калі ж не, то выйдуць. Затым каравай ставіцца ў печ. Чым ён лепшы, тым лепш. Увогуле, зборны вечар праходзіў вельмі весела.
Асаблівае стаўленне да кожнай дэталі каравайнага абраду заўважалася нават у такіх дзеяннях, як падрыхтоўка печы да выпечкі каравая. Увесь стары попел вымяталі толькі бярозавым венікам. Дровы для печы часцей за ўсё бралі бярозавыя, сасновыя або дубовыя, але ні ў якім разе яловыя ці асінавыя. Пакуль рыхтавалі печ і расчынялі цеста, каравайніцы і прысутная моладзь раз-пораз падхоплівалі абрадавыя песні, прысвечаныя і тым, хто завіхаўся вакол рытуальнага печыва, і самому караваю.
Спечаны каравай загортвалі ў белы ручнік, клалі на вечка дзяжы і адносілі ў камору, дзе ён захоўваўся да заканчэння вясельнай урачыстасці.
Вяселле
У даўнія часы вясельны картэж складаўся з чатырох- пяці, а то і васьмі вазоў, убраных рознакаляровымі папяровымі стужкамі і галінкамі елак. Асабліва прыгожа ўбіралі вазок, на якім ехаў малады. Дугу шчыльна апляталі елкаю, да яе мацавалі галасісты званок і «шамкі» — маленькія металічныя бразготкі. Усё гукавое начынне надавала вясельнаму поезду незвычайную ўрачыстасць, далёка несла вестку аб важнай падзеі ў жыцці новай сям’і. Аднак шумавое аздабленне мела больш глыбокі сэнс — адагнаць усялякую нячыстую сілу, каб яна «не пераходзіла дарогу». Вельмі дрэннай прыкметай лічылася, калі вясельнаму картэжу перабягаў дарогу заяц. Таму нават існавалі песні, якія выконваліся, калі малады ехаў па маладую, і асноўным персанажам быў касавокі. Затое лічылася добрым знакам, калі вясельнаму поезду некалькі разоў перагародзяць дарогу аднавяскоўцы.
Нарэшце, гучныя званочкі данеслі вестку — едзе «бяседа» маладога. Дружына маладой хуценька зачыняла вароты. Сваты павінны выкупіць іх. 3 воза злазіў хросны бацька, а хросная маці падавала яму каравай у выгля-дзе паўмесячыка з прывязанымі да яго двума абаранкамі. Калі выкуп задавальняў дружыну маладой, то вароты расчыняліся. Госці падыходзілі да засланага абрусам стала. Па абодва яго бакі станавіліся старэйшыя. Сваты маладой і маладога трымалі на ручніку каравай-«паўмесячык».
Сваты віталіся, а потым з жартамі ўздымалі караваі як мага вышэй. Прысутныя ўважліва сачылі за разгортваннем дзеі: чый каравай апынецца вышэй, той з маладых і будзе верх у жыцці трымаць. Затым сваты выконвалі вельмі цікавы і адказны рытуал, абрадавая сімволіка якога ўзмацняла сэнс таго, што адбывалася ў двары. Сваты прыкладвалі адзін каравай да другога («паўмесяц» да «паўмесяца» і ўтваралася адзінае цэлае — «сонца»), перавязвалі іх хусцінай, на якую яшчэ дадаткова нанізвалі чатыры абаранкі. У некаторых выпадках сваты злівалі і прыхопленую з сабой гарэлку: сцвяр-джалі, што яна набывала пры гэтым чароўную моц і ёй можна было лячыць нават бяздзетнасць.
А тым часам завяршалася прыгатаўленне нявесты, заставалася толькі прымацаваць «карону». Таму, каб неяк затрымаць сватоў, жанчыны выводзілі з хаты падстаўную бабулю ў масцы, а затым ужо якую-небудзь дзяўчыну-модніцу або «цыганку». Нарэшце, выходзіла і сама нявеста. За яе таргаваліся доўга, цану запрошвалі высокую. Але вось і гэта справа вырашана. Сват працягвае нявесце хустачку, тая бярэцца за адзін канец, сват — за другі, і так яны выходзяць з хаты, у якой яна хавалася ад «войска» маладога. У доме маладога ўжо накрыты стол. Старшы сват садзіцца ў кут, побач з ім нявеста і яе сяброўкі. Насупраць, праз стол, у такім жа парадку садзіцца дружына маладога. Госці, каму можна было, выпівалі па чарцы гарэлкі, а пасля гэтага, ужо непасрэдна перад ад’ездам у царкву, маладую садзілі на пасад — на ўслон, які быў засланы вывернутым кажухом. Тым часам родны брат маладой расплятаў ёй касу ў песенным суправаджэнні сябровак:
Расплёў брат косачку,
Разліў ёй слёзачку.
Каса мая да русенькая,
Сляза мая гарачэнькая.
Пасля пасаду маладыя браліся за рукі і падыходзілі да бацькоў. Маці і бацька бралі па бохану хлеба, загортвалі іх у канцы руч-ніка, уздымаючы сярэдзіну высока ўгору. Утваралася нешта накшталт аркі — небасхілу, брамы вечнасці, праз якую і праходзілі маладыя, адпраўляючыся да храма. Пасля заручэння ў храме вясельны поезд вяртаецца да хаты маладой. Тут адбываецца апошняя вячэра нявесты ў хаце роднай матулі. Заканчвалася яна дзяльбой каравая і адорваннем маладых. Дарылі хто што мог — карову, цялушку, парася, грошы. У гэты час кожны імкнуўся выказаць маладым прыгожае паэтычнае пажаданне, у якім было ўсё: клопат пра дабрабыт, здароўе дзяцей, багатую гаспадарку.
У доме маладога шаноўных і доўгачаканых гасцей сустракалі з радасцю і задавальненнем. Каб маладыя не ступалі на голую зямлю, свякроў засцілала ў варотах прыгожую посцілку. Першым на яе станавіўся сын, потым нявестка. Бацькі сустракалі маладых перад парогам хаты. Маці трымала на ручніку хлеб-соль, а бацька — два кілішкі і бутэльку гарэлкі. Бацька тройчы наліваў маладым, а яны толькі прыгублівалі і вылівалі гарэлку праз левае плячо. Затым маладыя цалавалі каравай і атрымлівалі дазвол прайсці ў хату. Малады браў маладую на рукі і пераносіў яе праз парог так, каб яна нічым не датыкнулася да гэтай сакральнай зоны чалавечага жытла. У напрамку па гадзіннікавай стрэлцы маладыя ішлі ў чырвоны кут хаты, пад абразы.
Вяселле ў маладога магло доўжыцца два, а то і тры дні — усё залежала ад сямейнага дастатку. Заканчвалася вяселле зноў-такі дзяльбой каравая маладога і здыманнем фаты з маладой. Калі свякроў была ўдавой, то гэты рытуал выконвала ятроўка (дзеверава жонка). Гулялі амаль усю ноч, а зранку збіраліся разам паснедаць і ад душы патанчыць вальс, польку, карапет, падыспань, кракавяк, «На рэчаньку». У нядзелю пасля абеду дзялілі каравай, і госці, каму трэба было ісці на працу ў панядзелак, паціху разыходзіліся. А вось старыя спраўлялі ў гэты дзень «разгрэбіны». Сутнасць звычаю была ў наступным. Калі госці прыходзілі на вяселле, то неслі з сабой па адным або тры літры гарэлкі і пяць-шэсць місак гатовай закускі. У панядзелак усё гэта даядалася і дапівалася, і госці разбіралі-«разграбалі» свой посуд, сваё начынне.
Пірагі
Яшчэ праз тыдзень бацькі маладога і самі маладыя ехалі на пярэзвы да бацькоў маладой. Да гэтага часу маладой забаранялася прыходзіць да бацькоў. У гэты дзень ўсіх частавалі медавухай, рознымі пірагамі, начыненымі абявязкова чым- небудзь смачным, каб жыццё маладых было салодкім. Адсюль і назва “пірагі”. Ладзіліся песні, танцы, розныя пераапрананні моладзі. Гэта гулянне павінна было быць вясёлым, бо яно дае старт сумеснаму жыццю маладой сям’і.
Падрыхтавала рэжысёр
святаў і абрадаў РМЦ НТ
Ангеліна Гуліна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *