10 ліпеня ў Бераставіцкім раёне правёў асабісты прыём грамадзян старшыня праўлення Гродзенскага аблспажыўтаварыства Генадзь Геніюшавіч Несцер. На ўсе пытанні кіраўнік галіны даў канкрэтныя і грунтоўныя адказы.
Жыхароў Вялікай Бераставіцы, а найперш тых, хто жыве па вуліцах Леніна і Старадварэцкай, вельмі цікавіла, вядома, калі ж адкрыецца ў іх мікрараёне новы магазін “Родны кут”. І гэтае пытанне было зададзена старшыні праўлення аблспажыўтаварыства першым.
Генадзь Несцер паведаміў, што падзея гэтая адбудзецца ў райцэнтры ўжо вельмі хутка. На сённяшні дзень у магазіне ўстаноўлена неабходнае гандлёвае абсталяванне. А цяпер завозіцца абсталяванне халадзільнае, вядзецца яго мантаж і наладка. Адкрыццё магазіна плануецца на канец ліпеня-пачатак жніўня.
Генадзь Геніюшавіч і дырэктар Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства Валянціна Парманчук расказалі, якой убачаць новую гандлёвую кропку пакупнікі.
Агульная плошча магазіна – 1100 квадратных метраў, гандлёвая – 570. Узровень гандлю будзе адпавядаць патрабаванням сённяшняга дня. І гандлёвае, і халадзільнае абсталяванне – сучаснае. Устанаўліваецца, у прыватнасці, аўтаномны халадзільнік з кампрэсарна-кандэнсатарным агрэгатам – ён прызначаны для кароткатэрміновага захоўвання і рэалізацыі саленняў.
Безумоўна, зрабіць пакупку можна будзе не толькі за наяўны разлік, але і з дапамогай плацёжных тэрміналаў. У новым магазіне пакупнікам будуць прапаноўвацца дысконтныя карты, якія даюць права на пэўныя скідкі. Будзе весціся гукавая рэклама тавараў.
Паколькі новы магазін “Родны кут” досыць прасторны, жыхары гарадскога пасёлка пацікавіліся, ці будуць у ім аказвацца яшчэ якія-небудзь паслугі.
Кіраўнік аблспажыўтаварыства і дырэктар Бераставіцкага філіяла патлумачылі, што ў магазіне пакуль застаюцца незадзейнічанымі трыццаць квадратных метраў плошчы. Дагэтуль меркавалася, што тут размесціцца аптэчны кіёск, і гэта было б зручна для мясцовых жыхароў шматпавярховых дамоў. Але пакуль што РУП “Фармацыя” не вызначылася з адкрыццём свайго кіёска, так што пытанне на сённяшні дзень застаецца адкрытым.
У сваю чаргу, маладая мама выказала меркаванне, што някепска было б стварыць у новым магазіне дзіцячае кафэ. — Я і мае аднагодкі памятаем, як добра нам было ў дзяцінстве бываць у кафэ “Красная шапочка”, – сказала жанчына. – Нашы дзеці, на жаль, не маюць такой магчымасці. У падобным кафэ можна было б адзначаць і дні нараджэння дзяцей.
Маладую маму падтрымала загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Вольга Пілецкая, якая прысутнічала на прыёме.
– Гандаль – сфера абслугоўвання асаблівая, бо запатрабавана ў насельніцтва літаральна штодня, – заўважыла Вольга Эдвардаўна. І таму зваротаў, заўваг і скаргаў менавіта па гандлёвым абслугоўванні паступае ў райвыканкам нямала. У тым ліку і наконт дзіцячага кафэ, неабходнасць адкрыцця якога ў гарпасёлку ўжо востра адчуваецца.
Генадзь Несцер згадзіўся: прапанова гэта вельмі слушная, над ёю абавязкова варта падумаць.
У сектар па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама паступаюць скаргі і на тое, што ў магазінах раёна ўпакоўка прадуктаў у бясплатныя поліэтыленавыя пакеты застаецца праблематычнай. Пакупнікі наракаюць на тое, што прадаўцы іх увогуле не прапаноўваюць ці прапаноўваюць вельмі неахвотна.
На гэта Генадзь Несцер паведаміў наступнае. Згодна пункту 25 Правілаў гандлю прадавец абавязаны перадаць пакупніку тавары належнай якасці, у тары і ўпакоўцы – за выключэннем тых тавараў, якія па свайму характару не патрабуюць затарвання. Тавары перадаюцца ва ўпаковачным выглядзе без дадатковай платы за ўпакоўку. А выгляд упакоўкі вызначаецца самім прадаўцом – гэта не абавязкова поліэтыленавы пакет, можа быць і ўпаковачная папера, харчовая плёнка, для гародніны – сетчатыя рукавы і г. д. Выключэнне складаюць толькі ўпакоўкі тортаў, набораў пірожных, напояў, што прадаюцца на разліў – кошт іх уключаецца ў кошт тавара.
На прыёме былі ўзняты і іншыя пытанні. Напрыклад, ці мае права пакупнік вярнуць пакет малака, калі па прыходзе з магазіна дамоў высветлілася, што, нягледзячы на прыгодны тэрмін выкарыстання, малако скісла. Генадзь Несцер зазначыў, што такія выпадкі падчас здараюцца не толькі ў Бераставіцкім раёне. Дакладна высветліць, хто тут віноўны і на якім этапе – дастаўкі ці захоўвання – малако скісла, не прадстаўляецца магчымым. Але пакупнік ні ў якім разе не павінен панесці ад гэтага страты, малако павінна быць заменена. Прычым, прадавец абавязаны – не толькі, вядома ж, у прыведзенай сітуацыі – весці сябе тактоўна, карэктна. Абавязак кожнага, хто працуе ў гандлі, так адносіцца да пакупніка, каб ён ішоў у магазін з ахвотай і ўпэўненасцю, што там ветліва сустрэнуць, хутка і прафесіянальна абслужаць.
Даючы адказы, старшыня праўлення аблспажыўтаварыства адзначыў, што такая ўвага пакупнікоў і іх слушныя прапановы дапамагаюць палепшыць якасць работы спажыўкааперацыі. І па заканчэнні прыёму даручыў Валянціне Уладзіміраўне правесці нараду з загадчыкамі магазінаў, каб абмеркаваць узнятыя пытанні.
Марыя Драпеза, фота аўтара