Архіўная работа: за кожным дакументам — лёс чалавека

Лента новостей Человек и его дело

Тамара Аляксандраўна Шчурская – кіраўнік справамі Малабераставіцкага сельвыканкама. Пасада гэтая няпростая, патрабуе не толькі кампетэнтнасці, скурпулёзнасці, але ў пэўнай ступені і ведання азоў псіхалогіі. Бо ў цэнтр увагі ставіцца, вядома ж, работа з людзьмі. Прыём грамадзян вядзецца штодзённа, Тамара Аляксандраўна дае тлумачэнні і папярэднія кансультацыі па самых розных пытаннях – юрыдычнага, натарыяльнага, адміністрацыйна-гаспадарчага характару многага з таго, скажам, што датычыцца адраснай дапамогі, выкарыстання чэкаў “Жыллё”, “Маёмасць”, прыватызацыі жылля, зямлі, пазбаўлення бацькоўскіх правоў і інш. Пра ўсё, што не ўваходзіць у кампетэнцыю кіраўніка спраў, яна адразу ж кансультуецца з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Тэрытарыяльным цэнтрам сацабслугоўвання, юрыдычнай, натарыяльнай службамі, аддзелам РАУС і г.д., каб даць чалавеку абгрунтаванае тлумачэнне.
Разам з тым вялікае месца ў коле клопатаў Т.А.Шчурскай займае архіўная работа.
— Ведаеце, яна мне таксама вельмі падабаецца, — кажа Тамара Аляксандраўна. – Працуючы з архівамі, многае даведваешся пра гісторыю кожнай канкрэтнай сям’і, а ці ж гэта можа быць нецікава?
— У нашым архіве – дакументы пастаяннага ці даўгатэрміновага захоўвання і многія іншыя, — працягвае мая суразмоўца. – Асаблівая ўвага надаецца пагаспадарчым кнігам, якія захоўваюцца ў сельвыканкаме з 1944 года. У іх можна знайсці звесткі пра домаўладальнікаў і іх сем’і, пра само домаўладанне і зямельны ўчастак пры ім. Нават пра тое, колькі гаспадары атрымлівалі на сваёй сядзібе прадукцыі! На тэрыторыі нашага сельсавета жыве сёння каля 1600 чалавек, і ўявіце сабе, колькі матэрыялу работнікам выканкама трэба апрацаваць для пагаспадарчых кніг, ёсць электронны варыянт іх. Менавіта на падставе запісаў у кнігах выдаюцца рознага роду даведкі, адказы на запыты. Ураджэнцы нашых мясцін звяртаюцца ў сельвыканкам цераз пасольствы, бываюць тэлефонныя званкі з Расіі, іншых краін СНД. Людзі тэлефануюць і пішуць, напрыклад, па пытаннях надбавак да пенсій, маюць іншыя просьбы. Падчас толькі наш архіўны дакумент можа дапамагчы чалавеку вырашыць асабістую праблему. Адсюль, думаю, зразумела, наколькі важным з’яўляецца любы запіс. Ён у літаральным сэнсе можа аднавіць справядлівасць, паўплываць на лёс чалавека.
Добра разумеючы гэта, Тамара Аляксандраўна вялікую ўвагу надае якраз правільнай, дакладнай апрацоўцы архіўных дакументаў, парадку іх захоўвання.
Марыя ДРАПЕЗА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *