Баявы шлях Мікалая Ластачкіна

Из истории земли Берестовицкой Культура

34Вялікая Айчынная вайна была часам вялікіх выпрабаванняў для беларускага народа, які падняўся на ўсеагульную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вайна аказала істотны ўплыў на лёсы лю­дзей, але іх мужнасць і адданасць ідэалам далі магчымасць пераадолець усе цяжкасці і складанасці і выйсці пераможцамі.
Вучні Малабераставіцкай сярэдняй школы свята ўшаноўваюць подзвіг дзядоў і прадзедаў, даследуюць жыццё і баявы шлях удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, лёс якіх цесна звязаны з Малой Бераставіцай. У хо­дзе праекта “Подзвігу народа жыць у вяках”, рэалізаванага на базе школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”, праведзена даследаванне жыццёвага шляху былога дырэктара Малабераставіцкай школы Мікалая Мікалаевіча Ластачкіна, які працаваў дырэктарам нашай школы з 10 верасня 1944 года па 1951 год.
Складаным быў лёс Мікалая Мікалаевіча, аб чым сведчаць сустрэчы і гутаркі з яго роднымі, аналіз дакументальных матэрыялаў.
Будучы настаўнік нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Замачулле на Магілёўшчыне, у сялянскай сям’і. Сям’я была вялікая і дружная, даводзілася многа працаваць, але хапала часу і жадання і на вучобу. Яшчэ падчас заняткаў у школе Мікалай пачаў марыць аб прафесіі настаўніка. Пасля школы ён паступіў у Магілёўскі педагагічны інстытут. А ў 1937 годзе яго прызвалі ў Чырвоную Армію, дзе ён служыў да лістапада 1938 года. Пасля дэмабілізацыі Мікалай прадоўжыў навучанне, якое сумясціў з працай настаўніка рускай мовы і літаратуры ў школе №22 г.Магілёва.
У чэрвені 1941 года Мікалай Мікалаевіч быў узнагароджаны пуцёўкай у Маскву на сельскагаспадарчую выстаўку. З успамінаў жонкі Любові Анастасьеўны: “Коля заўсёды вельмі эмацыянальна расказваў пра пачатак вайны, так як 22 чэрвеня ён знаходзіўся ў Маскве. Усе былі вельмі ўзрушаны паведамленнем аб пачатку вайны, вялікія натоўпы ўсхваляваных людзей на вуліцах, чэргі ў магазінах, у ашчадных касах і на вакзалах. Мікалай змог купіць білет на цягнік, каб вярнуцца да хаты. Непадалёку ад Оршы варожыя самалёты пачалі бамбіць састаў, з’явіліся параненыя і забітыя. Але Мікалаю ўдалося даехаць да Магілёва, дзе 24 чэрвеня яго прызвалі ў Чырвоную Армію”.
У ходзе абарончых баёў многія байцы аказаліся ў акружэнні і трапілі ў палон да фашыстаў. Так сталася і з Мікалаем Ластачкіным. DSCN0910Восенню 1941 года падчас цяжкага бою ён з таварышамі трапіў у палон. Праз некаторы час чырвона­армейцаў адправілі ў таварных вагонах у лагер для ваеннапалонных, які размяшчаўся паблізу польскага горада Холм, затым перамясцілі ў лагер у Замосці, а пазней — у Люблінскі лагер смерці.
Мікалай зведаў здзекі, голад, холад і паўсядзённае чаканне смерці. Акрамя гэтага, ён вельмі цяжка перажываў знявагу, прыніжэнне чалавечай годнасці. Мікалай здолеў уцячы з лагера, але на гэтым пакуты яго не скончыліся, так як шлях да роднай зямлі быў доўгі і небяспечны.
З вялікімі складанасцямі Мікалаю ўдалося вярнуцца на родную зямлю. Месяц пошукаў — і ён выйшаў да партызан. Лёс склаўся так, што гэта аказаўся вядомы атрад “Чырвоны Кастрычнік”. Адбылося гэта ў ліпені 1942 года.
З успамінаў Мікалая Ластачкіна: “Так як я быў у палоне, то спачатку мне не давяралі, але пасля некалькіх заданняў далі ў рукі зброю і ўключылі ў дыверсійную групу. Наша група падрывала чыгунку, каб фашысты не маглі перавозіць на фронт баявую тэхніку”.
На базе асобных парты­занскіх атрадаў з вясны 1942 года пачалі стварацца партызанскія брыгады. Першая брыгада – “гарнізон Паўлоўскага” – была створана на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Палескай вобласці ў студзені 1942 года. У нашым музеі ёсць вельмі каштоўны дакумент — баявая характарыстыка на партызана атрада “Чырвоны Кастрычнік” 123 брыгады імя 25-годдзя БССР Ластачкіна Мікалая Мікалаевіча, 1914 года нараджэння. На дакуменце ёсць нумар і назва дадзенай брыгады, ён завераны подпісамі камандзіра атрада, начальніка штаба і камісара. На пячатцы юным даследчыкам удалося прачытаць: “Штаб Полесского соединения”, дата – 24 августа 1944 года.
Вытрымка з баявой характары­стыкі Мікалая Мікалаевіча Ластач­кіна “…Тов. Ласточкин Н.Н. за время пребывания в отряде показал себя как примерный и дисциплинированный партизан, смелый в боях и хороший товарищ. Со дня прибытия в отряд тов. Ласточкин всегда добровольно шел на диверсионную работу по спуску вражеских эшелонов, следовавших к линии фронта, а также был участником нескольких боев с вражескими гарнизонами и полицией, как-то: Грабье, Березовка, Холопеничи, Залесье и др.
9 января 1944 г. во время боевой засады в д. Подветко Октябрьского района тов. Ласточкин Н.Н. был ранен в ногу, но поле боя не оставил до окончания боя.
Тов. Ласточкин имеет на своем личном счету 4 спущенных вражеских эшелона с техникой и вооружением, шедших к линии фронта. Десять раз он был участником рельсовой борьбы по взрыву ж.д. полотна и участником подрыва ж.д. мостов на реке Бобричь, ж.д. моста ст.Холопники, ст.Василевичи, ст.Голявуц, водокачки на ст. Холопники и ст.Останковичи, а также участник уничтожения 3 танков среднего типа и двух бронемашин. Тов. Ласточ­- кин Н.Н. имеет на своем счету 60 истребленных гитлеровцев. Партии Ленина — Сталина тов.Ласточкин предан, морально выдержанный, стойкий. Кандидат в члены ВКП(б) с осени 1943г. Принят Октябрьским подпольным райкомом партии Полесской области. …”
Набліжаўся час вызвалення Беларусі ад ворагаў. Фашысты ўсё часцей сталі праводзіць карныя экспедыцыі супраць партызан. Падчас адной з іх група партызан трапіла ў палон, сярод іх быў і Ластачкін. Але Мікалай не скарыўся. Праз два месяцы ён зноў змог уцячы ад фашыстаў і вярнуўся на ўжо вызваленую ад ворагаў тэрыторыю ў жніўні 1944 года.
Радзіма высока ацаніла заслугі Мікалая Мікалаевіча Ластачкіна. Сярод яго ўзнагарод — ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны II cтупені, медаль ”Партызану Айчыннай вайны”.
На вызваленай тэрыторыі пачаўся працэс аднаўлення мірнага жыцця. Міністэрства адукацыі накіравала Мікалая Ластачкіна на педагагічную работу на Гродзеншчыну. 10 верасня 1944 года Мікалай Мікалаевіч пачаў працаваць дырэктарам Малабераставіцкай няпоўнай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.
Працуючы ў школе, Мікалай Мікалаевіч праявіў сябе як адукаваны, інтэлегентны і працалюбівы кіраўнік, які ўзяў на сябе цяжкую справу па пасляваенным аднаўленні адукацыі ў нашай мясцовасці. Менавіта такім яго запомнілі старажылы Малой Бераставіцы.
У раздзеле “З гісторыі школы” ў музейнай экспазіцыі размешчаны матэрыялы аб дырэктару школы Мікалаю Мікалаевічу Ластачкіну, жыццёвы і баявы шлях якога з’яўляецца прыкладам для вучняў, настаўнікаў і ўсіх наведвальнікаў музея.
Вікторыя Кісялеўская, дырэктар
Малабераставіцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *